Больш за 580 чалавек атрымалі 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, якое прайшло ў Беларусі 2 і 5 чэрвеня. Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.
У гэтыя два дні больш за 66 тыс. чалавек здавалі цэнтралізаванае тэсціраванне па васьмі вучэбных прадметах. Максімальны вынік — 100 балаў — паказалі 583 чалавекі. Больш за ўсё стабальнікаў па матэматыцы — 216, замежнай мове — 197 (з іх 169 здавалі англійскую), хіміі — 59. «Адзначым упэўнены рост у фізіцы, сёлета прадмет з максімальным вынікам здалі 43 удзельнікі, летась такіх было 11», — праінфармавалі ў прэс-службе.
Сярод прадметаў з самым высокім сярэднім балам геаграфія (66,4), грамадазнаўства (61,2), біялогія (57,7). Складаней за ўсё сёлета далася матэматыка (сярэдні бал 46,1), гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі (сярэдні бал 46,2), хімія (сярэдні бал 48,8).
За два дні тэсціравання за парушэнне правілаў выдаленыя 22 удзельнікі, у асноўным за выкарыстанне смартфонаў і шпаргалак. Яшчэ 8 чалавек не завяршылі тэст па медыцынскіх прычынах.