Top.Mail.Ru

«Будаўнічая амністыя» ў дзеянні

Як вядома, 13 студзеня Прэзідэнтам Беларусі быў падпісаны Указ № 10 аб падаўжэнні «будаўнічай амністыі» на тры гады. Гэты акумент быў падрыхтаваны згодна з даручэннем кіраўніка дзяржавы, у тым ліку дзякуючы шматлікім зваротам грамадзян у Адміністрацыю Прэзідэнта, ва ўрад і ў Мінбудархітэктуры. Гэта былі простыя жыхары нашай краіны, якія не паспелі ўзаконіць свае самавольныя пабудовы. Цяпер у іх з’явілася магчымасць забяспечыць рэгістрацыю такіх аб’ектаў без адміністрацыйнай цяганіны і штрафаў.


Пра гэта паведаміла начальнік Галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Таццяна Васілючак. У перыяд дзеяння папярэдняга ўказа ў краіне гэтым механізмам было зарэгістравана каля 2 мільёнаў квадратных метраў індывідуальных будынкаў, што з’яўляецца практычнай паловай ад уводу жылых дамоў у цэлым па краіне. Падаўжэнне «будаўнічай амністыі» дазволіць увесці ў эксплуатацыю да 1 студзеня 2028 года яшчэ каля 2,5 мільёна «квадратаў» жылля, або 35 тысяч індывідуальных жылых дамоў.

Прыёмка ў эксплуатацыю аб’ектаў будаўніцтва будзе весціся ў рамках адміністрацыйнай працэдуры на падставе заявы і ведамасці тэхнічных характарыстык. Тэрмін выканання працэдуры застаецца нязменным — 1 месяц. Заява падаецца ў службу «Адно акно» мясцовых выканкамаў.

Прыёмка аб’ектаў будзе весціся прыёмачнай камісіяй, якая мае права і адмовіць грамадзяніну, калі аб’ект будаўніцтва не будзе гатовы да эксплуатацыі з улікам звестак, указаных у ведамасці тэхнічных характарыстык. Такое можа здарыцца, калі ў будынку, напрыклад, адсутнічаюць дах, вокны, уваходныя дзверы, ацяпленне і іншае.

Абмежаванняў на падачу паўторнай заявы аб выдачы акта прыёмкі ў эксплуатацыю не ўстаноўлена. Пасля ліквідацыі заўваг грамадзянін мае права звярнуцца ў мясцовы выканаўчы камітэт з заявай паўторна.

Указ дазволіць комплексна вырашыць пытанні па навядзенні парадку ў дачыненні да індывідуальных жылых дамоў, завершаных узвядзеннем або рэканструкцыяй, лічыць прадстаўнік Мінбудархітэктуры. Сутнасць у тым, што аднакватэрныя жылыя дамы і нежылыя пабудовы, узведзеныя або рэканструяваныя без праекта або з адступленнем ад праекта, цяпер могуць быць прыняты ў эксплуатацыю ў спрошчаным парадку. Пры гэтым такія пабудовы не будуць прызнавацца самавольнымі, а значыць, уладальнікі не нясуць адміністрацыйную адказнасць і на іх не накладаецца штраф за незаконнае будаўніцтва.

Гэта значыць, самы час узаконіць пабудаваныя калісьці лазню, гараж або навес, прыбудаваную да дома веранду або ганак. Зносіць або плаціць штраф не прыйдзецца.


Дарэчы

У гаспадарчы абарот уцягнуць 5,5 тысячы пустых дамоў

Планавыя паказчыкі павялічаны на чвэрць

Як паведамілі ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці, такім чынам будзе добраўпарадкавана каля 1180 гектараў плошчаў пад гэтымі будынкамі.

Выканаўчым камітэтам ужо даведзены планавыя паказчыкі ў разрэзе раёнаў і абласцей па ўключэнні ў гаспадарчы абарот пустых жылых дамоў і занятых імі зямельных участкаў. Як адзначылі ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці, з улікам правядзення Года добраўпарадкавання ў параўнанні з мінулым годам планавыя паказчыкі павялічаны на чвэрць.

Летась продаж такой нерухомасці павялічыўся на 40 працэнтаў — новых уласнікаў знайшлі 1369 дамоў. Пры гэтым каля 60 % будынкаў было рэалізавана за адну базавую велічыню (з 1 студзеня — 42 рублі).

Як нагадалі ў Дзяржкаммаёмасці, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ад 24 сакавіка 2021 года № 116 пустыя жылыя дамы могуць быць уцягнуты ў гаспадарчы абарот шляхам іх продажу, зносу або прадастаўлення новаму карыстальніку зямельнага ўчастка з умовай зносу размешчанага на ім будынка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю