Top.Mail.Ru

Будаўніцтва новага жылля — адзін са спосабаў дзяржавы пакапаціцца аб людзях

Адзін з галоўных індыкатараў развіцця краіны — наяўнасць і колькасць у вялікіх і малых паселішчах будаўнічых кранаў. Калі ідзе будаўніцтва — гэта значыць, у краіне клапоцяцца аб людзях. Аб тым, каб у іх было жыллё, каб былі побач з жыллём сацыяльныя аб’екты і аб’екты сэрвісу. Калі ідзе будаўніцтва — значыць, развіваюцца і іншыя галіны эканомікі. Разам з дамамі, школамі, бальніцамі, магазінамі, гандлёвымі цэнтрамі дзяржава будуе свой моцны падмурак, які становіцца важнай апорай незалежнасці і суверэнітэту.


У Беларусі будаўнічыя краны відаць паўсюль. У нас — час вялікай будоўлі, час умацавання таго самага падмурка, на якім стаіць краіна. Таму і падтрымка гэтаму — на самым высокім узроўні. І першы пасля выбараў указ кіраўнік дзяржавы падпісаў аб арэндным жыллі, а праз некалькі дзён з’явіўся яшчэ адзін указ Прэзідэнта — ужо аб спрашчэнні працэдур для юрыдычных асоб, якія будуюць больш складаныя аб’екты.

Палёгка для бізнесу. Будаўнічыя працэдуры для юрыдычных асоб спрошчаны

Прэзідэнт Беларусі 31 студзеня падпісаў Указ «Аб асаблівасцях будаўніцтва і прыёмкі аб’ектаў у эксплуатацыю», паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

У адпаведнасці з дакументам істотна спрашчаецца будаўніцтва юрыдычнымі асобамі аб’ектаў, якія адносяцца да чацвёртага і пятага класаў складанасці (паводле класіфікацыі, устаноўленай будаўнічымі нормамі Беларусі).

Прыёмка ў эксплуатацыю такіх аб’ектаў, збудаваных па паўторна выкарыстаных праектах ці праектах, якія прайшлі дзяржаўную будаўнічую экспертызу, будзе ажыццяўляцца толькі на падставе заключэння органаў Дзяржбуднагляду без атрымання заключэнняў іншых наглядных органаў. Заказчыкам даецца права будаваць (узводзіць, рэканструяваць, мадэрнізаваць) названыя аб’екты на падставе чарцяжоў, дастатковых для пацвярджэння выканання патрабаванняў бяспекі, і эскізнага праекта, узгодненага падраздзяленнем па архітэктуры мясцовага выканкама.

Склад і аб’ём неабходных чарцяжоў вызначаецца заказчыкам самастойна. Парадак узгаднення эскізнага праекта і яго склад будуць устаноўлены ўрадам. Указам выключаецца неабходнасць атрымання дазвольнай дакументацыі, распрацоўкі перадпраектнай, праектнай дакументацыі і правядзення яе экспертыз (будаўнічай, экалагічнай і іншых).

Асноўнымі ўмовамі прымянення спрошчанага парадку будаўніцтва з’яўляюцца наяўнасць у заказчыка зямельнага ўчастка, дадзенага ва ўстаноўленым парадку, а прызначэнне аб’екта, які будуецца, павінна адпавядаць зацверджанаму генеральнаму плану развіцця тэрыторыі.

У мэтах забеспячэння бяспекі аб’ектаў, якія будуюцца, указам прадугледжаны асаблівы парадак прыёмкі іх у эксплуатацыю з улікам патрабаванняў экалагічнай, пажарнай бяспекі і будаўнічых нормаў.

Нормы ўказа ў частцы спрошчанага парадку прыёмкі аб’ектаў у эксплуатацыю ўступаюць у сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання, растлумачылі ў прэс-службе.

Намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак, каментуючы прыняты дакумент, заўважыў, што ўказ не тое што спрашчае працэдуру, а адмяняе яе для будынкаў 4-5 класаў складанасці:

— Практычна ўжо не будзе ніякіх працэдур. Адзінае патрабаванне, якое павінен выканаць забудоўшчык, — атрымаць узгадненне ў архітэктуры раённага ўзроўню, якое пакажа, ці можна такі аб’ект у адпаведнасці з генпланам будаваць на ўчастку, які належыць патэнцыяльнаму забудоўшчыку. Гэта значыць, ён (указ. — Заўв. аўт.) фактычна адмяняе ўсе працэдуры.

На думку профільнага віцэ-прэм’ера, такое радыкальнае рашэнне павінна спрасціць дзейнасць бізнесу, павысіць яго эфектыўнасць, скараціць тэрміны пачатку будаўніцтва аб’екта:

— Практычна пасля прыняцця рашэння можна пачынаць будаваць, — дадаў ён.

Тлумачачы, якія аб’екты закрануць навацыі, Анатоль Сівак адзначыў, што 5 клас — гэта, напрыклад, гандлёвы пункт, крама да 1000 кв. м.:

— Гэта будынкі раённага ўзроўню, любога населенага пункта. У горадзе Мінску таксама такія аб’екты ёсць. Гэта невялікія гандлёвыя цэнтры, крамы да 1000 кв. м або вытворчыя аб’екты да 5000 кв. м. Скажам, на тэрыторыі трактарнага завода неабходна зрабіць цэх памерам 50 на 100 метраў або пяціпавярховы будынак адміністрацыйнай накіраванасці (бізнес-цэнтр). Гэта досыць буйныя аб’екты. Іх можна і новыя будаваць і рэканструяваць. Таму гэта (рашэнне. — Заўв. аўт.) фактычна паскарае эканамічныя працэсы.

Па словах Анатоля Сівака, указ закране прыватны бізнес, дзяржаўныя прадпрыемствы, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, усе галіны:

— Скарыстацца можа любы, няма абмежаванняў. Гэта дае права, яно не абавязвае: вы можаце будаваць у адпаведнасці з дзеючымі працэдурамі.

На яго думку, дзеючыя працэдуры будуць выконвацца тады, калі гаворка ідзе аб фінансаванні будаўніцтва за бюджэтныя сродкі:

— Таму што там важна расходаванне любога рубля, прыняцце эфектыўных рашэнняў. Хоць гэта не выключае магчымасць досыць простыя тэхнічныя рашэнні рэалізоўваць па такой схеме. Галоўнае, каб персанал забудоўшчыка быў уважлівы і афармленне актаў адпавядала фактычным выдаткам, не было нейкіх адхіленняў. Гэта ўсё магчыма, гэта не вялікая праблема. Будуюцца і бюджэтныя аб’екты з паралельным будаўніцтвам, праектаваннем. Ёсць асобнае рашэнне кіраўніка дзяржавы, якое дае права і да цяперашняга часу будаваць аб’екты па такой схеме. Таму гэта ўсіх закране.

Ацэньваючы аб’ём узвядзення аб’ектаў па новай схеме, Анатоль Сівак растлумачыў:

— На маю думку, на сёння можна да 50% аб’ектаў будаваць па такой схеме. Працэдуры складаліся гадамі, яны прадыктаваны (не сакрэт) перастрахоўкай чыноўнікаў на кожным працоўным месцы, калі кожны крок трэба ўзгадніць. Тут на першым месцы — адказнасць самога бізнесу.

Арэнднае жыллё — найбольш запатрабаваным работнікам

Указам «Аб асаблівасцях прадастаўлення і выкарыстання арэнднага жылля» рэгулюецца выдзяленне такога жылля работнікам найбольш запатрабаваных у краіне прафесій, растлумачылі ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

«Пашыраюцца кампетэнцыі мясцовых органаў улады на прыняцце рашэння аб выдзяленні арэнднага жылля, — адзначыла начальнік аддзела юрыдычнай работы і кадраў МЖКГ Вольга Герман. — Указ пашырае катэгорыі асоб, якія будуць мець права на атрыманне арэнднага жылля пры будаўніцтве і ўзвядзенні шматкватэрных жылых дамоў тыпавых спажывецкіх якасцяў».

Як складуць пералікі?

Раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты дакумент надзяляе правам вызначаць на месцах пералік спецыялістаў, у якіх мае патрэбу рэальны сектар і сацыяльная сфера рэгіёна, і прымаць рашэнні аб выдзяленні ім арэнднага жылля на падставе хадайніцтваў работадаўцаў з ліку розных органаў і арганізацый.

— Пералік прафесій будзе зацвярджацца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі па ўзгадненні з органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкамаў, іншых структурных падраздзяленняў, — падкрэсліла Вольга Герман. — Такім чынам, першае, што спатрэбіцца для рэалізацыі гэтага ўказа, — зацвярджэнне такіх пералікаў.

— Гаворка не ідзе пра засяленне арэнднага жылля, якое вызваляецца: тут дзейнічаюць нормы артыкула 111 Жыллёвага кодэкса, — адзначыла Вольга Герман. — Па агульным правіле, 40% — для асоб, якія маюць права на першачарговае атрыманне арэнднага жылля ў сувязі з характарам працоўных і службовых адносін. Астатнія 60 % размяркоўваюцца мясцовымі выканаўчымі распарадчымі органамі ва ўстаноўленым парадку — для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па месцы жыхарства.

Прадугледжваецца магчымасць самастойнага вызначэння долі арэнднага жылля, якое ўзводзіцца для работнікаў запатрабаваных прафесій, сказала Вольга Герман:

— Долю арэнднага фонду, які ўзводзіцца, будуць вызначаць распарадчыкі сродкаў ад здачы ў наём арэнднага жылля — аблвыканкамы і Мінгарвыканкам — на падставе хадайніцтваў гарадскіх і раённых выканкамаў.

Адна з умоў атрымання арэнднага жылля — выдзяленне яго на перыяд працоўных адносін з арганізацыямі, — патлумачыла Вольга Герман. — Пры гэтым мы гаворым не толькі аб дзяржаўных арганізацыях. Арганізацыі могуць быць любых формаў уласнасці. Любыя з іх змогуць выдаваць хадайніцтвы сваім работнікам.

У першачарговым парадку арэндным фондам будуць забяспечвацца работнікі, якія не маюць ва ўласнасці і ў карыстанні іншага жылля па месцы работы ў адпаведным населеным пункце. Калі чалавек спыняе працоўныя адносіны з арганізацыяй, арэнднае жыллё, якое вызвалілася, будзе размяркоўвацца сярод іншых работнікаў, дадала спікер. Калі складзецца сітуацыя, пры якой усе запатрабаваныя спецыялісты будуць забяспечаны арэндным жыллём, прызначанае для іх жыллё можна будзе размяркоўваць у адпаведнасці з агульнымі падыходамі, прадугледжанымі Жыллёвым кодэксам: 40% — першачаргавікам, 60% — тым, хто знаходзіцца на ўліку маючых патрэбу.

З улікам паніжальнага каэфіцыента

Аплата за карыстанне арэндным жыллём прадстаўнікам найбольш запатрабаваных прафесій, якія маюць першачарговае права на яго атрыманне, будзе разлічвацца з улікам паніжальнага каэфіцыента.

— Гэта значна зніжае памер платы за карыстанне арэндным жыллём, якое даецца ў сувязі з характарам працоўных і службовых адносін, і ўраўноўвае работнікаў найбольш запатрабаваных прафесій з катэгорыямі грамадзян, якія маюць права на першачарговае выдзяленне арэнднага жылля ў адпаведнасці з Жыллёвым кодэксам, — адзначыла Вольга Герман.

Указ вызначае не толькі прадастаўленне, але і выкарыстанне арэнднага жылля, дадала спецыяліст. У прыватнасці, гаворка ідзе пра магчымасць вызвалення ад платы за карыстанне арэндным жыллём на пэўны перыяд пры ўмове, што наймальнік робіць рамонт за ўласныя сродкі.

Акрамя таго, падкрэсліла Вольга Герман, практыка паказвае, што дзяржава — надзейны арэндадавец і людзі гэта цэняць:

— Першы раз дагавор заключаецца на тэрмін да пяці гадоў і пасля падаўжаецца неабмежаваную колькасць разоў. Гэта не прыватны фонд, калі ўласнік жылога памяшкання можа папярэдзіць жыхара аб неабходнасці з’ехаць на працягу месяца.

Маргарыта ЗАРОЎКІНА, Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю