Мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» запрашае на выстаўку «Высокае неба». Праект знаёміць з работамі выкладчыкаў і студэнтаў кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У экспазіцыі прадстаўлены творы, выкананыя ў розных відах і тэхніках, якія адлюстроўваюць каштоўнасныя арыенціры грамадства.
Выстаўка не мае агульнай тэмы, якая б чырвонай ніткай аб’ядноўвала ўсе работы. Аднак многія ўдзельнікі толькі пачынаюць свой творчы шлях, таму прадметы мастацтва звязвае ідэя пошуку сваёй індывідуальнасці, самабытнага выказвання, мастацкіх эксперыментаў і адкрыццяў, якія пазней сфарміруюць унікальны стыль майстра. У экспазіцыі прадстаўлены розныя віды мастацтва: ад класічнага жывапісу да традыцыйнай выцінанкі. Студэнты спрабуюць пераасэнсаваць вопыт былых пакаленняў і прыстасаваць старадаўнія віды мастацтва да новых рэалій. Так у працэсе навучання на аснове традыцыйных тэхнік ствараюцца новыя цікавыя і актуальныя творы, у якіх адлюстроўваецца творчая інтэрпрэтацыя багатай культурнай спадчыны народа, увасобленай у сучасным дызайне. Прыемна бачыць, як выцінанка, маляванка, ткацтва працягваюць жыць і развівацца ў творчасці маладых мастакоў.

Наталля Лінькова «Дрэва жыцця», 2025 г.
Маляванка найбольш шырока прадстаўлена ў экспазіцыі. Творы Марыі Катралёвай («Начныя палёты», 2024) і Кацярыны Раньшавай («Балотніцы», 2025, «У ціхім віры», 2025) адсылаюць гледачоў да славянскай міфалогіі. Можна заўважыць, што ў сваёй творчасці аўтары натхняліся работамі беларускай мастачкі Алены Кіш. Канешне, гэта ўжо не тыя маляванкі, якія ўпрыгожвалі вясковую хату, аднак новае прачытанне традыцыйнага мастацтва арганічна ўпісваецца ў сучасны інтэр’ер і становіцца яркім акцэнтам у гарадской кватэры.
Звярнуліся студэнты і да народнага ткацтва, спалучаючы традыцыйную тэхніку і актуальныя вобразы. Самай папулярнай формай стаў габелен, сюжэты для якога знайшліся ў беларускай літаратуры і фальклоры. Эльвіра Лібузер («Зорны шлях», 2024), Святлана Матвейчык («Звычайнае»), Вікторыя Патапенкава («Адлюстраванне», 2024), Маргарыта Захарава («Замалёўка», 2024), Кацярына Раманенка («Вышэй неба», 2024) натхніліся тэмай прыроды, дзе пануюць спакой і вечная гармонія. Абстракцыю можна ўбачыць у творчасці Наталлі Купцовай («Пачатак», 2020) і Кацярыны Мяркулавай («Сіняя вечнасць», 2022).
Сярод студэнтаў набірае папулярнасць кераміка, робячыся адным з вядучых кірункаў студэнцкай творчасці. Удзельнікі выстаўкі смела эксперыментуюць з формамі, колерамі і вобразамі, знаходзячы новы фармат мастацкага выказвання. У экспазіцыі дэманструюцца вырабы з гліны, палівы, шамоту і інш. Тут можна ўбачыць посуд з нацыянальным беларускім арнаментам, статуэткі герояў беларускіх народных казак, легенд і паданняў. Аўтарам цяжка было спыніцца на адным творы, таму гледачоў чакаюць цэлыя керамічныя кампазіцыі. У праекце ўзялі ўдзел студэнты з Кітайскай Народнай Рэспублікі Лі Цзяй і Лі Лін. Яны таксама звяртаюцца да тэмы народных звычаяў і расказваюць пра традыцыйныя кітайскія танцы, якія і сёння з’яўляюцца адметнай часткай святочных мерапрыемстваў, тэатральных пастановак і фестываляў.

Кацярына Раньшава «Балотніцы», 2025 г.

Алена Шаціла «Раніца вясны», 2025 г.
Каванне рэдка дэманструецца на падобных выстаўках, аднак экспазіцыя галерэі «Універсітэт культуры» дае гледачам магчымасць дакрануцца да сучаснай формы гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў выкананні беларускіх майстроў. На выстаўцы можна пазнаёміцца з работамі Сяргея Кудзікава «Гуканне вясны» (2024) і «Жылі людзі, верылі ў цмока» (2025).
Творы, выкананыя ў тэхніцы «валенне лямцу», здзіўляюць разнастайнасцю форм і сюжэтаў. Многія дагэтуль лічаць, што лямец выкарыстоўваецца толькі для дываноў і адзення, аднак маладыя творцы разбураюць гэтыя стэрэатыпы, ствараючы карціны, пано, скульптуры і аўтарскія арт-аб’екты.
Якая мастацкая выстаўка абыходзіцца без класічнага жывапісу? Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў працуюць у розных стылях, але большасць удзельнікаў аддаюць перавагу абстракцыянізму і экспрэсіянізму.

Эльвіра Лібузер «Зорны шлях», 2024 г.
Праект спадабаецца і тым, хто лічыць сябе прыхільнікам традыцыйных відаў мастацтва, і тым, хто цікавіцца творчасцю сучасных беларускіх майстроў. Падобныя выстаўкі — гэта магчымасць пазнаёміцца з будучыняй айчыннага мастацтва, пакуль яна толькі фарміруецца ў творах маладых аўтараў.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара