БЦК плануе нарошчваць экспарт цэменту. Аб гэтым на І з’ездзе Рэспубліканскага саюза будаўнікоў паведаміў генеральны дырэктар ДП «Кіруючая кампанія холдынга «БЦК» Аляксандр Даўгала, паведамляе БелТА.
У структуру холдынга ўваходзяць тры цэментныя заводы — ААТ «Беларускі цэментны завод» (Касцюковічы), ААТ «Крычаўцэментнашыфер», ААТ «Краснасельскбудматэрыялы», у якіх больш за дзясятак філіялаў, што выпускаюць жалезабетон, газасілікатныя блокі, вапну, мел, цэглу і інш. Апошнія некалькі гадоў цэментныя заводы холдынга працуюць з поўнай загрузкай.
Калі закрыліся еўрапейскія рынкі, прадпрыемствы пераарыентавалі патокі. Асноўны рынак збыту — Расія. Былі створаны новыя гандлёвыя дамы, лагістычнае кіраванне ў складзе кіруючай кампаніі, набыты рухомы састаў, наладжаны мультымадальныя перавозкі і інш. У планах — будаўніцтва вытворча-лагістычнага комплексу ў Маскоўскай вобласці. У яго склад увойдуць тэрмінал для прыёмкі цэменту чыгуначным транспартам з далейшай адгрузкай аўтамабільным транспартам, заводы па вытворчасці сухіх будаўнічых сумесей, жалезабетонных вырабаў, таварнага бетону, інавацыйны комплекс па 3D-друку бетону, складскія памяшканні для захоўвання газасілікатных блокаў і іншых матэрыялаў.
«З улікам набытага вопыту ў працэсе стварэння і развіцця ўласнай тавараправоднай сеткі сфарміравана стратэгія інфраструктурнага ўваходжання на тэрыторыю Расіі», — расказаў Аляксандр Даўгала. Па гэтым шляху таксама холдынг ідзе ў Цвярской, Курскай, Яраслаўскай абласцях. Адзін з ключавых напрамкаў у 2026-м і наступных гадах — адгрузка цэменту для значнага інфраструктурнага аб’екта, будаўніцтва высакаскораснай чыгуначнай магістралі Санкт-Пецярбург — Масква. Першыя пастаўкі пачнуцца ў другім квартале.
У 2025 годзе вытворчасць цэменту ў рэспубліцы дасягнула 5,49 млн т. «Холдынг дынамічна развіваецца. Мы пастаянна знаходзімся ў пошуку новых метадаў задавальнення патрэбнасцей кліентаў, патаннення і ўдасканалення спосабаў дастаўкі прадукцыі», — адзначыў Аляксандр Даўгала.