Менавіта такія лічбы агучыў БелТА старшыня Беларускага камітэта маладзёжных арганізацый Павел АЛЕКСА, каментуючы даныя анлайн-апытання БКМА «Беларусь будучыні — выбар маладых».
Як заўважыў старшыня БКМА, маладыя людзі ўсведамляюць значнасць гэтай электаральнай кампаніі для вызначэння сваёй будучыні і высокую ролю ў гэтым пытанні Прэзідэнта краіны, якога ўспрымаюць як гаранта рэалізацыі сваіх чаканняў. Па выніках сацапытання 76,7 % рэспандэнтаў зазначылі, што плануюць паўдзельнічаць у выбарах кіраўніка дзяржавы, 17,8 % — пакуль не вызначыліся, а «не» адказалі толькі 5,5 %.
«Дадзеныя лічбы гавораць аб павышэнні грамадзянскай актыўнасці, паколькі мы бачым, што дастаткова высокі працэнт моладзі ўжо выказвае жаданне прыйсці на выбарчыя ўчасткі. Гэта сведчыць аб тым, што людзі разумеюць каштоўнасць кожнага голасу і важнасць іх удзелу ў выбарчым працэсе. Бо, выконваючы свой грамадзянскі абавязак, аддаючы свой голас, яны ўплываюць на грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне, на сваю будучыню. І імкнуцца гэту магчымасць максімальна выкарыстоўваць, — адзначыў Павел Алекса. — Мы бачым, што ў грамадстве сфарміраваўся запыт на рэалізацыю сваіх правоў, абавязкаў, абарону інтарэсаў праз грамадзянскую актыўнасць: членства ў палітычных партыях і грамадскіх аб’яднаннях і, вядома ж, актыўны ўдзел у грамадска-палітычных падзеях у нашай краіне, у тым ліку ў выбарах».
Таксама былі пытанні наконт задач, на якіх павінен засяродзіцца выбраны Прэзідэнт. Адказаўшы на іх, моладзь вылучае па ступені прыярытэтнасці: забеспячэнне міру і бяспекі (67,7 %), рост дабрабыту грамадзян (48,1 %), барацьбу з інфляцыяй і ростам цэн (41,8 %), эканамічны ўздым і рост вытворчасці (32,3 %), умацаванне пазіцый Беларусі на міжнароднай арэне (23,5 %).
«Тут трэба ў прынцыпе глядзець на настрой грамадства апошнім часам. У нас гэта не першае даследаванне, якое праводзіцца па падобнай тэматыцы. І сапраўды, у людзей сёння пераважаюць агульнаграмадзянскія каштоўнасці, такія як мір і бяспека, здароўе, сацыяльны дабрабыт свой і членаў сям’і. У нас грамадства ўстойлівае і стабільнае. Кожны ведае, што ён можа разлічваць на бясплатную адукацыю, медыцыну, першае працоўнае месца. Гэта пэўныя гаранты, якія ўвасабляюць базавыя патрэбы грамадзян», — дапоўніў Павел Алекса.
Такім чынам, абагульняльныя вынікі сацапытання сведчаць аб тым, што беларуская моладзь цэніць існуючую і ўстойлівую мадэль дзяржавы як інстытута, здольнага задаволіць іх чаканні.
Апытанне праводзілася з 16 снежня 2024 года да 3 студзеня 2025-га Беларускім камітэтам маладзёжных арганізацый. Сярод апытаных (7260 чалавек) — навучэнцы школ і ўстаноў сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі (14–17 гадоў), студэнты і маладыя даследчыкі (18–25 гадоў), працоўная моладзь (25–31 год). Гэта ўжо пакаленне, якое сфарміравалася ў гады суверэннага развіцця незалежнай Беларусі, і час іх жыцця — гэта перыяд паступальнага развіцця краіны і росту дабрабыту насельніцтва.