Top.Mail.Ru

Будучае літаратурнай казкі абмеркавалі літаратары падчас круглага стала

Cустрэчы пісьменнікаў і чытачоў заўсёды натхняюць! Калі ж да творцаў далучаюцца навукоўцы, педагогі і прадстаўнікі кніжнага гандлю, абмеркаванне сучаснага літаратурнага працэсу яшчэ больш спрыяе з’яўленню цікавых ідэй і канструктыўных творчых стратэгій. Такой адметнай сустрэчай стаў адкрыты круглы стол «Сучасная літаратурная казка: суадносіны традыцый фальклору і літаратуры», які адбыўся ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Я. Купалы НАН Беларусі. 


Удзельнікамі круглага стала сталі выдатныя беларускія казачнікі: Уладзімір Ліпскі, Алена Масла, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Наталля Бучынская, Надзея Ясмінска, Наталля Андрасюк. Сустрэчу наведалі будучыя філолагі і настаўнікі пачатковых класаў з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка на чале з цудоўным выкладчыкам, «рыцарам беларускай кнігі» Ірынай Буторынай. На адкрыцці мерапрыемства дырэктар інстытута літаратуразнаўства доктар філалагічных навук Іван Саверчанка закрануў тэму ўзаемадачынення сучаснай дзіцячай літаратуры і міфалогіі.

11_19.jpg

Уладзімір Ліпскі падчас мерапрыемства.

Міф і мы

«Фальклор, фальклорныя вобразы — найважнейшая крыніца літаратуры, — мяркуе І. Саверчанка. — У народнай казцы прысутнічаюць найцікавейшыя персанажы: Кашчэй, Баба-яга, Каток — Залаты Лабок... Вобраз Кашчэя даследчыкі звязваюць з варожай сілай, Бабы-ягі — з пахавальным абрадам. Кот — шматмерная істота, якая жыве побач з чалавекам, выяўленне нашай сувязі з жывой прыродай. Гэтыя вобразы распрацоўваліся пісьменнікамі, мастакамі, кінематаграфістамі, адбывалася напластаванне сэнсаў — і сёння на базе фальклорных вобразаў можна стварыць выдатныя характары, якія будуць цікавыя сучасным чытачам, бо жывуць у глыбінях свядомасці». 

«Беларускія казкі — гэта наша глеба, але паўстае пытанне: як на гэтай глебе расці? — зазначае Н. Бучынская. — Як чалавек з міфалагічным светаўспрыняццем, нават калі я пішу кнігу, якая не датычыцца міфалогіі і фальклору, то ствараю для сябе пэўную гісторыю казачнага персанажа. Пасля перанашу яго ў сучаснасць і магу не звяртаць увагі на тое, што ў яго глыбінныя карані, — але гэта дазваляе распрацоўваць яго характар».

Пісьменніца Н. Ясмінска — аматар кніг, у якіх узнімаюцца праблемы ХХІ стагоддзя. «Лічу, што беларуская казка неабмежаваная, яна можа быць якой заўгодна — галоўнае, каб была напісана беларускім аўтарам. У мяне ёсць кніга пра Мешу — фальклорнага беларускага персанажа, які згадваўся яшчэ ў Паўла Шпілеўскага. Ёсць кніга пра эмацыянальны інтэлект, пра пачварку Кусь-Кусяндру. І я лічу, што гэта наша спрадвечная беларуская Кусяндра. Мне здаецца, адной наяўнасці беларускай міфалогіі ў дзіцячым творы ўжо недастаткова. Гадоў дзесяць таму, калі аўтары толькі пачалі пісаць пра гаёвак, вужалак, іншых незвычайных істот, гэта было цікава і арыгінальна. Цяпер такое выкарыстоўваюць амаль што ўсе аўтары, у кожнага ёсць свая гаёўка ці вужалка, і проста ўводзіць іх у сюжэт недастаткова, бо чытач трошку перакормлены беларускай міфалогіяй. Ёй, вядома, трэба карыстацца, але не варта забываць пра цікавыя сюжэтныя павароты, глыбінныя характары, трэба ўводзіць штосьці новае. Беларуская казка можа — але не мусіць — уваходзіць каранямі ў мінулае, у старажытнасць, да нашых прадзедаў. Бо ёсць сучасныя дзеці, якія прапануюць напісаць казкі пра зарадку для тэлефона, пра робата-пыласоса, — і гэта таксама будуць беларускія казкі».

Пісьменніцу падтрымлівае дырэктар кнігарні «Акадэмкніга» Вольга Глухоўская: «Здзівіць сучаснае дзіця Бабай-ягой вельмі складана, таму на дапамогу прыходзяць героі фэнтэзі, якія цяпер папулярызуюцца. Напрыклад, аднарогі. Гісторыі з імі не пужаюць і не застрашваюць, яны павінны дапамагчы ў адукацыйным працэсе, зацікавіць дзяцей чытаннем і нагадаць пра існаванне дабра і зла».

Зрэшты, пісьменнікі звяртаюцца да розных канцэпцый і нават праз сучасныя вобразы актуалізуюць глыбінныя сэнсы, якія закладзены ў свядомасці дзякуючы народнай культуры.

Літкаманда

Поспех новых кніг залежыць ад літаратурнай каманды: чым большая яна — тым лепш. На думку А. Масла, кожнаму аўтару важна знайсці свайго рэдактара. К. Хадасевіч-Лісавая падкрэсліла значнасць працы мастака, «бо для дзяцей казка пачынаецца не з тэксту, а з малюнкаў ды афармлення вокладкі». Спрыяюць цікавасці да кнігі выхавацелі, настаўнікі пачатковай школы. Пісьменніца адзначыла, што маленькія вучні часта наведваюць бібліятэку. Калі ж дзеці пераходзяць у 6–7 класы, іх чытацкая актыўнасць змяншаецца. Таму аўтары выказваюць вялікую ўдзячнасць педагогам і бібліятэкарам, якія ў розных фарматах знаёмяць дзяцей з беларускай кнігай.

В. Глухоўская і Н. Ясмінска звярнулі ўвагу на важнасць падтрымкі бацькоў. Менавіта яны могуць растлумачыць незразумелыя рэчы, перакласці слова ці навучыць карыстацца слоўнікамі. 

Удзельнікі круглага стала падтрымліваюць фармат сямейнага чытання і пішуць так, каб не толькі дзеці, але і дарослыя знаходзілі ў кнігах штосьці цікавае для сябе. «У чытачоў казкі ўзросту няма! Нават дарослыя атрымліваюць асалоду ад гэтых твораў», — упэўнена К. Хадасевіч-Лісавая.

Промастратэгіі

Каб зацікавіць дзяцей, аўтары маюць безліч прапаноў. Пісьменніца з Брэста Н. Андрасюк прадэманстравала кароткі мультфільм, які зрабіла сама пры дапамозе штучнага інтэлекту паводле кнігі «Необыкновенные приключения Гаввара и Кундоса. Голубой кристалл». А. Масла распавяла ўдзельнікам сустрэчы пра мультфільм «Лагодны воўк», створаны на кінастудыі «Беларусьфільм» паводле сваёй аднайменнай казкі. К. Хадасевіч-Лісавая завітала на круглы стол разам з лялькамі. «Галоўныя героі маіх прэзентацый — гэта персанажы твораў, таму што дзеткам вельмі важная візуалізацыя. Заўсёды ўдзельнічае ў прэзентацыях іншапланецянін Вухуцік, які прадстаўляе лепшае, што маюць беларусы, а таксама лісачка Красуня — гераіня, якая падабаецца не толькі дзяўчынкам, але і мамам», — расказвае аўтар.

Н. Ясмінска таксама прыносіць на прэзентацыі цацкі і ладзіць спектаклі, а яшчэ робіць інсцэніроўкі з удзелам наведвальнікаў, прапануе віктарыны, інтэрактыўныя гульні. «Пад кожную кнігу ёсць свая праграма. Магу падрыхтаваць монаспектакль, прынесці „рыбу мары“, на лускавінках якой можна штосьці пісаць, ці валізку, якую адчыняеш, — а там намаляваны горад. Магу чытаць услых пад відэа і потым задаваць смешныя пытанні. Напрыклад, што зрабіў герой з блакітнай ружай: падараваў дзяўчыне ці зварыў з яе варэнне?»

11_19 b.jpg

Наталля Андрасюк у дыялогу з чытачамі.

Задаваць дзецям адмысловыя пытанні любіць і Н. Бучынская: «Казка актывізуе фантазію, таму на сустрэчах з чытачамі абавязкова папярэджваю: няправільнага адказу няма, давайце прыдумаем версію, якая адрозніваецца ад навуковай. Часта дзеці баяцца ўключаць фантазію, але калі даюць свае адказы на пытанні — гэта вельмі цікава!»

Шаноўны У. Ліпскі нядаўна адзначыў 85-годдзе і, вядома, згадаў нямала цікавых гісторый. Так, у Слуцку пісьменнік дапамагаў садзіць дрэвы ў скверы на вуліцы Васіля Віткі і разам з дзецьмі крычаў: «Расце бэз да нябес!» Узнагародай было печыва з выявамі персанажаў твора В. Віткі «Птушыная школа». У дзіцячым садку У. Ліпскі часта разыгрывае казку «Рэпка» і нават выконвае галоўную ролю. А падчас круглага стала пісьменнік расказаў, як прыдумляць казкі, і зрабіў галоўнай гераіняй адну з удзельніц сустрэчы.

«Калісьці я папрасіў Уладзіміра Караткевіча напісаць для „Вясёлкі“ некалькі казак, — згадвае Уладзімір Сцяпанавіч, — Праз нейкі час ён даслаў дзве казкі — „Жабка і чарапаха“ і „Вясна ўвосень“. Яны ўвайшлі ў нашу класіку, змешчаны у шматлікіх выданнях. А разам з казкамі Караткевіч даслаў невялічкі ліст, у якім напісаў: „Якую ж складаную просьбу вы мне выказалі. Калі б ведаў, як гэта складана, то ніколі б не пагадзіўся пісаць для „Вясёлкі“ казкі“»... 

У чым сакрэт добрай казкі? На думку У. Ліпскага, галоўнае — гэта пачуццё дзяцінства і роднасць душы. Калі дзіця адчувае шчырасць аўтара, то з задавальненнем чытае кніжку.

Гісторыі натхняльныя...

Жанр казкі застаецца актуальным на працягу тысячагоддзяў. «У казцы ёсць усё, што ёсць у мастацкай літаратуры. Гэта выток нацыянальнай літаратуры, агромністы пласт духоўнай культуры, на якім расце нацыянальная проза кожнай краіны, — распавядае І. Саверчанка. — Казка — гэта і жыватворная крыніца беларускай духоўнасці, і найважнейшы інструмент, сродак выхавання. Без казкі, бадай, немагчыма ўявіць сучаснага цывілізаванага, духоўнага, маральнага чалавека. Мы ўсе шчаслівыя тым, што знаходзімся ў казачным святле: мы выраслі з казкай, з ёй фарміраваўся наш менталітэт, нашы культура, мараль, пачуццё нацыянальнай прыналежнасці. Казка — інструмент нацыянальнай кансалідацыі, пра якую шмат гавораць сёння палітыкі і эканамісты, яна ўнутрана аб’ядноўвае, робіць людзей адзінымі. Да таго ж казка выдатна развівае маўленчыя здольнасці дзіцяці: вучыць даваць ацэнкі, характарыстыкі людзей. Казка фарміруе крэатыўнасць — здольнасць ствараць, развіваць, прапаноўваць новыя ідэі. Калі чалавек пройдзе праз казку, менавіта там будзе закладзены гэты рэсурс. Мы хочам, каб свет быў прыгожы ды гарманічны, і казка — гэта выток народнай эстэтыкі, менавіта тут пануюць гармонія і прыгажосць. 

Для мяне як навукоўцы казка — важнейшы доказ з’яўлення беларускай нацыі. Яна ўзнікла ў пракаветныя часы, нашмат раней за пашырэнне хрысціянства. Разам з пачаткам фарміравання славянскай супольнасці пачала фарміравацца і казка. Ёсць гіпотэза, што менавіта на беларускім Палессі было ядро славян, і вучоныя-лінгвісты даводзяць, што па-мастацку адметнае беларускае, славянскае слова мы мелі ў песні, у казцы, у выкшталтаванай мове ўжо 2000 гадоў таму».

«Казка — адзін з самых старажытных жанраў літаратуры, глыбінная крыніца нашай культуры», — адзначае і У. Ліпскі. Казачныя персанажы — ад аднарогаў да гаваркіх катоў — прыйшлі да нас з мінулага. У творах сучасных аўтараў ёсць нямала міфалагічных і фальклорных герояў. У кнігах пра балота К. Хадасевіч-Лісавой гэта Багнік і Кікімара. У новай казцы А. Масла і Л. Мятлеўскай «Пачастунак для цмока» — цмок, які абуджаецца на Змеевай гары ў сучасным Мінску. У творчасці Н. Бучынскай — маленькі Красналюдка, які шые рознакаляровыя боты, адшуканы на дыване Язэпа Драздовіча супрацоўнікамі Музея беларускай маляванкі.Кнігі з гэтымі персанажамі, а таксама новыя нумары часопіса «Вясёлка» былі прэзентаваны ў рамках ІV Міжнароднага форуму даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі для вучняў гімназіі № 23 г. Мінска — і вельмі зацікавілі школьнікаў.

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Фота Юрыя ІВАНОВ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю