Top.Mail.Ru

Больш за 90 % работ выканана на будаўніцтве Нацыянальнага гістарычнага музея

На будаўніцтве Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі выканана больш за 90 % работ, паведамілі БелТА ў ААТ «Будаўнічы трэст 4» філіяла «СУ-7».


Завершана абліцоўванне фасада будынка. На галоўнай уваходнай групе застаецца ўстанавіць два барэльефы. Вядзецца чыставое аздабленне ўнутраных памяшканняў, мантаж электратэхнічнага абсталявання і свяцілень, устаноўка мультымедыйных экранаў, частка з якіх ужо функцыянуе.

У выставачных залах выконваецца ўладкаванне канструкцый столі, шліфоўка і паліроўка падлогі, а таксама дэкаратыўнае афармленне інтэр’ераў у нацыянальным стылі. Паралельна працягваюцца пусканаладачныя работы інжынерных сістэм, уключаючы вентыляцыю.


На аб’екце задзейнічана каля 320 спецыялістаў ААТ «Будаўнічы трэст 4 „філіяла“ СУ-7» і іншых будаўнічых арганізацый.

Працягваецца добраўпарадкаванне парку Народнага адзінства, дзе выканана да 85 % запланаваных работ.

Узвядзенне Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і парку Народнага адзінства пачалося ў лютым 2025-га, завяршэнне плануецца ўжо ў 2026 годзе. Будынак музея будзе мець абрысы карты Беларусі. Экспазіцыя зойме 12 залаў, дзе прадставяць гісторыю беларускага народа ад старажытнасці да нашых дзён. Для наведвальнікаў рыхтуюць інтэрактыўныя элементы, QR-коды і мультымедыйныя рашэнні для поўнага паглыблення ў гісторыю.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю