Top.Mail.Ru
60

Больш за палову сродкаў на рамонт жылля накіравана з бюджэту

І стаў дом як новы

За мінулую пяцігодку ў краіне адрамантавана 17,2 мільёна квадратных метраў жылля, а ў 2025 годзе — 3,6 мільёна квадратных метраў. Як расказала начальнік аддзела па эксплуатацыі жыллёвага фонду ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Наталля ПІХЕЛЬГАС, капітальныя рамонты ажыццяўляліся ў рамках планавай падпраграмы дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе».

У цяперашні час перад Міністэрствам пастаўлена задача да 2030 года давесці долю жылых дамоў пасля капрамонту не менш за 11 працэнтаў ад эксплуатаванай плошчы ўсяго жылога фонду.

Сёлета плануецца адрамантаваць у цэлым па краіне не менш за 2,9 мільёна квадратных метраў жылля, што з’яўляецца цалкам выканальнай задачай, лічыць начальнік аддзела. У цяперашні час маюцца дзве асноўныя крыніцы фінансавання капітальнага рамонту жыллёвага фонду. Гэта сродкі мясцовых бюджэтаў і сродкі аплаты насельніцтва за капітальны рамонт. Напрыклад, летась доля бюджэтных сродкаў, што накіроўваюцца на капітальны рамонт, склала 60 працэнтаў ад усіх сродкаў.

Адрамантаваць 141 жылы дом

Начальнік аддзела капітальнага рамонту ГА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Кацярына КАЗАК адзначыла, што сталіца штогод рамантуе крыху больш за мільён квадратных метраў жылых дамоў, якія знаходзяцца на тэхнічным абслугоўванні ЖКГ горада. «У 2025 годзе ў нас ужо распрацавана і ў пачатку гэтага года зацверджана новая перспектыўная праграма на 2026–2030 гады. Гэтая праграма размешчана на сайтах адміністрацыі раёнаў горада Мінска ў вольным доступе. Фактычна любы грамадзянін можа зайсці на сайт і паглядзець, ці будзе яго жылы дом капітальна рамантавацца ў найбліжэйшыя гады».

У адпаведнасці з ужо зацверджанай перспектыўнай праграмай, гораду Мінску на найбліжэйшую пяцігодку неабходна будзе капітальна адрамантаваць каля 780 тысяч метраў квадратных жылля, або 141 жылы дом.

Усе падрадныя арганізацыі для рамонтаў вызначаны, заключаны дагаворы будаўнічага падраду, і ў адпаведнасці з зацверджаным графікам вядуцца будаўніча-мантажныя работы.

Будынкі якіх гадоў у Мінску рамантуюцца? Жылфонд у кожным раёне розны. «Дзесьці ў нас раёны больш старыя, дзесьці — больш маладыя. У Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах капітальна рамантуюцца дамы канца 1980-х гадоў, нават ёсць дзесьці адзінкавыя пачатку 1990-х гадоў пабудовы. У Партызанскім, Заводскім і Цэнтральным раёнах яшчэ рамантуюцца дамы дзесьці канца 1970-х, пачатку 1980-х», — патлумачыла Кацярына Казак.

Некалькі слоў пра самыя маштабныя рамонты. Сёлета самыя вялікія дамы размясціліся ў двух раёнах: Кастрычніцкім раёне па вуліцы Варанянскага і ў Фрунзенскім раёне па вуліцы Адзінцова. Гэта жылыя дамы, у якіх больш за 500 кватэр.

Тэрміны не гумовыя

Так лічыць намеснік дырэктара Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржстандарта Вадзім КАРАЛЕНКА. Ён растлумачыў, што даўгабуд у рамонце — гэта аб’ект, на якім перавышаны тэрмін будаўніцтва на тры і больш гадоў. У нас такіх сёння няма. Сустракаліся аб’екты, якія былі ўведзены са спазненнем на некалькі месяцаў, але ў гэтым нічога крытычнага няма.

За 2025 год гэтай службай было выяўлена больш за 37 тысяч дэфектаў і парушэнняў, патрабаванняў па праектнай дакументацыі і тэхнічных нарматыўных прававых актаў. На жаль, на 23 аб’ектах былі вымушаны прыпыніць вытворчасць будаўніча-мантажных работ, дзе былі дапушчаны грубыя парушэнні.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю