Праект па будаўніцтве ў Мурманску беларускага тэрмінала абмяркоўваўся на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам Мурманскай вобласці Андрэем Чыбісам, паведаміла БелТА.
Падрабязнасцямі таго, пра што менавіта ішла размова, падзяліўся з журналістамі па выніках мерапрыемства кіраўнік расійскага рэгіёна. Паводле яго слоў, падрабязна абмяркоўваліся розныя аспекты, магчымасці выкарыстання патэнцыялу Паўночнага марскога шляху, трансарктычнага транспартнага калідора і ў цэлым — Арктыкі.
Праект па будаўніцтве там беларускага тэрмінала губернатар назваў складаным. У тым ліку і таму, што неабходна прымаць у разлік прапускную здольнасць чыгункі для дастаўкі грузаў у порт. «Мы гэта вельмі дэталёва прагаварылі ў закрытай частцы сустрэчы. Дамовіліся аб тым, што з калегамі на ўзроўні ўрада яшчэ раз вельмі ўважліва палічым усе магчымыя мадэлі», — растлумачыў кіраўнік рэгіёна.«Для нашай краіны гэта з’яўляецца адным з ключавых прыярытэтаў. Галоўнае, што тут ёсць велізарнае поле для партнёрства з нашымі беларускімі калегамі. Дэталёва, падрабязна мы абмеркавалі розныя варыянты развіцця лагістыкі грузаў і ў Беларусь, і з Беларусі праз порт Мурманска, праз Паўночны марскі шлях», — сказаў Андрэй Чыбіс.
Ён падкрэсліў, што Аляксандр Лукашэнка выказаў сур'ёзную зацікаўленасць не толькі ў арганізацыі экспарту беларускіх грузаў праз мурманскі порт, але і ў транзітным атрыманні грузаў з Кітая. «Магчымасць адпраўкі грузаў у адзін бок і атрымання (грузаў. — Заўв. БелТА) з Азіі — гэта дакладна дае магчымасць праекту зажыць. Хоць час няпросты з пункту гледжання інвестыцый. Гэта наш стратэгічны праект», — дадаў Андрэй Чыбіс.