Аляксандр Лукашэнка выказаў крытыку кіраўніцтву Гродзенскай вобласці па шэрагу пытанняў у развіцці рэгіёна. Гэта датычылася перш за ўсё паўночных раёнаў — Смаргонскага, Ашмянскага, Астравецкага. «Я добра вывучыў сітуацыю ў паўночных раёнах Гродзенскай вобласці. Вы мяне пачулі, але не ўсё зрабілі. Будучы год для вас — лакмусавая паперка», — падкрэсліў ён.
Прэзідэнт звярнуў увагу на неналежную сітуацыю на палях, якую месцамі назіраў з борта верталёта. «Гэта не гродзенскі варыянт. Так справа не пойдзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым ён паставіў дадатковыя задачы па развіцці паўночных раёнаў Гродзенскай вобласці. Для гэтага патрэбны адпаведны план, да рэалізацыі якога павінен падключыцца і прамысловы сектар, уключаючы прыватных інвестараў.
«Нам патрэбны план аднаўлення гэтых трох раёнаў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Усю прамысловасць поўначы (Гродзенскай вобласці. — Заўв. БелТА) падцягнуць сюды, навесці ідэальны парадак. На гэта ў вас будучы год».
«Гэта для вас экзамен. Далей цягнуць не можам. Гэта не ўзровень Гродзенскай вобласці», — канстатаваў Прэзідэнт.

Што да развіцця вобласці ў цэлым, то, як далажыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, тут выкананы тры з чатырох паказчыкаў, даведзеных урадам. Некалькі адстае вытворчасць прамысловай прадукцыі — выкананне задання да кастрычніка складае 98,5 %. Аднак Юрый Караеў запэўніў, што да канца года плануецца дасягнуць адзнакі 100 %. Калі гаварыць аб сельскай гаспадарцы, то яе асноўным драйверам з’яўляецца раслінаводства.

Аляксандр Лукашэнка ўказаў і на будаўніцтва арэнднага жылля: «Пакуль ты 12 % недадаеш арэнднага жылля. Калі ты яго пабудуеш?». Па словах Юрыя Караева, у наступным годзе плануецца будаваць больш арэнднага жылля ў раёнах, менш — у Гродне і Лідзе.
Прэзідэнту далажылі аб планах да 2030 года нарасціць экспарт алею да $1 млрд
Беларусь плануе нарасціць экспарт алею да 2030 года ў 1,7 раза да ўзроўню 2025 года — да $1 млрд, далажылі Прэзідэнту ў час рабочай паездкі. Да 2030 года таксама плануецца павялічыць вытворчасць раслінных неачышчаных алеяў да 1 млн т, шроту/макухі — да 1,6 млн т. Усё гэта з ростам у 1,6 раза да ўзроўню 2025 года.



Прэзідэнту таксама далажылі аб рабоце ў Смаргоні ТАА «Белагратэрмінал». Гэта буйны вытворчы комплекс па перапрацоўцы алейных культур (соі і рапсу). Яго заснавальнікам з чэрвеня 2024 года з’яўляецца МКТАА «Садружнасць Рус», якая ўваходзіць у склад Групы кампаній «Садружнасць» — буйнога міжнароднага аграпрамысловага холдынга.

Кампанія не толькі паспяхова працуе, выпускаючы запатрабаваную на ўнутраным і знешнім рынках прадукцыю, але і актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі сацыяльных праектаў.
«Малайцы, добра працуеце з людзьмі, вытворчасць — люба-дорага паглядзець. Але — трэба крыху дадаць», — задаў планку кіраўнік дзяржавы.