Фестываль вулічных відаў спорту Minsk Urban Fest стартаваў у сталічным парку імя Уга Чавеса, паведаміла БелТА.
На працягу двух дзён — 11 і 12 ліпеня — спартсмены з Беларусі і Расіі будуць спаборнічаць у васьмі відовішчных і дынамічных дысцыплінах: стрытбол, скейтбордынг, трукавы самакат, BMX, Urban run (забег з перашкодамі), функцыянальнае мнагабор’е, эндура і брэйк-данс. Маштабнае спартыўнае свята арганізавана Прэзідэнцкім спартыўным клубам сумесна з Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам.


Як расказаў памочнік старшыні Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Павел Ягораў, ідэя правядзення такога маштабнага фестывалю нарадзілася дзякуючы запыту ад самой моладзі. «Гэта меркаванне вуліц. Ужо даўно ў Прэзідэнцкі спартыўны клуб паступалі звароты ад прадстаўнікоў розных вулічных відаў спорту з просьбай падтрымаць іх напрамкі. Мы бачым, што гэтыя рухі актыўна развіваюцца, іх любіць наша спартыўная грамадскасць», — адзначыў ён.

Гэта пацвярджае і колькасць удзельнікаў, якія зарэгістраваліся, — сёння іх больш за 1 тыс. Павел Ягораў удакладніў, што папярэдняя рэгістрацыя не закрывалася, таму ўсе жадаючыя могуць прыняць удзел у спаборніцтвах, запісаўшыся на месцы.

Паводле яго слоў, аб’яднаць столькі разнастайных напрамкаў на адной пляцоўцы было сур’ёзнай арганізацыйнай задачай. У гэтым годзе праект праходзіць у фармаце пробнай версіі, аднак арганізатары ўжо будуюць маштабныя планы на будучыню. «Да наступнага сезона, адпрацаваўшы кейс арганізацыйных пытанняў на аснове вопыту гэтага года, мы плануем правесці фестываль у некалькі этапаў. Мы хочам прапанаваць Мінгарвыканкаму, які з’яўляецца непасрэдным арганізатарам і аказвае нам вялікую дапамогу, адпрацаваць яшчэ тры мігрыруючыя пляцоўкі на працягу ўсяго лета — у чэрвені, ліпені і жніўні наступнага года. Будзе разглядацца і пашырэнне відаў спорту, і ўскладненне, а таксама падаўжэнне трас», — падзяліўся планамі Павел Ягораў.

Ганаровым госцем фестывалю стаў беларускі футбаліст, пераможца (у складзе «Барселоны») Лігі чэмпіёнаў УЕФА Аляксандр Глеб. Ён падкрэсліў важнасць стварэння ўмоў для фізічнага развіцця падрастаючага пакалення і адзначыў высокі патэнцыял беларускіх юнакоў і дзяўчат: «Новае пакаленне ў нас у краіне вельмі спартыўнае. Галоўнае — стварыць умовы, што дзяржава і робіць. Я лічу, такіх агульнадаступных пляцовак і мерапрыемстваў павінна быць як мага больш. Наша моладзь матываваная і з вялікім жаданнем ідзе займацца. Калі ствараюцца такія ўмовы, яны натхняюць».
Аляксандр Глеб таксама прызнаўся, што вулічны спорт блізкі яму самому, таму што ён таксама пачынаў свой шлях у дварах. Пры гэтым ён падкрэсліў, што прадстаўленыя на фестывалі экстрэмальныя дысцыпліны патрабуюць каласальнай падрыхтоўкі. «Я, калі здымаў відэаролікі, спрабаваў ездзіць на трукавым веласіпедзе — гэта вельмі складана. Як і ў любой справе, тут трэба шмат часу для трэніровак», — дадаў спартсмен.

Minsk Urban Fest сабраў у парку імя Уга Чавеса як прафесійных атлетаў, так і зусім юных аматараў актыўнага ладу жыцця. Мінчанка Кацярына прывяла на фестываль дваіх дзяцей — сямігадовую Алісу і васьмігадовага Данііла, якія заявіліся на ўдзел у забегу з перашкодамі Urban run. «Да актыўнага спорту дзяцей прывучыў бацька, які сам рэгулярна спаборнічае і падае ім выдатны прыклад. У такім маштабным фестывалі мы ўдзельнічаем упершыню, для дзяцей гэта цудоўны вопыт і вялізная матывацыя», — падзялілася Кацярына.
Праграма фестывалю максімальна насычана. Суботні дзень адкрыўся яркай цырымоніяй прэзентацыі відаў спорту, пасля чаго на пляцоўках парку разгарнуліся кваліфікацыйныя заезды, адборачныя раўнды, асабістыя і групавыя стадыі спаборніцтваў.
Заўтра, 12 ліпеня, напал дасягне максімуму: гледачоў чакаюць фінальныя батлы ў брэйк-дансе і стрытболе, а таксама відовішчныя фіналы і кантэсты на лепшы трук у скейтбордынгу, BMX і на трукавых самакатах. Пройдуць вырашальныя старты ў эндура і функцыянальным мнагабор’і.
Завершыцца маштабнае свята вулічнага спорту ў 18.00 урачыстай цырымоніяй узнагароджання, на якой заслужаныя прызы атрымаюць лепшыя атлеты ва ўсіх васьмі дысцыплінах.