Ключавая перспектыва развіцця сталічнага транспарту, пазначаная і кіраўніком дзяржавы, — будаўніцтва чацвёртай лініі метрапалітэна. На старце ўзвядзення гэтай лініі будаўніцтва будзе весціся ў бок «Паўночнага берага», паведаміў дырэктар ААТ «Мінскметрапраект» Міхаіл Рудзько.
Акцэнт на раёнах
Распрацоўшчыкі ўжо прыступілі да работ, рыхтуюцца прапановы, разглядаецца праект. Згодна з ім, новая лінія налічвае 17 станцый, вядзецца абгрунтаванне для кожнай з іх. Таксама было адзначана, што для прыняцця рашэння ўлічваецца мноства фактараў, напрыклад пасажырапаток. З улікам таго, што сталіца забудоўваецца, а колькасць жыхароў расце, праекціроўшчыкі і будаўнікі робяць акцэнт на асобных раёнах. У якасці прыкладу прыведзены жылы мікрараён «Паўночны бераг». Дырэктар «Мінскметрапраекта» звярнуў увагу, што чацвёртая лінія метро будзе арыентавана на забеспячэнне падземным транспартам у першую чаргу яго жыхароў.
На першапачатковым этапе разглядаецца ўчастак тэрыторыі ад станцыі метро «Пушкінская» да «Парку Дружбы народаў». Гэта будзе першая частка кальцавой чацвёртай лініі метрапалітэна.
Станцыі з разыначкай
Згодна з умовамі прамысловай бяспекі, па словах Міхаіла Рудзько, перасадачныя станцыі чацвёртай кальцавой лініі сталічнага метрапалітэна будуць значна глыбейшыя за цяперашнія. Па праекце яны стануць пралягаць на глыбіні ад 20 да 25 метраў.
Аднак іншыя станцыі новай веткі метро, неперасадачныя, будуць знаходзіцца на звычайнай глыбіні — ад 12 да 16 метраў. Лінія будзе гэтак жа двухпутная. Ужо вядома, што кожная станцыя атрымае сваю разыначку ў дызайне і будзе адрознівацца колеравым вырашэннем. Разам з тым, як падкрэсліў кіраўнік «Мінскметрапраекта», яны будуць без празмернасцяў: у першую чаргу праекціроўшчыкі і будаўнікі кіруюцца прынцыпам практычнасці і адштурхоўваюцца ад мінімалізму.
«Па задумках праекціроўшчыкаў, архітэктурна-аздобныя работы займаюць невялікую долю ў кошце ўчасткаў гэтай лініі (каля 4 %). На вялікае скарачэнне выдаткаў, вядома, разлічваць не даводзіцца. Разам з тым прадугледжана мінімальнае аздабленне ўнутры тэхнічных памяшканняў, у аснове — архітэктурны бетон. Гэта свайго роду новаўвядзенні. Адзначу, што станцыі „Парк Дружбы народаў“, „Камароўская“ і „Пярэспа“, якія будуюцца цяпер, аздабляюцца з выкарыстаннем гэтай тэхналогіі», — дадаў Міхаіл Рудзько.
Хутчэй і зручней
У цэлым, чацвёртая лінія сталічнай падземкі аб’яднае тры існуючыя веткі, што дазволіць мінчанам перасякаць горад, эканомячы 10–15 хвілін на перасадках, лічыць дырэктар праектнай арганізацыі. Акрамя таго, кальцавая ветка зойдзе ў тыя раёны Мінска, якія цяпер метрапалітэнам не ахоплены. Але яе галоўная перавага ў тым, што яна спросціць перамяшчэнне жыхароў гарадоў-спадарожнікаў.
Праекціроўшчыкі разлічваюць, што кальцавая ветка метро павысіць якасць перавозкі пасажыраў і скароціць іх час у дарозе. На дадзены момант вядзецца актыўнае праектаванне, пачатак будоўлі запланаваны на 2030 год, або некалькі раней.
У тэму
Перспектывы зялёнай веткі
Сёння Мінскі метрапалітэн складаецца з трох ліній: першая ветка ўключае 15 станцый, другая — 14, трэцяя, зялёная, налічвае сем станцый і будзе пашырацца.
Будаўніцтва трэцяй лініі сталічнага метрапалітэна ўскладнена шэрагам спадарожных фактараў, у прыватнасці высокім узроўнем грунтавых вод, што ўплывае на тэмпы ўзвядзення як інжынерных сетак, так і самога метро. На гэта звярнуў увагу дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Дырэкцыя па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна» Павел Царун.
Работы па прадаўжэнні трэцяй веткі сталічнай падземкі ідуць поўным ходам. Да канца гэтага года ў планах — завяршыць перакладку інжынерных камунікацый і збудаванняў. На гэтым участку прадугледжана будаўніцтва станцый адкрытым спосабам і будаўніцтва перагонных тунэляў закрытым.
«Мы пачынаем збудаванне перагонных тунэляў ад станцыі метро „Парк Дружбы народаў“. Ужо забіта частка мацавання катлавана, вядуцца земляныя работы, выконваецца водапаніжэнне, — пракаментаваў ён. — Адзначу, што гэты ўчастак будаўніцтва метро больш складаны з-за высокага ўзроўню грунтавых вод. Ужо на глыбіні 1–1,5 метра ад паверхні зямлі мы сутыкаемся з грунтавымі водамі, што адбіваецца на тэмпах будаўніцтва як інжынерных сетак, так і непасрэдна метро».
«Мінскметрапраект» распрацаваў мерапрыемствы, якія дазваляюць выконваць арганізаванае водапаніжэнне. Акрамя таго, вывучаюцца магчымасці для павелічэння тэмпаў будаўніцтва ўчастка, прапрацоўваецца закупка дадатковага шчытавога комплексу, які дазволіць скараціць тэрміны будавання перагонных тунэляў закрытым спосабам, а пасля і завяршыць узвядзенне станцыйных комплексаў.
Паралельна вядуцца работы па праектаванні чацвёртай лініі Мінскага метрапалітэна ад станцыі «Парк Дружбы народаў» да «Пушкінскай» з вылучэннем чэргаў будаўніцтва. Павел Царун дадаў, што назвы для будучых станцый падземкі ўжо выбраны з улікам іх размяшчэння. Для гэтага была створана камісія пры Мінгарвыканкаме, якая правяла сур’ёзную работу.
Штогадовы аб’ём перавозкі пасажыраў мінскім метро — да 300 мільёнаў чалавек. Удзельная вага метрапалітэна ў гарадскіх перавозках камунальным пасажырскім транспартам набліжаецца да 40 %, а сярэднясутачная перавозка — да 700 тысяч чалавек.