Дарэчы, сёлета арганізатары — тэлеканал АНТ, ФПБ і «Музычная медыякампанія» — змянілі фармат правядзення адборачных этапаў: кастынгі адбудуцца выключна ў абласных цэнтрах краіны. Разам з тым праслухоўванні будуць праходзіць на працягу некалькіх дзён, каб кожны ахвотны змог паспрабаваць свае сілы. Так, у Брэсце за пяць дзён кастынгу чакаецца ўдзел больш за 260 чалавек.
У складзе настаўнікаў праекта таксама ёсць змены: да прадзюсараў далучылася заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Жанет, якая ўжо гатова шукаць новыя галасы і дапамагаць удзельнікам раскрываць свой творчы патэнцыял. Дарэчы, новы зорны настаўнік сёння і адкрывае кастынгі вакальнага конкурсу.
Так, умовы ўдзелу застаюцца максімальна простымі: паспрабаваць свае сілы могуць удзельнікі старэйшыя за 18 гадоў, якія не маюць профільнай вакальнай і (або) харавой адукацыі. Абавязковы крытэрый — канкурсант павінен быць членам прафсаюза. Пры гэтым праект адкрыты як для індывідуальных выканаўцаў, так і для дуэтаў і калектываў.
Канкурэнцыя абяцае быць сур’ёзнай. Кожны настаўнік па выніках кастынгаў у кожным горадзе адбярэ ў сваю каманду па адным удзельніку. Менавіта яны прадоўжаць барацьбу за выхад у тэлевізійныя эфіры і магчымасць заявіць аб сабе на ўсю краіну.
Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай і сацыяльна-культурнай работы ФПБ Станіслаў Валюк, падтрымка народнай творчасці і развіццё культурнага жыцця працоўных калектываў застаюцца значным кірункам работы прафсаюзаў.
«Нам важна падтрымаць таленавітых людзей працы. У шматлікіх арганізацыях, працоўных калектывах менавіта прафсаюзныя камітэты становяцца ініцыятарамі культурных мерапрыемстваў, дапамагаюць работнікам рэалізоўваць сябе не толькі ў прафесіі, але і ў творчасці. А такія праекты — гэта якраз магчымасць паверыць у сябе і паказаць свае здольнасці шырокай аўдыторыі. Галоўная яго каштоўнасць у тым, што ён дае шанц кожнаму чалавеку раскрыць свой талент. Тут важны не дыпломы і прафесійная падрыхтоўка, а шчырасць, унутраны стрыжань, харызма і любоў да творчасці. Таму вакальны конкурс застаецца запатрабаваным», — расказаў Станіслаў Валюк.
Народны статус праекта поўнасцю апраўданы яго атмасферай і складам удзельнікаў. На кастынгі да зорных настаўнікаў (Жанет, Андрэй Гузель, Яўген Алейнік, Валерый Шмат, Ірына Дарафеева) штогод прыходзяць прадстаўнікі самых розных прафесій — рабочыя прадпрыемстваў, медыкі, педагогі, вадзіцелі, інжынеры, ляснічыя і інш.
Нагадаем, ахвотных праявіць сябе на гэтым тыдні — з 11 па 15 мая — чакаюць у Брэсце. Адборы праходзяць на пляцоўцы Брэсцкага абласнога Палаца культуры (г. Брэст, вул. Маскоўская 275-1). Наступны абласны цэнтр — Магілёў. Кастынгі пройдуць з 18 па 22 мая ў Магілёўскім гарадскім Цэнтры культуры і адпачынку (г. Магілёў, вул. Першамайская, 117).
У Гомелі праслухоўванні пройдуць з 25 па 29 мая ў абласным аб’яднанні прафсаюзаў (г. Гомель, вул. Савецкая, 29). У Віцебску канкурсантаў чакаюць з 1 па 5 чэрвеня ў філіяле Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА» (г. Віцебск, вул. М. Шагала, 8 А). Гродна сустракаць канкурсантаў будзе з 8 па 12 чэрвеня на базе Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў (г. Гродна, вул. Савецкая, 4).
Завершыць этап кастынгаў сталіца. Удзельнікаў настаўнікі будуць чакаць на сцэне Палаца культуры ветэранаў (г. Мінск, вул. Я. Купалы, 21) з 15 па 19 чэрвеня.
Алена КРАВЕЦ