Top.Mail.Ru

Больш за 600 тысяч чалавек прайшлі лячэнне і аздараўленне ў здраўніцах Беларусі летам

Адпрацавалі з максімальнай загрузкай


Добра вядома, што попыт на адпачынак і аздараўленне ў нашых санаторыях вельмі высокі, прычым не толькі сярод мясцовых жыхароў, але і замежнікаў. Беларусь прыцягвае сваімі хваёвымі лясамі, маляўнічымі азёрамі, найчысцейшым паветрам і выдатным сэрвісам. Гэту думку пацвярджаюць і лічбы: летам 2026 года запаўняльнасць беларускіх санаторыяў была максімальнай — больш за 90 %. Гэтымі данымі падзяліўся дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь БАЛБАТОЎСКІ.


— Лячэнне і аздараўленне ў нашых установах прайшло больш за 600 тысяч чалавек, — расказаў ён падчас прэс-канферэнцыі. — Калі гаварыць пра восеньскі перыяд, магу канстатаваць: на працягу апошніх некалькіх гадоў верасень быў загружаны гэтак жа, як і летнія месяцы. Па лістападзе мы фіксуем продаж пуцёвак на ўзроўні 74 %. Попытам карыстаецца і навагодні перыяд.

Калі гаварыць пра прамежкавыя вынікі дзевяці месяцаў, выручка за лячэбна-аздараўленчыя паслугі вырасла на 12 % і перавысіла 1 мільярд 88 мільёнаў рублёў, паведаміў Генадзь Балбатоўскі.


— Адзначаецца таксама станоўчая дынаміка па экспарце паслуг, — падкрэсліў ён. — У нас адпачылі 200 тысяч замежных грамадзян, выручка ад экспарту вырасла на 15 % і склала 476 мільёнаў рублёў.

За дзевяць месяцаў мы таксама адзначаем станоўчую дынаміку па развіцці і ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы здраўніц. Санаторыямі на куплю абсталявання, будаўніцтва і рэканструкцыю было выдаткавана сёлета ў 1,5 раза больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Гэта сума за 9 месяцаў склала 194 мільёны рублёў. Для параўнання летась — менш за 140 мільёнаў рублёў.


Гэта стала ў тым ліку следствам рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы па развіцці турызму да 2030 года, адзначыў спікер.

— Каля 70 працэнтаў ад агульнай сумы адносяцца да санаторна-курортнага комплексу, перад якім стаіць задача па павелічэнні ложкавай магутнасці на 30 працэнтаў. Дарэчы, літаральна на мінулым тыдні адкрыўся новы корпус санаторыя «Рассвет» у Мінскай вобласці, — расказаў Генадзь Балбатоўскі.

Сярэдняя цана комплексу лячэбна-аздараўленчых паслуг за суткі на аднаго чалавека ў стандартным двухмесным нумары складала летам, у перыяд павышанага попыту, 155 рублёў. У чацвёртым квартале прагназуецца змяненне цаны за кошт скідак. А вось суткі ў санаторыі на навагоднія і калядныя святы абыдуцца аднаму чалавеку ў сярэднім прыкладна ў 170 рублёў.


Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, найбольшай папулярнасцю карыстаюцца профілі лячэння, звязаныя з прыродным патэнцыялам краіны, — лячэбнымі гразямі і мінеральнымі водамі. На тэрыторыі нашых санаторыяў функцыянуе больш за 90 свідравін з мінеральнай вадой, асноўная частка па хімічным саставе накіравана на лячэнне захворванняў органаў стрававання. На другім месцы — праблемы з апорна-рухальным апаратам і неўралагічнага профілю, бо выкарыстанне сапрапеляў Беларусі дае вельмі добры медыцынскі эфект.


Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю