Іх добрасумленныя адносіны да справы і ўменне працаваць у камандзе даўно заўважылі і кіраўніцтва, і калегі.
Уладзімір і Юрый не раз заахвочваліся за ўзорнае нясенне службы, а іх паслужны спіс — прыклад для маладых супрацоўнікаў.
Службу ў ахове хлопцы пачыналі ў 2008 годзе сяржантамі і за даволі кароткі прамежак часу паспяхова падняліся па кар’ернай лесвіцы.
Браты прызнаюцца, што з дзяцінства марылі працаваць у міліцыі. З ранніх гадоў прынцыпы гонару і дысцыпліны перадаў ім бацька Васіль Міхайлавіч.

— Бацька для нас заўсёды быў прыкладам. Вучыў тонкасцям прафесіі, даваў парады. Рады, што выбралі справу, якая нам падабаецца, і прадоўжылі сямейную дынастыю. У кожнага з нас вельмі адказны ўчастак працы. Да справы ставімся добрасумленна і стараемся з гонарам выконваць пастаўленыя перад намі задачы. Мы ганарымся тым, што служым у родным горадзе. Тут нашы карані, наш дом, тут растуць нашы дзеці. Нездарма кажуць: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Таму і справа ладзіцца, і праца ў радасць. Да таго ж служба ў родным горадзе — гэта не толькі вялікая адказнасць, але і маса плюсоў: кожны куток ведаем з дзяцінства, шмат знаёмых. А берагчы спакой землякоў абавязвае да многага, — сыходзяцца ў думцы Уладзімір і Юрый.
Каб трымаць сябе ў пастаяннай форме, браты-блізняты Лісеенкі штодня займаюцца спортам, да актыўнага ладу жыцця далучылі таксама сваіх дачок.
Юрый і Уладзімір неразлучныя з дзяцінства. Нарадзіліся яны ў жніўні. Відаць, гэтая цудоўная пара года наклала на іх характар свой адбітак — яны такія ж сонечныя, жыццярадасныя і пазітыўныя.
— Мы, вядома, вельмі падобныя. Многія блытаюць нас і цяпер, хоць з узростам сталі крыху адрознівацца адзін ад аднаго: па тым, як ходзім, па целаскладзе, кулінарных прыхільнасцях... У дзяцінстве былі як дзве кроплі вады, — тлумачаць мае суразмоўцы, калі я чарговы раз паспрабавала іх правільна адрозніць. — Нас педагогі ў школе нярэдка блыталі, хоць падчас вучобы мы сядзелі за рознымі партамі. Цяпер жывём на розных вуліцах у горадзе, але працуем разам і вельмі дружныя. Хобі ў нас таксама агульныя — спорт, ціхае паляванне, падарожжа.
Аднак больш за ўсё мы любім праводзіць час у вёсцы, дзе прайшло наша дзяцінства ў бабулі Зоі. Вёска для нас — месца сілы. Там усё засталося такім жа, як у памяці. Бабуля навучыла нас простым, але вельмі важным рэчам: працавітасці, павазе да людзей, уменню трымаць слова і дапамагаць тым, хто побач. Гэтыя ўрокі мы пранеслі праз усё жыццё. Цяпер вучым такой жыццёвай мудрасці і сваіх дзяцей.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ, фота аўтара