Top.Mail.Ru

Больш за 500 заявак пададзена на ўдзел у сёлетняй кніжнай выставе-кірмашы

На удзел у ХХХІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы пададзена больш за 500 заявак з 20 краін. Пра гэта паведаміў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Езерскі. Але галоўная ўвага, як і Цэнтральны стэнд, будзе скіравана на інтэрактыўнай калектыўнай экспазіцыі дзяржаў-удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза.


— У 2025 годзе Рэспубліка Беларусь старшынствуе ў органах ЕАЭС, таму цэнтральным экспанентам будзе стэнд яго краін-удзельніц, — адзначыў Дзяніс Езерскі. — Кожная з пяці краін атрымала магчымасць пазнаёміць гасцей выстаўкі са самімі культурнымі і літаратурнымі традыцыямі. Пасольствы пяці дзяржаў актыўна адгукнуліся на прапанову, і я ўпэўнены, што ўсе, хто будзе сведкам прэзентацый у дні працы выстаўкі, адкрыюць для сябе гэтыя краіны з іншага боку. 

Такім чынам 12 сакавіка разам з адкрыццём выстаўкі чакаем правядзенне Дня Рэспублікі Казахстан. 13 сакавіка пройдзе Дзень Кыргызскай Рэспублікі, 14 — Расійскай Федэрацыі. 15 сакавіка прадставіць сябе гаспадыня, Рэспубліка Беларусь. На 16 сакавіка запланаваны Дзень Рэспублікі Арменія. У межах нацыянальных прэзентацый будзе шмат цікавых кніжных праектаў, напрыклад, «Казахстан — Беларусь: мерыдыяны дружбы», альбо «1941. Брэсцкая крэпасць. Казахстан», прысвечаная абаронцам казахскага паходжання. А пасольства Кыргызскай Рэспублікі сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі правядзе прэзентацыю, прысвечаную творчасці Чынгіза Айтматава. З Расійскай Федэрацыі наогул да нас едзе «кніжны цягнік» — ён даставіць больш за 50 пісьменнікаў, літаратараў, публіцыстаў, якія возьмуць удзел у прэзентацыях і міжнародным сімпозіуме «Пісьменнік і час». 

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч распавёў: 

— Сімпозіум «Пісьменнік і час» сёлета прысвечаны тэме «Культура і інфармацыя як кірункі развіцця гуманітарнай прасторы». Сёлета да нас на сімпозіум прыедуць калегі з Расійскай Федэрацыі, прычым, не толькі кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Расіі на чале з Уладзімірам Мядзінскім, але і прадстаўнікі літаратурнай супольнасці розных рэгіёнаў РФ. Запрошаны публіцысты, перакладчыкі, паэты, празаікі, якія даўно супрацоўнічаюць з пісьменніцкай супольнасцю Рэспублікі Беларусь. Яны перакладаюць і папулярызуюць беларускую літаратуру ў сябе на радзіме. 

Адметна, што сёлета удзельнічаць у беларускай кніжнай выставе-кірмашы пажадалі Арабскія Эміраты і Куба. Традыцыйна на выставе будзе працаваць «Міжнародны квартал». Але не менш значны і «Адукацыйны квартал». 

Выдавецтва «Беларусь» прадставіць на выстаўцы-кірмашы рэзананснае выданне «Наш Прэзідэнт», і кнігу «Сімвалы суверэннай Беларусі», выдадзеную пры падтрымцы Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства інфармацыі краіны. 

Сёлета наша краіна прадставіць калектыўны рэгіянальны стэнд, таму што кніжнае жыццё віруе не толькі ў сталіцы, але і рэспубліцы наогул — ёсць цікавыя выдавецтвы, аўтары і кнігі, якія дапоўняць агульную карціну кніжнай галіны Беларусі. 

Прэзентацыі, аўтограф-сесіі і бяспройгрышная латарэя ад «Звязды»

«Звязда» на сёлетняй выстаўцы таксама рыхтуецца да сустрэчы з наведвальнікамі кніжнай выставы. Як распавяла намеснік дырэктара РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» Святлана Ганцарэвіч, наведвальнікі нашага стэнда змогуць пазнаёміцца з кніжнымі навінкамі і набыць самую разнастайную літаратуру. На галоўным стэндзе запланаваны прэзентацыі кніг Мікалая Чаргінца, Аляксандра Радзькова, Валерыі Сцяцко, Людмілы Гладкай, Алесі Кузняцовай. На дзяцячай пляцоўцы з удзелам аўтараў пройдуць прэзентацыі кніг Людмілы Кебіч, Таццяны Сучковай, Іны Фраловай, Тамары Кавальчук і іншых.

Яшчэ на стэндзе выдавецтва пройдуць аўтограф-сесіі з удзелам дзіцячай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, прэзентацыі і аўтограф-сесія Рагнеда Малахоўскага, Валянціны Быстрымовіч, Ганны Альхоўскай, Сяргея Клімковіча, Віктара Шніпа і Людмілы Рублеўскай.

Вядома, не абыдзецца і без акцый. Так, у рамках выстаўкі ўсе жадаючыя змогуць набыць кнігі па даступнай цане, паўдзельнічаць у віктарыне прысвечанай 80-годдзю Перамогі і ў бяспройгрышнай латарэі, а пасля атрымаць памятныя прызы і сувеніры.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю