Больш за 800 прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, якія пражываюць у Беларусі, пройдуць у маляўнічым шэсці ў першы дзень XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, заключныя мерапрыемствы якога 5 і 6 чэрвеня адбудуцца ў Гродне. Аб гэтым расказаў мастацкі кіраўнік фестывалю Валерый Грамада, паведамляе БелТА.
«Маштабнае тэатралізаванае шэсце нацыянальнасцей аб’яднае 800 чалавек. Гэта будуць удзельнікі фестывалю: старшыні нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікі і ўдзельнікі творчых калектываў, якія пранясуць паясы з традыцыйнымі арнаментамі. Ужо на сцэне з гэтых паясоў збяруць унікальны касцюм — сімвал адзінства ўсіх нацыянальнасцей, якія пражываюць на беларускай зямлі», — сказаў Валерый Грамада.
Удзельнікі шэсця пранясуць вялікі беларускі флаг, а флаг фестывалю ў Год беларускай жанчыны будзе ў руках у прадстаўніц нацыянальных аб’яднанняў.
«Да 30-годдзя шматнацыянальнага свята створаны новая фестывальная фанфара і лейтматыў. Падрыхтаваны дакументальны фільм аб гісторыі фестывалю, — адзначыў Валерый Грамада. — На заключных мерапрыемствах будуць прадстаўлены найлепшыя творчыя нумары нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў, якія прайшлі сур’ёзны конкурсны адбор. У гэтым годзе пры фарміраванні праграмы мы зрабілі ўпор менавіта на творчасць прадстаўнікоў нацыянальных культур».
Як расказаў спікер, у канцэрце адкрыцця прымуць удзел вядомыя беларускія выканаўцы і калектывы: заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, Вольга Булай, Уладзімір Аруцюнян, Гюнеш, Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі ім. Г.І. Цітовіча, заслужаныя калектывы Рэспублікі Беларусь ансамблі «Белыя расы» і «Бяседа» і іншыя.
«Гэтыя канцэрты заўсёды выклікалі нязменную цікавасць публікі. Думаю, сёлета мы, як заўсёды, здзівім і парадуем нашых гледачоў творчасцю, якая будзе прадстаўлена на галоўнай сцэне фестывалю», — рэзюмаваў Валерый Грамада.