Top.Mail.Ru

Больш за 40 беларускіх школьнікаў возьмуць удзел у «Цягніку Памяці»

Дакрануцца да гісторыі на саюзным маршруце.


22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, у Брэсцкай крэпасці традыцыйна стартуе культурна-адукацыйная патрыятычная акцыя «Цягнік Памяці». Каля 200 хлопцаў і дзяўчат, у тым ліку чатыры дзясяткі школьнікаў з нашай краіны, наведаюць 15 гарадоў Беларусі і Расіі. Завершыцца падарожжа 5 ліпеня ў Маскве. Сёлета праект прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне,таму ў склад пасажыраў увойдуць нашчадкі пераможцаў — прадстаўнікі народаў усіх 15 рэспублік былога СССР, якія разам змагаліся супраць гітлераўскай Германіі. Ва ўсіх гарадах гістарычнага маршруту для школьнікаў падрыхтавана насычаная праграма — гэта як мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці, так і культурна-забаўляльныя акцыі і экскурсіі.

18-25 копия.jpg

Гісторыя і геаграфія

Нагадаем, што першы «Цягнік Памяці» адправіўся ў падарожжа са школьнікамі ў 2022 годзе. Праект быў ініцыяваны кіраўнікамі Савета Рэспублікі Беларусі і Савета Федэрацыі Расіі Наталляй Качанавай і Валянцінай Матвіенка. Яго мэта — здружыць дзяцей з розных краін, нагадаць пра гісторыю і подзвіг брацкіх народаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Гэта ініцыятыва паказала сваю эфектыўнасць і выніковасць. Акцыя аб’ядноўвае моладзь, дазваляе хлопцам і дзяўчатам рэалізаваць творчы і інтэлектуальны патэнцыял, завесці новыя знаёмствы, несці ідэі сваёй краіны, бо менавіта моладзь з’яўляецца правадніком ідэалогіі нашай дзяржавы, — адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Віктар ФІЛІПЕНКА.

Па выніках рэспубліканскага конкурсу «Я патрыёт сваёй краіны» маладыя людзі дэманстравалі свае творчыя здольнасці, прэзентавалі вынікі даследчай работы. Ім прапаноўвалася прайсці тры конкурсныя выпрабаванні: візітоўка, партфоліа і эсэ, прысвечанае 80-годдзю Вялікай Перамогі. Адбор праходзіў у некалькі этапаў. У ім паўдзельнічала каля 9 тысяч школьнікаў. У выніку са 105 фіналістаў абласных этапаў на рэспубліканскім было абрана 40 пераможцаў. Усяго ў акцыі бяруць удзел каля 200 школьнікаў з розных краін свету.

Дарэчы, геаграфія краін-удзельніц праекта год ад году пашыраецца. Летась, напрыклад, да пасажыраў «Цягніка Памяці» далучыліся школьнікі з Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана.

— Гісторыя акцыі пачалася ў 2022 годзе з удзелу хлопчыкаў і дзяўчынак Беларусі і Расіі. У далейшым на працягу трох гадоў геаграфія пашыралася, колькасць удзельнікаў павялічвалася. Летась было ўжо 8 дзяржаў. Сёлета ў рамках мерапрыемстваў, якія пройдуць у пачатку акцыі «Цягнік Памяці», колькасць краін стане яшчэ большай, — адзначыў Віктар Філіпенка.

Маршрут «Цягніка Памяці» заўсёды ўключае ўнікальныя месцы. Арганізатары прадугледзелі такія аб’екты, якія маюць асаблівы сімвалізм у гісторыі Вялікай Перамогі. Сёлета яны вельмі старанна падышлі да падбору рэгіянальных праграм, таму для ўдзельнікаў будуць прадугледжаны пункты на карце, якія ўсім вядомыя, але пры гэтым змяшчаюць унікальныя звесткі і інфармацыю аб славутасцях, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.

Экзамен для педагогаў

Адбор для ўдзелу ў праекце праходзілі не толькі школьнікі, але і педагогі, якія будуць суправаджаць дзяцей у якасці важатых. Усе ахвотныя настаўнікі паўдзельнічалі ў конкурсе «Перамогу шануем, герояў памятаем», арганізаваным Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтрам «Зубраня». Ён праводзіўся ў тры этапы. Педагогі прадставілі відэавізітоўку, а таксама свае прапановы па арганізацыйна-метадычных мерапрыемствах, якія будуць праводзіцца падчас падарожжа. Сярод патрабаванняў да прэтэндэнтаў — вышэйшая педагагічная адукацыя, вопыт работы не меншы за тры гады, у тым ліку ў выхаваўча-аздараўленчых установах краіны.

Як расказаў загадчык аддзела вучэбнай работы Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» Ігар НОВІКАЎ, на працягу ўсяго маршруту важатыя будуць арганізоўваць вольны час школьнікаў, праводзячы ў тым ліку конкурсы, віктарыны і інш. Канцэлярскія прылады, настольныя гульні і нават музычныя інструменты для гэтага загадзя падрыхтаваны.

— Як удзельнік другога «Цягніка Памяці» адзначу, што сяброўства, якое завязваецца падчас такога падарожжа, застаецца надоўга. Чаты, якія мы тады стварылі, жывыя дагэтуль — мы кантактуем, віншуем адзін аднаго са святамі, прыязджаем у госці да расіян, а яны — да нас, — падзяліўся Ігар Новікаў.

Сярод настаўнікаў, якія паедуць у гістарычнае падарожжа ад нашай краіны, і педагог-арганізатар сталічнай гімназіі № 30 Кацярына ВАРАНКОВА. Яна прызналася, што канкурэнцыя была сур’ёзнай: з 14 фіналістаў выбралі ўсяго чатырох найлепшых.
— Мне складана было ўмясціць у тры хвіліны ўсе свае дасягненні, — усміхаецца Кацярына. — Асабіста мне матывацыя дапамагае дасягаць пастаўленай мэты. З нецярпеннем чакаю, калі пазнаёмлюся са сваімі дзецьмі. Падрыхтавала цікавыя гульні з элементамі трэнінгаў.

Алена КРАВЕЦ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю