Top.Mail.Ru

Брэсцкая пошта звязвае сэрцы

Ёсць час, калі пошта — у топе па наведваннях. А хочацца ўсе пытанні вырашыць хутка. Мне дапамагла дзяўчына па імені Надзея, якая працуе ў аддзяленні паштовай сувязі № 4 горада Бярозы, што на Брэстчыне. Яна расказала і пра тое, якія пасланні нам часам рыхтуе жыццё.


Пісьмо мары

Згодна са стэрэатыпам мы ўяўляем паштавікоў больш сталымі людзьмі, таму што ў час інтэрнэту і паскораных хуткасцяў здаецца, што гэта з былога, «аналагавага» жыцця. Але ж яно, калі разабрацца, нікуды не падзелася, бо чалавек лічбавай эпохі — жывая істота, якой і добрае слова патрэбна, і навіны з любімай газеты, і пенсія: на раёне далёка не ўсе пераводзяць яе на картку, выбіраючы рэальныя зносіны з паштальёнам. І ён можа быць як тое сонейка, якому дасягальныя і аддаленыя ад цэнтра вёскі.

Надзея Казак за амаль дзесяць гадоў працы на пошце прайшла розныя этапы. З даволі вялікім балам атэстата марыла стаць фармацэўтам. У нейкім сэнсе так і атрымалася, толькі лёс зрабіў карэкціроўку: аказалася, і на пошце можна выпрацоўваць асаблівыя лекі праз добры настрой. Каб не губляць год да новага паступлення, яна адвучылася дзесяць месяцаў у Брэсцкім політэхнічным каледжы, пасля пайшла працаваць на пошту — і ўцягнулася. Тут пастаянны рух, не засумуеш. «Было цікава кантактаваць з людзьмі — яны такія розныя, але за кожным асаблівы вопыт. Мне здаецца, што я магу знайсці падыход да кожнага чалавека», — прызнаецца Надзея. Пачынала яна ў аддзеле агульнавытворчага персаналу і некалькі гадоў працавала па вёсках. На нейкі час гарадская дзяўчына нават перасялілася ў вёску Спорава, куды яе накіравалі, але Надзея ўсё ж па большасці ездзіла туды з горада: паднімалася а 4-й гадзіне раніцы і ішла на аўтобус. Калі была магчымасць, яе вазіў тата: у дачкі адказная работа, яна ўжо была загадчыкам аддзялення сувязі, у яе падпарадкаванні значыліся паштальёны больш сталага веку...

Пісьмо кахання

Аднойчы таты не стала... Ад роспачы і думак пра тое, як будзе далей, дзяўчыне дапамог пазбавіцца закаханы хлопец. Правоў на кіраванне машыны Надзея не мела, але Аляксандр прапанаваў дастаўляць яе да месца работы ў вёску.

Яны пазнаёміліся на пошце: малады чалавек прыйшоў як кліент і прыкмеціў дзяўчыну-аператара. Працоўны дзень быў у разгары, навокал людзі, ён сышоў... А потым адшукаў Надзею праз сацсеткі, сталі перапісвацца. З таго часу пошта — гэта і яго свет. З задавальненнем дапамагаў каханай — гэта дазваляла яго праца па зменах у сістэме ЖКГ.
Калі пабраліся шлюбам, Надзея вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі — мама настойвала: трэба думаць пра самаразвіццё. У гэтым падтрымаў і Аляксандр. Нараджэнне іх сыночка прыпала на сесію — якраз быў дзень экзамену. А ўжо праз які месяц яны ўсёй сям’ёй рушылі на машыне ў Мінск: муж, Надзея з немаўлём і яе мама, якая займалася хлопчыкам, пакуль дачка трымала іспыт. Пасля тата браў водпуск і сядзеў з хлопчыкам, калі маладая мама здавала сесіі. Праз гнуткі графік ён і цяпер водзіць сына на гурткі, а па дарозе яны заходзяць на работу да Надзеі, а там столькі цікавага: можна выбраць паштоўку або паглядзець дзіцячыя часопісы. А нядаўна хлопчык сам намаляваў пасланне да Дзеда Мароза: ведае, што пісьмо абавязкова павінна трапіць да адрасата і тады ўсё здзейсніцца.

Пісьмо будучыні

Надзея Казак пасля дэкрэтнага водпуску вярнулася ў тое самае гарадское аддзяленне, дзе знайшла сваё шчасце. Лічыць, што дыплом аўтаматычна не ўздымае яе над іншымі супрацоўнікамі пошты, бо кожны тут выконвае свае абавязкі. Яна цяпер мае другую катэгорыю спецыяліста па паштовай дзейнасці, займаецца абслугоўваннем юрыдычных асоб: прымае карэспандэнцыю, адпускае паштовую прадукцыю... «Лічу, што вышэйшая адукацыя стварае падмурак для самаразвіцця, але кожны выбірае сам, у які бок рухацца. Сучасная пошта — гэта свет камп’ютарных тэхналогій і лічбавых сэрвісаў, мы асвойваем новыя паслугі, праграмы, а гэта ўсё вельмі цікава і прыцягальна для моладзі, — гаворыць дзяўчына. — У мяне тут не проста калегі, а сябры, мы сустракаемся і па-за работай, сумесна адзначаем святы, далучаемся да цікавых спраў, якія адбываюцца на прадпрыемстве і ў раёне. Я лічу сябе пасрэднікам паміж раённым кіраўніцтвам Беларускага саюза моладзі і радавымі маладымі людзьмі — імкнуся далучыць іх да важных і цікавых падзей». Адна з тых, што найбольш запомнілася Надзеі, — велапрабег ад Бярозы да Броннай Гары, дзе ў гады вайны былі пакараныя смерцю каля 50 тысяч чалавек. Такія мерапрыемствы вучаць шанаваць жыццё. Нечаканасцю, якая моцна ўзрушыла, стаў для Надзеі ўдзел у конкурсе «Міс Пошта» па Брэсцкім філіяле РУП «Белпошта», дзе яна атрымала прыз глядацкіх сімпатый, прадэманстраваўшы ўласныя таленты.

«Надзея — дзяўчына з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і чалавек адказны, — адзначае начальнік Бярозаўскага РУПС Анатоль Бораўцаў. — На пошце такія людзі патрэбны: за імі будучыня».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю