У Брэсцкай вобласці арганізацыі спажывецкай кааперацыі ў гэтым годзе набылі 11 аўтамагазінаў. Такая інфармацыя агучана падчас пасяджэння Брэсцкага аблвыканкама, перадае БелТА.
На пасяджэнні абмеркавалі эфектыўнасць работы арганізацый спажыўкааперацыі паўднёва-заходняга рэгіёна. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык акцэнтаваў увагу на асаблівай ролі спажывецкай кааперацыі ў абслугоўванні жыхароў сельскай мясцовасці, дзе неабходна забяспечыць дастатковую колькасць аўтамагазінаў, разнастайны асартымент на прылаўках.
«Немалыя інвестыцыі ўкладваем у абнаўленне матэрыяльнай базы гандлёвай галіны. Праведзена мадэрнізацыя 13 аб’ектаў з заменай гандлёвага, халадзільнага абсталявання. Выкананы бягучы рамонт 20», — расказала старшыня праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза Вольга Ількавец. Набыта 513 камплектаў касавага абсталявання для правядзення аўтаматызацыі гандлёвых аб’ектаў.
Новыя аўтамагазіны курсіруюць па Баранавіцкім, Іванаўскім, Кобрынскім, Ляхавіцкім, Пружанскім і Столінскім раёнах. Таксама аўтамагазіны набылі Брэсцкая і Пінская міжраённыя гандлёвыя базы. У Брэсцкай вобласці да канца гэтага года маюць намер набыць яшчэ два магазіны на колах. На 2026 год сфарміраваны план на набыццё 13 аўтамагазінаў. «65 аўтамагазінаў абслугоўваюць больш за 43 тыс. чалавек у 1388 сельскіх населеных пунктах», — заўважыла Вольга Ількавец.
Аблспажыўсаюз таксама займаецца развіццём галіны грамадскага харчавання, якая прадстаўлена 218 аб’ектамі. Сетка ўключае рэстараны, кафэ, магазіны кулінарыі, пункты прыдарожнага сэрвісу. Стаўку робяць на продаж уласнай прадукцыі. У гэтым годзе ў рэгіёне адкрылі пяць аб’ектаў грамадскага харчавання (у тым ліку закуплены фудтрак), 14 — мадэрнізавана і адрамантавана. Намечана ў найбліжэйшай перспектыве адкрыць яшчэ тры кулінарыі.
Падчас пасяджэння асабліва падкрэслена, што прамысловасць і нарыхтоўчая дзейнасць павінны быць драйверамі развіцця спажыўкааперацыі. Брэсцкі аблспажыўсаюз мае намер выпрацаваць мерапрыемствы для павышэння эфектыўнасці гэтых галін.
Пасяджэнне праходзіць у рэжыме відэаканферэнцыі. У ім прымаюць удзел памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Аляксандр Ломскі, старшыня праўлення Белкаапсаюза Інеса Караткевіч, члены Савета Рэспублікі.