Top.Mail.Ru

Больш за дзве тысячы вакансій розных напрамкаў прапанавалі навучэнцам і студэнтам работадаўцы Гомеля.

У пошуку прафесіі і першай працы .Падзарабіць і атрымаць працоўны вопыт

Школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў, якія хочуць знайсці падпрацоўку на час летніх канікулаў, у вольны ад вучобы час або знаходзяцца ў пошуку працы да размеркавання чакалі на маладзёжным кірмашы вакансій у Гомелі.

На працягу трох дзён установы адукацыі, прадпрыемствы, арганізацыі і кампаній, гатовыя працаўладкаваць школьнікаў і студэнтаў, працавалі на прэзентацыйных пляцоўках у гомельскім Лядовым палацы, гарадскім упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі. На базе ВНУ маладзёжны кірмаш вакансій правялі ў фармаце прафарыентацыйнага мерапрыемства, да якога далучыліся 22 установы адукацыі Гомеля ўсіх ступеней.

Акрамя таго ў маладзёжным кірмашы вакансій бралі ўдзел каля 60 арганізацый, прадпрыемстваў і кампаній Гомеля. Яны прапанавалі варыянты часовай летняй занятасці для навучэнцаў і працаўладкаванне па спецыяльнасцях для студэнтаў.

— Усяго было прапанавана больш за дзве тысячы вакансій розных напрамкаў: ад некваліфікаваных работ да працаўладкавання па рабочай кваліфікацыі, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага гарвыканкама Галіна Самсона. — Для юнакоў і дзяўчат, якім ужо споўнілася 16 гадоў, шэраг гандлёвых прадпрыемстваў гатовы былі прапанаваць работу ў сферы грамадскага харчавання, на гандлёвых пляцоўках. Гомельскі філіял РУП «Белпошта» сёння таксама гатовы прапанаваць працу на летні перыяд для моладзі.

Супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага гарвыканкама прапанавалі навучэнцам прама на кірмашы прайсці анлайн-тэсціраванне «Крок у прафесію» на партале дзяржаўнай службы занятасці. 

— Так, маладыя людзі могуць вызначыцца з прафесійным напрамкам, а пасля адразу ж на кірмашы звярнуцца да прадстаўнікоў установы адукацыі, якая рыхтуе спецыялістаў падобнага профілю, атрымаць больш падрабязную інфармацыю аб прафесіі, факультэтах, правілах прыёму, — звярнула ўвагу Галіна Самсона.

На прэзентацыйных пляцоўках маладзёжнага кірмашу Гомельскі дзяржаўны каледж дызайну і камп’ютарнай графікі прадставіў спецыяльнасці і кваліфікацыі, па якіх вучацца ў каледжы, арганізаваў выставу работ навучэнцаў. Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і Гомельскі дзяржмедкаледж прапаноўвалі паўдзельнічаць у майстар-класе па сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, аказанні першай дапамогі, навучалі навыкам догляду за немаўляці. 

Карысталася папулярнасцю ў моладзі і прэзентацыйныя пляцоўкі Гомельскага каледжа-філіяла «Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту» і Гомельскага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа. 

— Мы імкнемся ўдзельнічаць ва ўсіх магчымых прафарыентацыйных мерапрыемствах, — распавяла майстар вытворчага навучання Гомельскага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Кацярына Бабарыка. — Гэтым разам дзевяцікласнікі вельмі актыўна цікавіліся магчымасцю атрымання прафесіі ў нас. Тлумачым, што наш каледж, дарэчы, — адзіная ўстанова адукацыі ў краіне, дзе рыхтуюць гальванікаў. Дзецям вельмі цікава даведацца, што гэта за спецыялісты, якія рознымі сплавамі пакрываюць металы, выконваюць мядненне, залачэнне, серабрэнне, аксідзіраванне, храміраванне дэталяў у машынах, гадзінніках і самых розных прыладах і ўстройствах.

На кірмашы ў імправізаваны салон прыгажосці запрасілі навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага каледжа бытавога абслугоўвання. Цырульнікі-стылісты праводзілі майстар-класы. 

— Адзначу агульны святочны, пазітыўны настрой кірмашу! Моладзь прыгожая, вясёлая, актыўная, — падзялілася спецыяліст Гомельскага дзяржаўнага каледжа бытавога абслугоўвання Валянціна Светава. — Прыемна, што цікавяцца нашымі новымі спецыяльнасцямі, а гэта вельмі запатрабаваныя на рынку прафесіі бьюці-індыстрыі. 

Дзевяцікласнік гімназіі № 58 г. Гомеля імя Ф.П. Гааза Кірыл разам з мамай Вольгай вельмі рады, што прыйшлі на маладзёжны кірмаш. 

— Хачу і паглядзець прапановы спецыяльнасцей для будучага паступлення і шукаю магчымасць працаўладкавання на лета, — распавёў школьнік. — Яшчэ няма ніякага працоўнага вопыту, але ёсць вялікае жаданне. Хацеў бы папрацаваць афіцыянтам у кафэ ці па якой-небудзь вакансіі ў сферы абслугоўвання. 

Прыйшоў на кірмаш з жаданнем вызначыцца з будучай прафесіяй і знайсці працу на лета і дзевяцікласнік Гомельскай сярэдняй школы № 15 Максім Лёўкін. 

— Пераходжу ў 10-м клас, і хачу летам крыху падпрацаваць. Падышоў да прадстаўнікоў упраўлення па працы, расказаў пра сябе, пакінуў кантакты, буду чакаць званку, — падзяліўся школьнік. — Галоўнае, атрымаць першы працоўны вопыт, магчыма і палепшыць навык зносін з людзьмі. У будучыні хачу стаць аператарам беспілотных лятальных апаратаў. Гэтаму вучаць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, і я планую туды паступаць пасля школы. Але зараз важна паспрабаваць сябе ў любой працы, — падзякаваў за магчымасць пошуку вакансій юнак.

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю