Такія даныя агучыла старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа, член Савета Рэспублікі Ала Смаляк на пасяджэнні Прэзідыума абласной арганізацыі БЧК, дзе разглядаліся вынікі дзейнасці арганізацыі ў 2025 годзе, перадае БелТА.
Як адзначыла кіраўнік, арганізацыя аб’ядноўвае 25 раённых структур і 1509 пярвічак. «Цяпер у нас звыш 210 тыс. членаў грамадства, а гэта 15,8 % насельніцтва вобласці. Нашы шэрагі ў 2025 годзе папоўнілі 7,07 тыс. новых членаў», — расказала яна.
«Мы пашыраем нашы праекты, праграмы, каб аказваць дапамогу людзям яшчэ больш. Гэта і тыя паслугі, якія мы даём у раённых арганізацыях Чырвонага Крыжа, гэта і гуманітарная дапамога, і дапамога шматдзетным сем’ям, інвалідам, і догляд дома, і навучанне догляду дома з элементамі кінестэтыкс, аказанню першай дапамогі і іншае», — пералічыла Ала Смаляк.
Па словах старшыні, Чырвоны Крыж сёння працуе ў самых розных сферах. «Ад паліятыўнай дапамогі і гуманітарнай асветы да дапамогі ў надзвычайных сітуацыях», — канкрэтызавала яна.
«Мы пастаянна працуем над умацаваннем патэнцыялу па падрыхтоўцы і рэагаванні да надзвычайных сітуацый. Сумесна з МНС праводзіцца прафілактычная работа, накіраваная на папярэджанне пажараў і паводак. На базе абласной арганізацыі створаны запас на выпадак НС: ежа, сродкі гігіены, цёплае адзенне, коўдры, пасцельныя рэчы. Ён пастаянна папаўняецца, для таго каб у максімальна кароткія тэрміны аказаць дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Дзейнічаюць 5 каманд рэагавання на НС», — звярнула ўвагу кіраўнік.
Аператыўна зрэагавалі супрацоўнікі, валанцёры Чырвонага Крыжа пасля выбуху газапаветранай сумесі ў шматпавярховым доме ў Гомелі ў снежні мінулага года. «Быў разгорнуты кругласутачны мабільны пункт дапамогі пацярпелым. У палатцы падавалі гарачую гарбату, печыва, бутэрброды, гарачае харчаванне. Аказвалася псіхасацыяльная падтрымка. Была арганізавана і работа з жыхарамі, якіх размясцілі ў гасцініцы. Аказвалася дапамога пацярпелым і ў раённых арганізацыях Беларускага Чырвонага Крыжа, дзе людзям далі ўсё самае неабходнае. Быў аб'яўлены і збор ахвяраванняў для аказання дапамогі пацярпелым», — зрабіла акцэнт Ала Смаляк.
«Мы не павінны спыняцца на дасягнутым, — дадала кіраўнік. — Наперадзе ў нас пяцігодка якасці. А 2026-ы аб’яўлены Прэзідэнтам Годам беларускай жанчыны. Упор трэба рабіць на прапаганду здаровага ладу жыцця, дапамозе маці, маладым, пажылым. Удзяліць увагу нараджальнасці, догляду немаўлят».
Ала Смаляк таксама нагадала, што ў 2026 годзе беларускі Чырвоны Крыж адзначае 105-годдзе, і падзякавала супрацоўнікам, валанцёрам, партнёрам арганізацыі за дапамогу, міласэрнасць, добрыя справы.