Брэнд з цёплым імем «СВАЁ» стварыў адзін з найбуйнейшых у Беларусі рэтэйлераў — «Еўрагандаль». Галоўная ідэя новага брэнда — «чысціня рэцэпту і сумленне ў кожнай дэталі».
— Да фарміравання асартыменту «СВАЁ» мы падыходзілі вельмі ўважліва. Брэнд стаў вынікам прафесійнай ацэнкі і адбору. Набываючы такую прадукцыю, пакупнікі могуць быць упэўнены, што за гэтым стаіць вялікая работа па захаванні якасных характарыстык, — падкрэслівае камерцыйны дырэктар кампаніі «Еўрагандаль» Аляксандр Шуляк. — Для нас гэта знакавы праект, які аб’ядноўвае пад адной маркай усё самае лепшае, што вырабляецца беларускімі прадпрыемствамі.
Убачыўшы надпіс «СВАЁ» на ўпакоўцы, пакупнік можа быць упэўнены: тое, што трымае ў руках, дакладна выраблена на нашай зямлі, з высакаякаснай айчыннай сыравіны, з захаваннем усіх тэхналагічных нюансаў і кантролем якасці на кожным этапе вытворчасці, адзначае ён.
«СВАЁ» — бліжэй
— Калі мы пачыналі праект, было шмат меркаванняў, што гэта чарговы лагатып на паліцы, — расказаў Аляксандр Шуляк. — Але рэальнасць значна маштабней. Брэнд ужо прапануе больш за 60 таварных пазіцый, якія прадстаўляюць 50 айчынных вытворцаў.
І гэта — не выпадковы набор, а свядомы, карпатлівы выбар.
— Усе гэтыя тавары прайшлі шматступеньчаты адбор. Мы хочам быць упэўненыя ў іх: калі ўжо дэкларуем якасць, гэта павінна быць сумленна. Таму для нас настолькі важна, як вырабляецца кожны тавар брэнда «СВАЁ» — на якіх лініях, з якой сыравіны. Выязджаем на вытворчасць, выбудоўваем зносіны з кіраўнікамі і тэхнолагамі, кантралюем упакоўку і маркіроўку, смакавыя якасці і знешні выгляд прадукту. Таму, калі тавар быў дапушчаны на паліцу пад брэндам «СВАЁ», гэта сапраўды якасць, за якую нам не сорамна.
Новы брэнд вырашае дзве асноўныя задачы: з аднаго боку, падтрымлівае айчыннага вытворцу і дае яму магчымасць яшчэ раз заявіць пра сябе, з другога — дазваляе пакупніку рабіць свядомы выбар на карысць найбольш якасных беларускіх тавараў.
У далейшым маштабны праект аб’яднае пад адзіным імем шырокі асартымент тавараў айчыннай вытворчасці ў самых розных катэгорыях — ад прадуктаў харчавання і напояў да адзення і прадметаў інтэр’еру.
Філасофія новага брэнда — у гарманічным спалучэнні традыцый смаку і якасці і сучасных тэхналогій.
— Нашы партнёры-вытворцы праявілі неверагодную настойлівасць, уцягнутасць і азарт, — распавяла камерцыйны дырэктар кампаніі «Еўрагандаль» Святлана Кажамяка. — У гэтым сумесным працэсе і нарадзіўся той вынік, якім мы па-сапраўднаму ганарымся.
Культура ўсвядомленага выбару
Працу над стварэннем брэнда «СВАЁ» прадстаўнікі прадпрыемстваў-вытворцаў называюць няпростай, але цікавай і вельмі карыснай.
— Для нас гандлёвыя сеткі кампаніі «Еўрагандаль» — сінонім надзейнасці і высокіх стандартаў, магчымасць прамога дыялогу з шматмільённай аўдыторыяй спажыўцоў, — кажа першы намеснік дырэктара ААТ «Чырвоны харчавік» Аляксандр Гарбаценка. — Пад брэндам «СВАЁ» наша фабрыка выпускае зефір бела-ружовы і ванільны, зефір у шакаладзе, мармелад, жэлейныя цукеркі. За кожным этапам вытворчасці стаіць пільны адбор сыравіны, сучасныя тэхналогіі і найстражэйшы кантроль якасці.
На каштоўнасць для прадпрыемства ўдзелу ў праекце «СВАЁ» звярнула ўвагу і прадстаўнік Слуцкага сыраробнага камбіната.
— Калі «Еўрагандаль» прапанаваў далучыцца да праекта, мы разумелі, што ўваходны парог будзе вельмі высокім, — сказала намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» Кацярына Лапцева. —Ацэньвалася ўсё — ад рэцэптур, тэхналогій, санітарных працэсаў да смаку і вонкавага выгляду кожнага вырабу.
Брэнд «СВАЁ» унікальны тым, што фарміруе культуру ўсвядомленага выбару на карысць айчынных тавараў — але не па звычцы, а зыходзячы з павагі да ўкладзенай працы і ўпэўненасці ў выніку. Праект дазваляе на сучаснай мове, праз адзіны сумленны стандарт яшчэ раз расказаць пакупніку пра беларускую прадукцыю, яе найвышэйшую якасць і ўнікальныя традыцыі вытворчасці.
Аляксандра Анцэлевіч.
УНП 101168731.