У 2025 годзе студатрадаўскі рух паказаў сваю моц: 64 263 байцы працавалі ў складзе 4526 атрадаў па ўсёй краіне. Больш за 31,5 тысячы з іх — падлеткі. У межах працоўнага семестра былі рэалізаваны буйныя праекты: «Атлант», «Трактарабудаўнік», «Аўтазаводзец», «Важаты», «Медыкус», «Энергетык», «Дарога магчымасцяў», моладзь шчыравала на дзвюх усебеларускіх будоўлях — «Патрыятычны цэнтр на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці» і «Памяць пакаленняў» на базе Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і парку Народнага адзінства ў Мінску. Міжнародны абмен таксама пашырыўся: 292 беларускія байцы працавалі ў Расіі, а ў Беларусі — студэнты з Расіі, Кыргызстана і іншыя замежныя студэнты. Год выдаўся сімвалічным: рух адзначыў 40-годдзе вытворчых студатрадаў і 50 гадоў з моманту першай камандзіроўкі беларускіх студэнцкіх атрадаў на БАМ.
«дарыць дзецям лепшы адпачынак»
Адна з гераінь — Алена Зверава, прадстаўніца педагагічнага атрада «Сузор’е-2» імя Героя Савецкага Саюза Віктара Лівенцава. Усе яго ўдзельнікі — студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Падчас працоўнага семестра байцы атрада працавалі на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» ў Мядзельскім раёне — выконвалі абавязкі важатых, дапамагаючы арганізоўваць для дзяцей цікавы і бяспечны адпачынак.
«Хочацца дарыць дзецям найлепшае», — падкрэслівае Алена. Для яе і таварышаў па атрадзе работа ў «Зубраняці», акрамя ўсяго іншага, — шчырая крыніца радасці. Студэнты прызнаюцца: гэта быў і прафесійны рост, і вопыт зносін з дзецьмі, і цёплыя ўспаміны, якія застануцца надоўга.
Акрамя таго, праца дала і матэрыяльную аддачу. Атрыманых грошай хапіла, каб рэалізаваць асабістыя планы: нехта з’ездзіў на мора, нехта — у Маскву ці Санкт-Пецярбург, хтосьці набыў ноўтбук або фотаапарат. Але, паводле слоў студатрадаўцаў, галоўная каштоўнасць — не ў заробку, а ў эмоцыях і вопыце, які немагчыма атрымаць у аўдыторыях.
Для атрада «Сузор’е-2» гэты семестр стаў сапраўднай прафесійнай школай і важным этапам сталення. Ён даў веру ў свае сілы і разуменне значнасці працы педагога.

Эмоцыі, якія хочацца перажыць ізноў
Яшчэ адным яркім прыкладам працавітасці стала гісторыя Ганны Шарко са студэнцкага медыцынскага атрада «Салюс» імя Героя Савецкага Саюза Надзеі Траян. У яго складзе — навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа розных курсаў, гатовыя выпрабаваць сябе ў рэальнай медыцынскай практыцы.
Гэтым летам «Салюс» працаваў у межах рэспубліканскага медыцынскага праекта «Медыкус». Байцы працавалі ў Наваполацку ў Цэнтральнай гарадской бальніцы, дзе выконвалі абавязкі малодшага медыцынскага персаналу. Для многіх гэта стала першым знаёмствам з надзённым жыццём медыцынскай установы.
— Эмоцый шмат. Былі і радасці, і засмучэнні, і вялікая стомленасць. Але ўсё ж, як бы там ні было, пасля заканчэння праекта застаюцца незабыўныя ўспаміны і вялікае задавальненне ад працы, — прызнаецца Ганна.
І сапраўды, за тыя летнія тыдні студэнты атрымалі практычныя веды, якія не заменіць ніводная аўдыторыя. Жывая праца з людзьмі, першыя прафесійныя ўдачы, разуменне, што прафесія патрабуе і сіл, і цярпення — усё гэта робіць іх удзел у праекце часткай асабістай гісторыі, да якой хочацца вяртацца.
Яркае лета, адказнасць і любоў да дзяцей
Другая суразмоўніца Ірына Паўлоўская — прадстаўніца педагагічнага атрада «Іскра юнацтва», які аб’ядноўвае студэнтаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Атрад быў створаны ў 2022 годзе і за гэты час стаў адным з самых актыўных у рэгіёне.
Летам яго байцы працавалі ў выхаваўча-аздараўленчым лагеры «Любуж» у Магілёўскім раёне. Як і сталыя педагогі, студэнты былі важатымі: праводзілі конкурсы, арганізоўвалі мерапрыемствы, выхоўвалі дзяцей і стваралі для іх цёплую, камфортную атмасферу. Праца доўжылася з чэрвеня да жніўня — пяць змен, па 15 дзён кожная.
— Усе нашы байцы адказныя, пастаянна праяўляюць ініцыятыву, — адзначае Ірына. Па яе словах, у атрад прыходзяць тыя, хто сапраўды любіць дзяцей і гатовы прысвяціць ім сваё лета. Для многіх гэта не проста праца, а каштоўны, рэальны досвед зносін з дзецьмі.
— Гэта незабыўны вопыт... Многія едуць палепшыць навыкі і ўменні ў зносінах з дзецьмі, — кажа яна. І дадае, што адной з самых прыемных рэчаў становяцца сустрэчы з хлопцамі і дзяўчатамі, якія адпачывалі ў «Любужы». Яны цябе памятаюць, ты іх памятаеш, гэта вельмі прыемна.
Вядома, прыемны бонус — добры заробак — таксама стаў нялішнім. Але, як заўважыла Ірына Паўлоўская, большасць байцоў едзе не па заробак, а з энтузіязму — дзеля лагера, дзеля дзяцей, дзеля той асаблівай атмасферы, якая нараджаецца ў калектыве.

Рэпетыцыя перад дарослым жыццём
Сярод удзельнікаў трэцяга працоўнага семестра вылучыўся і студэнцкі будаўнічы атрад «Эўрыка» імя Героя Савецкага Саюза Віктара Яронькі. Маёй суразмоўніцай стала Ія Марчанка, камісар атрада і студэнтка спецыяльнасці «Архітэктура». Для яе гэта ўжо трэцяе лета ў студатрадзе — і кожны сезон, кажа яна, становіцца значна больш насычаным, больш адказным і больш цікавым.
Усе байцы атрада — студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай. Падчас працоўнага семестра «Эўрыка» паспела папрацаваць адразу на двух буйных аб’ектах.
У чэрвені — пачатку ліпеня атрад працаваў у «Будаўніча-мантажным трэсце № 16» у Наваполацку, удзельнічаў у абласной маладзёжнай будоўлі. Хлопцы і дзяўчаты займаліся ўкладкай бардзюраў, тратуарнай пліткі, добраўпарадкаваннем і азеляненнем тэрыторый — тым, што фарміруе гарадскую прастору, якой карыстаюцца тысячы людзей.
Другая частка сезона прайшла на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі «Памяць пакаленняў — 2025»: студатрад шчыраваў на тэрыторыі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і парка Народнага адзінства, дзе байцы выконвалі штукатурна-апрацоўчыя работы.
Ія зазначыла, што фінансавы вынік працы быў больш чым адчувальны. Але важней за ўсё — вопыт і каманда. Сёлета, дарэчы, атрад перамог у намінацыі «Найлепшы атрад па вытворчай і камісарскай дзейнасці» на рэспубліканскім будаўнічым працоўным праекце «Памяць пакаленняў».
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ.
Фота з архіва БелТА,
ЦК БРСМ і герояў публікацыі.