На маштабны турнір, які спалучае лічбавыя тэхналогіі і класічны спорт, заявілася звыш 800 удзельнікаў з больш як 50 краін. Спаборніцтвы прымуць чатыры сталічныя пляцоўкі: лёгкаатлетычны СК Qazaqstan, Палац адзінаборстваў імя Жаксылыка Ушкемпірава, Нацыянальны тэнісны цэнтр Beeline Arena і шматфункцыянальная «Барыс Арэна».
Прызёры Гульняў Будучыні вызначацца ў васьмі дысцыплінах. У фіджытал-футболе, фіджытал-баскетболе і фіджытал-файтынгу ігракі пачнуць паядынкі ў спартыўных сімулятарах, пасля чаго прадоўжаць высвятляць адносіны на рэальных пляцоўках. У фіджытал-танцах удзельнікі будуць спаборнічаць у дакладнасці паўтарэння рухаў за віртуальным персанажам на экране.
Фіджытал-шутар аб’яднае лічбавы этап (матч у Counter Strike 2 на ПК) і фізічную фазу (бітва на арэне ў лазертаг). Таксама ў рамках форуму пройдуць турніры па камп’ютарных гульнях Dota 2 і PUBG: Battlegrounds і мабільнай відэагульні Mobile Legends: Bang Bang (MLBB).
У Казахстане беларусы будуць прадстаўлены ў трох відах праграмы. У спаборніцтвах па фіджытал-баскетболе прыме ўдзел БК «Мінск» (29 ліпеня — 3 жніўня), за прызы ў фіджытал-шутары паспрачаецца каманда Minsk House (з 4 па 8 жніўня), а Данііл Чарапко выступіць у фіджытал-танцах (6 і 7 жніўня).
Мультыспартыўны форум у Астане стане трэцім па ліку, агульны прызавы фонд складзе $4,75 млн. Першыя Гульні Будучыні прайшлі ў 2024 годзе ў Казані, год таму іх прымала сталіца Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі.