Добраахвотная справа навыраст
Даўней казалі: побач з лесам жыць — галодным не быць. Спрадвеку ён карміў, апранаў, абуваў людзей, абараняў і саграваў іх. Лес і цяпер адыгрывае вялікае значэнне ў нашым жыцці. Беларусы ведалі яму цану ва ўсе часы. Аднак зусім не таму, што мы такія ж дрымучыя, як старажытныя пушчы, за апошнія 60 гадоў лясістасць Беларусі павялічылася амаль удвая і сёння тэрыторыя краіны пакрыта лесам на 40,5 працэнта, а агульная плошча нашага ляснога фонду перавышае 9,8 млн га. Атрымліваецца, што на кожнага беларуса прыпадае больш за гектар лесу! Пры гэтым у сярэднім па планеце гэты паказчык у два разы меншы — каля 0,5 га.
І як жа не дапамагчы зялёнаму сябру, які з-за кліматычных метамарфоз усё часцей пакутуе ад стыхійнага экстрыму?!

Наша нацыянальнае багацце
Да акцыі далучыліся больш за 40 тысяч чалавек, у тым ліку прадстаўнікі міністэрстваў, ведамстваў, прадпрыемстваў, арганізацый і розных устаноў, якія займаліся «зялёнай» справай на тых участках, дзе іх дапамога была найбольш патрэбная. Зразумела, што пік актыўнасці прыходзіўся на выхадныя. Так, у мінулую суботу больш за сотню дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў займаліся лесааднаўленнем у Вілейскім і Уздзенскім раёнах Мінскай вобласці.

На тэрыторыі Нарачанскага лясніцтва Вілейскага доследнага лясгаса працавалі каля 60 дэпутатаў і работнікаў сакратарыята на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Ігарам СЕРГЯЕНКАМ. На ўчастку плошчай 4,5 га, які пацярпеў ад урагану 7 жніўня гэтага года, сіламі дэпутацкага корпуса было высаджана 18 тысяч саджанцаў.
Паводле слоў Ігара Сергяенкі, на работы па лесааднаўленні добраахвотна і з добрым настроем прыехала максімальная колькасць чалавек:

— Аб важнасці лесу ў жыцці нашай краіны гаварыць не даводзіцца. Гэта і лёгкія, як кажуць, Еўропы, гэта і драўніна, і месца адпачынку для людзей. Лес — наша нацыянальнае багацце.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама падкрэсліў, што пройдзе шмат гадоў, пакуль высаджаныя на гэтым месцы дрэвы вырастуць. Аднак у дэпутатаў і работнікаў сакратарыята застанецца памяць аб тым, што яны прымалі ўдзел у аднаўленні лесу.

Гаворачы аб акцыі «Дай лесу новае жыццё!», Ігар Сергяенка дадаў, што і ў цэлым вельмі добра пабываць у лесе.
Яшчэ каля 50 чалавек ад Палаты прадстаўнікоў працавалі ў гэты дзень на пасадцы саджанцаў сасны звычайнай і бярозы павіслай на ўчастку 2,2 га на тэрыторыі Уздзенскага лясгаса.
Перадаць прыгажосць наступным пакаленням
Аднаўлялі лес у Вілейскім раёне таксама суддзі і работнікі сакратарыята Канстытуцыйнага Суда.
— Пасадзіць лес — той малы ўклад, які можна зрабіць у якасці ўдзячнасці роднай краіне, — адзначыў Старшыня Канстытуцыйнага Суда Сяргей СІВЕЦ. — Па дарозе ў Вілейскі раён мы любаваліся прыродным багаццем Беларусі. Мы звярнулі ўвагу, у якой прыгожай краіне жывём, наколькі радуе вока ўсё тое хараство, якое мы назіраем. Хочацца перадаць гэту прыгажосць нашым дзецям, унукам, наступным пакаленням.
На тэрыторыі Куранецкага лясніцтва Вілейскага доследнага лясгаса на ўчастку 2 га высаджана больш за 10 тысяч саджанцаў.

З прафсаюзным запалам
У Воранаўскім раёне каля 250 чалавек — работнікі Гродзенскага аблвыканкама і актывісты Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі — новы лес пасадзілі на тэрыторыі больш як 10 га. Лясныя культуры высадзілі з закрытай каранёвай сістэмай па схеме змяшэння — гэта рады елкі, сасны і бярозы.
Работы разгарнуліся менавіта ў гэтым раёне невыпадкова. Толькі ў 2026 годзе лясы рэгіёна неаднаразова цярпелі ад стыхіі: ветраломы і навальнічныя франты пашкодзілі 1,785 тысячы га лесу. З іх 445 га прыпадаюць на тэрыторыю Лідскага лясгаса — аднаго з найбольш пацярпелых участкаў не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў краіне.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый КАРАЕЎ падкрэсліў важнасць аб’яднання намаганняў у аднаўленні лясоў:
— Здарылася надзвычайная сітуацыя — ураган. І дабавілася работы леснікам шматразова. Стыхія, што тут бушавала, паваліла дрэвы, на якія мы разлічвалі. Трэба было іх тэрмінова перапрацаваць. Гэта вялікія сілы людзей, механізацыі і тэхнікі.
А цяпер трэба аднавіць тыя месцы. Мы за нейкі адзін раз масава адновім пашкоджанае, яшчэ і перавыканаем план. Беларусь — адна з нямногіх краін, чым мы можам ганарыцца, якая не проста высякае лес, а аднаўляе і яшчэ больш узнаўляе яго.
Як адзначыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый СЯНЬКО, спецыялісты, актывісты ФПБ на працягу ўсёй акцыі працавалі ва ўсіх абласцях краіны, там, дзе гэта асабліва неабходна:

— Лясніцтвы падрыхтавалі адпаведныя пляцоўкі. А нашы спецыялісты нават практычна не маюць патрэбу ў дадатковым інструктажы, таму што ўжо нядрэнна ведаюць парадак пасадкі лесу, парадак работы з інструментам, тэхніку бяспекі. І дружна, арганізавана пачалі работу. Мы добра ведаем, што значыць для краіны лес, што значыць яго аднавіць. Мы бачым, наколькі гэта важна для нашай краіны, для нашай вытворчасці, для экалогіі. Таму мы робім вялікую справу.
Важны ўклад кожнага
Кіраўніцтва і працаўнікі Магілёўскага аблвыканкама таксама актыўна далучыліся да акцыі. Усе разам яны працавалі на тэрыторыі Чамяранскага лясніцтва Магілёўскага лясгаса.
Як адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА, такая акцыя мае некалькі вельмі важных, станоўчых эфектаў:
— Яна дае магчымасць усім разам далучыцца да прыроды, заняцца пасадкай лесу, для таго каб ён застаўся нашым будучым пакаленням. Таму ў пытаннях аднаўлення лясоў, якія пацярпелі раней ад стыхіі і непагадзі, важны ўклад кожнага. Разам мы можам аднавіць гэта багацце і даць магчымасць нашым дзецям і ўнукам сёння.
З клопатам аб роднай зямлі
Суботняй раніцай калектыў Камітэта дзяржкантролю на чале са старшынёй Васілём ГЕРАСІМАВЫМ далучыўся да пасадкі лесу ў Калодзішчанскім лясніцтве Бараўлянскага спецлясгаса. На ўчастку 4 га былі высаджаны саджанцы сасны і елкі. Кіраўнік КДК падкрэсліў, што акцыя становіцца сямейнай. Многія работнікі ведамства прыехалі разам з дзецьмі:
— Гэта дарагога варта. Калі робіш сваімі рукамі, то і ставішся да гэтага больш беражліва.
Супрацоўнікі органаў пагранічнай службы штогод прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі, нацэленай на аднаўленне лесу. А ў суботу разам з сем’ямі яны пад кіраўніцтвам старшыні Дзяржаўнага пагранкамітэта Канстанціна МОЛАСТАВА працавалі ў Смаргонскім лясніцтве.
— На працягу тыдня органы пагранічнай службы прынялі актыўны ўдзел у высадцы лесу, асабліва ў прыграніччы, — канстатаваў кіраўнік ведамства. — Гэта не проста добрая традыцыя, а ўсвядомлены ўклад у будучыню нашай краіны. Мы штодзённа ахоўваем рубяжы Айчыны, і клопат аб роднай зямлі для нас таксама з’яўляецца важнай задачай. Сёння мы закладваем лес, які праз гады стане ўпрыгажэннем нашай Радзімы і здабыткам будучых пакаленняў. А ўсяго з пачатку года мы ўжо высадзілі лес больш як на 110 га.

Супрацоўнікі Выканкама СНД дапамаглі выратаваць пашкоджаныя гектары лесу пад горадам Маладзечна.
А прадстаўнікі Мінсельгасхарча на чале з міністрам Юрыем ГОРЛАВЫМ далучыліся да пасадкі маладога лесу на тэрыторыі Акінчыцкага лясніцтва Стаўбцоўскага лясгаса, дзе яны высадзілі больш як 4 тысячы саджанцаў хвоі звычайнай і бярозы павіслай, заклаўшы зялёны фундамент на плошчы звыш аднаго гектара.
Акцыя сапраўды масавая, таму проста немагчыма расказаць пра ўсіх яе ўдзельнікаў. Аб іх раскажуць маладыя дрэвы, якія стануць сімвалам дабрабыту дзяржавы, захавання нацыянальнай спадчыны і клопату аб роднай зямлі.
Лічбы і факты
- Як паведамілі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі, сёлета рэспубліканская добраахвотная акцыя «Дай лесу новае жыццё!» праходзіла на 993 участках па ўсёй краіне.
- На лясных участках працавалі больш як 40,2 тысячы добраахвотнікаў.
- За тыдзень новыя лясныя культуры былі створаны на плошчы 646,6 га, у тым ліку на бураломах было створана 401,8 га новых лясных культур, на месцы ўсыхаючых насаджэнняў — 220,9 га.
- Паралельна вялося дапаўненне лясных культур на плошчы 926,6 га.
Віктар ЛЮБІМАЎ
Фота БелТА