Top.Mail.Ru

Больш за сто прадпрыемстваў Гомельшчыны прадставілі свой патэнцыял на форуме ў Бранску

Дэлегацыя дзелавых колаў Гомельскай вобласці на чале са старшынёй аблвыканкама Іванам Крупко прадставіла беларускі паўднёва-ўсходні рэгіён на IV Рэгіянальным бізнес-форуме «Бранск-Гомель» — традыцыйнай і папулярнай пляцоўцы развіцця пагранічнага супрацоўніцтва.

Дынаміку развіцця супрацоўніцтва на сустрэчы ў рамках праграмы форуму абмеркавалі губернатар Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі Аляксандр Багамаз і старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.

  • — Больш за 60% нашага гандлёвага абароту прыпадае на Беларусь, траціна — на Гомельскую вобласць, — адзначыў Аляксандр Багамаз. — Калі ў першым форуме ўдзельнічала дваццаць прадпрыемстваў, то ў цяперашнім — больш за сто.

Кіраўнік Бранскай вобласці падзякаваў беларускім партнёрам за паспяховы вопыт супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы і прапанаваў прыняць удзел у новых праектах узвядзення аб’ектаў і капітальным рамонце жылфонду.

IMG_20250905_165803_009.jpg

У сваю чаргу, старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко выказаў упэўненасць у тым, што форум дазволіць раскрыць новы патэнцыял сумесных магчымасцей.

— Дзякуй Бранскай зямлі за гасціннасць. Упэўнены, што, як і ў папярэднія гады, у рамках форуму мы зможам раскрыць патэнцыял сумесных магчымасцей. У ваш рэгіён сваю прадукцыю пастаўляюць каля 180 прадпрыемстваў Гомельшчыны, — адзначыў Іван Крупко.

Адной з ключавых кропак прыцягнення на форуме «Бранск-Гомель» стала выстава дасягненняў. Прамысловыя і харчовыя прадпрыемствы двух абласцей прадставілі як добра знаёмую спажыўцам прадукцыю, так і навінкі. Усяго свой патэнцыял на форуме прадставілі больш за сто кампаній з абодвух бакоў.

  • Асаблівую ўвагу ўдзельнікаў прыцягнулі сумесныя праекты прадпрыемстваў «Брансксельмаш» і «Тэрматрон»: камбайны, прадукцыя для высокахуткасных магістраляў і станкі для вытворчасці чыгуначных восей.

Як асабліва падкрэсліў на ўрачыстым адкрыцці форуму старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, партнёрства ў эканамічнай сферы — гэта рэальная работа для забеспячэння дабрабыту людзей.

— За I паўгоддзе гэтага года Гомельская вобласць паставіла на Браншчыну прадукцыі на 7 мільярдаў расійскіх рублёў. Бранчане пастаўляюць у паўднёва-ўсходні рэгіён Беларусі каля 2000 таварных пазіцый, — звярнуў увагу кіраўнік Гомельскага рэгіёну. — Эканамічнае партнёрства — не проста лічбы, а тысячы рабочых месцаў і ўпэўненасць сем’яў у заўтрашнім дні. Упэўнены, сённяшні форум прынясе не тольны новыя кантракты, але і ўмацуе галоўнае, што ёсць паміж намі, — давер і павагу, — падкрэсліў Іван Крупко.

IMG_20250905_165802_816.jpg

Лідары двух рэгіёнаў аднагалосна заявілі, што моцныя эканамічныя сувязі Гомельшчыны і Браншчыны былі б немагчымыя без агульных духоўных каштоўнасцей і гістарычнай памяці, якія старанна захоўваюць брацкія народы.

Яркім пацверджаннем моцных сувязяй стала цырымонія ўзнагароджання. Губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз адзначыў вялікі ўклад у двухбаковае супрацоўніцтва калектываў Гомельскага хімзавода, «Гомельагаракомплекта» і Гомельскага ДСК. Бранскія прадпрыемствы таксама былі адзначаныя за актыўную працу з беларускімі партнёрамі.

Наталля Капрыленка

фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю