Больш за 50 аўтобусаў закуплена да новага навучальнага года для сістэмы адукацыі Мінскай вобласці. Пра гэта паведаміў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка падчас канферэнцыі педагагічных работнікаў у Клецку, паведамляе БелТА.
Аляксей Кушнарэнка адзначыў, што адукацыя і выхаванне моладзі — адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. «У гэтым годзе мы працягваем інвеставаць у адукацыю, накіроўваючы каля 30 % расходнай часткі бюджэту на гэту ключавую сферу. У працэсе падрыхтоўкі да новага навучальнага года праведзены бягучыя рамонтныя работы, закуплена больш за паўсотні новых аўтобусаў для забеспячэння бяспечных і камфортных умоў падвозу да навучальных устаноў», — расказаў ён.
Паводле яго слоў, у вобласці таксама створаны ўмовы для камфортнай працы педагогаў, вырашэння іх бытавых пытанняў. У Мінскім раёне знаходзіцца арэндны дом для настаўнікаў, у сямі раёнах маладым спецыялістам прадастаўлена арэнднае жыллё.
Да пачатку пленарнага пасяджэння старшыня аблвыканкама азнаёміўся з выставай, на якой свае дасягненні прадставіла сістэма адукацыі рэгіёна. «Хачу падзякаваць за неабыякавасць і сістэмны падыход, за рэалізацыю шэрагу ініцыятыў. Так, экалагічныя праекты ў Год добраўпарадкавання прывіваюць у падрастаючага пакалення пачуццё прыгожага, любоў да сваёй зямлі, жаданне захаваць планету для будучыні. Папулярызацыя здаровага ладу жыцця, прыцягненне моладзі да заняткаў спортам таксама знаходзяць адлюстраванне ў вашай дзейнасці. Хацеў бы адзначыць прымяненне педагогамі ў сваёй рабоце лічбавых тэхналогій, пашырэнне выкарыстання штучнага інтэлекту», — звярнуўся ён да педагогаў.
«У год 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне праведзены цэлы комплекс мерапрыемстваў па захаванні гістарычнай памяці і патрыятычным выхаванні, стварэнні тэматычных альманахаў», — дадаў Аляксей Кушнарэнка.
Традыцыйная жнівеньская канферэнцыя педагагічных работнікаў Мінскай вобласці сёлета праходзіць у Клецку. Падчас яе ўшаноўвалі найлепшых педагогаў вобласці, ветэранаў педагагічнай працы і маладых спецыялістаў, якія толькі пачынаюць сваю кар’еру ў цэнтральным рэгіёне. Падведзены вынікі папярэдняга навучальнага года і вызначаны кірункі развіцця сістэмы адукацыі Міншчыны.
Фота Таццяны Матусевіч