Каля 1200 замежных пацыентаў штогод праходзяць лячэнне ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава. Гэта дазваляе зарабіць каля двух мільёнаў долараў. У асноўным пацыенты зараз прыязджаюць з Расіі і іншых краін СНД. Ёсць прадстаўнікі краін Балтыі і далёкага замежжа, у тым ліку Злучаных Штатаў, Ізраіля, Германіі.
Паводле слоў дырэктара РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Сяргея ПАЛЯКОВА, у нашай краіне прымяняюцца перадавыя методыкі, якія і прыцягваюць замежнікаў. А далей сваю справу робіць «сарафаннае радыё» — людзі ахвотна дзеляцца паспяховым досведам лячэння.
Сваю ролю адыгрывае высокая кваліфікацыя беларускіх анколагаў, а таксама стаўленне да пацыентаў.
— Гэта вядомы факт, што мы прызначаем толькі тое, што ім паказана. Непатрэбных абследаванняў і нейкіх спецыяльных умяшанняў ніхто рабіць не будзе, — адзначае Сяргей Палякоў. — Большасць нашых пацыентаў, звыш 90 %, задаволеныя тым, як ім аказваюць дапамогу, прычым не толькі замежныя, але і беларусы.
Прыцягвае замежных пацыентаў і аптымальны кошт на паслугі. Адна з перадавых методык, CAR-T-клеткавая тэрапія, напрыклад, у Германіі каштуе каля паўмільёна еўра, у Кітаі — 200-300 тысяч долараў, у той час як у Беларусі — каля 50-55 тысяч долараў.
Алена КРАВЕЦ
Фота Лізаветы ГОЛАД