Дарагія працаўнікі Брэстчыны!
Прыміце самыя цёплыя віншаванні з галоўным святам хлебаробаў — фестывалем-кірмашом «Дажынкі-2026».
З году ў год брэсцкая зямля здзіўляе шчодрасцю хлебнай нівы. І не толькі ёй. Галоўнае багацце рэгіёна — гэта працавітыя, мэтанакіраваныя людзі, якія шчыра любяць родны край, умеюць працаваць і заўсёды нацэлены на максімальны вынік.
Яшчэ адна каштоўная якасць палешукоў — не пасаваць перад цяжкасцямі. Сёлета прырода неаднаразова выпрабоўвала вас на трываласць, аднак і гэты іспыт вы вытрымалі з гонарам, першымі ў краіне завяршылі жніво з самавітай вагой абласнога каравая звыш 1,6 мільёна тон.
Ад душы дзякую механізатарам, аграномам, вадзіцелям, камбайнерам, кіраўнікам усіх узроўняў і іншым спецыялістам, якія згуртаванай камандай дастойна фінішавалі ў такой няпростай, але вельмі важнай для краіны кампаніі.
Словы асаблівай удзячнасці экіпажам, для якіх уборачная гарачая пара стала сямейнай справай. У іх складзе — амаль трэць прадстаўніц прыгожага полу, якія ўдарнай працай адзначылі Год беларускай жанчыны.
Жадаю ўдзельнікам і гасцям свята на слаўнай баранавіцкай зямлі здароўя, міру і дабра.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
Аляксандр Лукашэнка
Абласное свята ўраджаю сёння праходзіць у аграгарадку Жамчужны Баранавіцкага раёна. Гэта адзіны сельскі населены пункт краіны, якому сёлета выпаў гонар прымаць абласныя «Дажынкі».
Гандлёвыя рады на фестывалі расцягнуцца прыкладна на паўтара кіламетра. Да кірмашу далучацца суб'екты гандлю, індывідуальныя прадпрымальнікі, рамеснікі, пчаляры. Прадпрыемствы-вытворцы правядуць дэгустацыі сваёй прадукцыі. Акрамя пачастункаў, для гасцей рыхтуюць разнастайныя забавы. Сярод мноства лакацый кожны на свае густ і ўзрост знойдзе нешта займальнае. Ветліва сустрэнуць гасцей падвор'і раёнаў Брэсцкай вобласці. Кульмінацыяй фестывалю стане традыцыйнае шэсце святочнай калоны дэлегацый раёнаў і ўрачыстая цырымонія ўшаноўвання працаўнікоў сяла. Будуць адзначаны лепшыя гаспадаркі, камбайнеры, вадзіцелі, аграномы, аператары зернесушыльных комплексаў, іншыя спецыялісты. Атмасферу на сцэне створаць беларускія сольныя выканаўцы і калектывы, а таксама артысты з расійскай Пензы. Завершыцца вечар дыскатэкай і маляўнічым феерверкам.
Падчас жніва хлебаробы першага рэгіёна першымі ў краіне намалацілі 1 мільён тон збожжавых і зернебабовых культур. Адпаведна, брэсцкія аграрыі першымі перадалі ў Палац Незалежнасці каравай.
Сёлета па збожжавых і зернебабовых (без кукурузы, з улікам азімага рапсу) у Брэсцкай вобласці практычна дасягнулі рэкорднага леташняга вала — амаль 1,7 мільёна тон. Нарыхтаванага збожжа хопіць і для таго, каб выканаць дзяржзаказ, і для таго, каб поўнасцю забяспечыць патрэбы ўласнай жывёлагадоўлі.
За высокімі вынікамі — штодзённая праца людзей, якія ўносяць асабісты ўклад у харчовую бяспеку краіны. За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё АПК, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў аграрыі і калектывы работнікаў сельгаспрадпрыемстваў Брэсцкай вобласці ўдастоены дзяржаўных узнагарод і Падзякі Прэзідэнта Беларусі. Адпаведныя ўказ і распараджэнне Аляксандр Лукашэнка падпісаў 3 верасня.
Ордэнам Працоўнай Славы ўзнагароджана ААТ «Святая Воля» Івацэвіцкага раёна, ордэнам Пашаны — трактарыст-машыніст ААТ «Астрамечава» Брэсцкага раёна Анатоль Тамчук.
Медаля «За працоўныя заслугі» ўдастоены вадзіцель аўтамабіля ААТ «Пачапава» Пінскага раёна Генадзь Грушэўскі, дырэктар ААТ «Вінец» Бярозаўскага раёна Яўген Шымчук, трактарысты-машыністы ААТ «Рагазнянскі» Жабінкаўскага раёна і СВК «Фядорскі» Столінскага раёна Аляксандр Місіюк і Міхаіл Пацукевіч.
Ганаровае званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі прысвоена дырэктару ААТ «Вялікасельскае Агра» Пружанскага раёна Васілю Севасцьянчыку.
Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена калектыву СУП «Савушкін-Прамень», а таксама персанальна шэрагу работнікаў. У іх ліку — трактарысты-машыністы сельгаспрадпрыемстваў «Вазнясенскі» Жабінкаўскага раёна і «Святая Воля» Івацэвіцкага раёна Валерый Дзямідчык і Васіль Карчомны, вадзіцель аўтамабіля аддзялення Мінкавічы ААТ «Белавежскі» Камянецкага раёна Ігар Раманюк.
Падзякі Прэзідэнта ўдастоены работнікі, якія ў перыяд уборачнай кампаніі дапамагалі аграрыям і дасягнулі высокіх вытворчых паказчыкаў. Гэта старшы інструктар і вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Пружанскага РАНС, трактарыст-машыніст сельгаспрадпрыемства «Жураўлінае» Вячаслаў Бірук і ахоўнік вартавой аховы Ленінскага (горада Брэста) аддзела Дэпартамента аховы МУС Уладзімір Дудар, які працаваў трактарыстам-машыністам у ААТ «Астрамечава».
Дарэчы
Асобным распараджэннем Падзяка Прэзідэнта Беларусі аб'яўлена працаўнікам аграпрамысловага комплексу і калектывам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. За значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў яе ўдастоены працаўнікі АПК Мінскай вобласці і Нясвіжскага раёна, а таксама калектывы работнікаў шасці сельгаспрадпрыемстваў: СУП «Міжлескае» Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці, ААТ «Навасёлкі-Лучай» Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці, ААТ «Ціхінічы» Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці, СВК «Свіслач» Гродзенскага раёна, ААТ «Казловічы-Агра» Слуцкага раёна Мінскай вобласці, КСУП «Ніва-Барсукі» Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці.