Top.Mail.Ru

Брэсцкая вобласць устойліва лідзіруе па тэмпах росту валавой вытворчасці малака і сярэдняму ўдою ад каровы

З пачатку гэтага года сярэднясутачны надой на карову ў вобласці склаў 23 літры.

На працягу апошніх васьмі гадоў Брэстчына з’яўляецца бясспрэчным лідарам па сярэдняму ўдою малака ад каровы. З пачатку гэтага года сярэднясутачны надой на карову ў вобласці склаў 23 літры, што з’яўляецца лепшым паказчыкам у рэспубліцы. Вобласць лідзіруе па тэмпах росту валавой вытворчасці малака (107,4%), сярэдняму ўдою малака (7731 кг), таварнасці малака (92%). Валавая вытворчасць малака ў суткі складае 6,9 тысячы тон, што набліжаецца да сумарнай вытворчасці ў трох абласцях краіны (Гомельскай, Магілёўскай, Віцебскай).

 Пра гэта і не толькі ішла гаворка на сходзе ў Івацэвічах, прысвечаным падвядзенню вынікаў работы ў жывёлагадоўлі. Падкрэслівалася, што менавіта ад поспехаў і старання жывёлаводаў залежыць устойлівая работа перапрацоўшчыкаў, а таксама харчовая бяспека краіны.

 — У гэтай зале сабраліся людзі, што ведаюць, якімі намаганнямі дастаецца кожны грам прывагі і кожны літр малака, і як многа фактараў павінна сысціся, каб галіна функцыянавала эфектыўна — сказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык. — Мы ганарымся тым, што прадукцыя нашага рэгіёна паспяхова прадстаўлена на замежных рынках і умацоўвае аўтарытэт айчыннага вытворцы. 

 Брэсцкая вобласць пастаўляе на экспарт больш за 70% малочнай і больш за 40% працэнтаў мясной прадукцыі. Напрыклад, летась экспарт прадуктаў харчавання і сельгассыравіны дасягнуў 2,3 мільярда рублёў. Гэта на 15 % больш за год папярэдні. На першым месцы — Расійская Федэрацыя — каля 80%, але геаграфія паставак даволі шырокая — 48 краін. Пры гэтым сёлета дабавілася пяць новых краін: Данія, Маўрытанія, Славакія, Бахрэйн, Нігерыя. Важна, што растуць аб’ёмы экспарту па ўсіх асноўных відах прадукцыі: сыры, масла сметанковае, каўбасныя вырабы, агародніна, іншае — адзначыў кіраўнік вобласці. 

Гаворка зайшла і пра развіццё жывёлагадоўчай галіны. Адзначалася, што за апошнія два гады пабудавана і рэканструявана 74 жывёлагадоўчыя аб’екты, у тым ліку 54 малочна-таварныя фермы. Аб’ём інвестыцый у гэтую справу перавысіў 400 мільёнаў рублёў. Новыя фермы прадугледжваюць сучасныя тэхналогіі ўтрымання жывёлы і камфортныя ўмовы работы для персаналу. «Мы цэнім вашу працу і стараемся зрабіць яе больш эфектыўнай перш за ўсё за кошт матэрыяльна-тэхнічнага пераўзбраення» — сказаў старшыня аблвыканкама. 

Таксама былі агучаны задачы на бліжэйшыя гады. Губернатар нагадаў, што асаблівую ўвагу неабходна надаць захаванню жывёлы, аднаўленню статка, нарыхтоўцы якасных травяных кармоў, біялагічнай абароне малочна-таварных ферм і свінагадоўчых комплексаў. Былі накрэслены задачы па лічбах асноўных паказчыкаў. Пётр Пархомчык выказаў упэўненасць, што працаўнікі галіны ўтрымаюць узятую высокую планку і дасягнуць новых вышынь і яшчэ раз падзякаваў за работу. 

Самым прыемным момантам урачыстасці стала ўзнагароджанне лепшых. Сваю заслужаную пашану атрымалі больш за сто чалавек. На сцэну паднімаліся працаўнікі ферм, спецыялісты і кіраўнікі гаспадарак, прадстаўнікі раённага звяна. Лідарамі па вытворчасці і рэалізацыі малака прызнаныя Бярозаўскі, Івацэвіцкі і Брэсцкі раёны. Па вытворчасці мяса адзначаны Іванаўскі, Камянецкі і Драгічынскі раёны. Сярод гаспадарак узнагароды атрымалі КСУП «Племянны завод Заказельскі» Драгічынскага раёна, ААТ «Святая Воля» Івацэвіцкага раёна, ААТ «Велікасельскае-Агра» Пружанскага раёна, ААТ «Парахонскае» Пінскага раёна і іншыя.

Святлана ЯСКЕВІЧ

 Фота з адкрытых крыніц
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю