Уборачная кампанія — на асаблівым кантролі Прэзідэнта
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў селектарную нараду па пытаннях уборачнай кампаніі 2026 года. Гэта тэма заўсёды актуальная, асабліва з прычыны высокага сёлетняга ўраджаю, які пакуль яшчэ ў асноўным стаіць на палях. Яго трэба своечасова сабраць і, што немалаважна, — захаваць. Штогод на селектары абмяркоўваецца ход кампаніі. Кіраўнік дзяржавы асабіста ацэньвае гатоўнасць рэгіёнаў і актуалізуе задачы для кожнай вобласці ў прыватнасці і для ўсёй краіны ў цэлым.
«І ў войны, і ў мірны час людзям хочацца есці»
У фармаце відэаканферэнцсувязі да маштабнага мерапрыемства ў Палацы Незалежнасці далучыліся ўсе рэгіёны краіны. Губернатары і старшыні райвыканкамаў атрымалі задачы і каштоўныя парады ад Прэзідэнта з першых вуснаў.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў селектара, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сустрэча ў шырокім фармаце носіць традыцыйны характар, таму што ў гэту пару ўборка ўраджаю — адна з самых галоўных тэм нашай краіны. «Калі гаварыць пра менталітэт беларусаў, то ў нас трывала закладзена, што нават калі свет скалынаюць войны і канфлікты, а мяжа паміж здаровым сэнсам і вар’яцтвам асобных у тым ліку палітыкаў адсутнічае, нам трэба араць, сеяць і ўбіраць хлеб. Таму што і ў войны, і ў мірны час людзям хочацца есці, гэта найпершая іх патрэба», — звярнуў увагу беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўборачная кампанія — гэта не толькі пэўны экзамен, не толькі вынік усяго гадавога цыкла работы сялян, але і цвёрдая гарантыя нашай харчовай бяспекі і адна з асноў экспартнай валютнай выручкі. «А значыць, гэта клопат усёй дзяржавы, а не толькі сялян. Будзем з хлебам — будзем жыць, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — А каб краіна была з хлебам і мясам, каб прадпрыемствы не стаялі без сыравіны, фермы і комплексы — без кармоў, а дзяржзаказ быў выкананы, — трэба кожнаму адпрацаваць на сваім месцы годна і без усялякіх збояў. Усё для гэтага было зроблена, і віды на ўраджай добрыя».
Цяпер, адзначыў Прэзідэнт, трэба ўзяць гэты ўраджай па максімуме — без апраўданняў і спасылак на абставіны, у тым ліку на капрызы надвор’я. «Такія сюрпрызы ў нашых шыротах — звыклая карціна, і вопыт папярэдніх кампаній у нас маецца», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што сёння на палях усё ідзе паралельна: уборка збожжавых і азімага рапсу, другі ўкос траў, хутка трэба будзе сеяць азімыя культуры. «Граматна ўсё спланаваць — задача ўсёй вертыкалі: ад агранома і дырэктара сельгасарганізацыі да губернатараў і ўрада, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Пры гэтым, паводле інфармацыі ўрада, прагназуемы валавы збор збожжа будзе больш за 11 мільёнаў тон. Гэта значыць, узровень мінулага года сёлета мы павінны абавязкова перасягнуць. І памятайце, мы з вамі дамаўляліся, што леташні ўзровень — гэта ўзровень, на які мы будзем заўсёды арыентавацца, таму што ён быў досыць высокім і напружаным для нашага АПК».
«Зернесушыльныя комплексы павінны быць спраўныя, а за кожнай адзінкай тэхнікі замацаваны кваліфікаваныя людзі»
Як дакладваюць кіраўніку дзяржавы, у большасці рэгіёнаў ураджай збожжавых сёлета будзе не горшы, чым летась. «Ёсць пэўныя асцярогі за Брэсцкую вобласць. Але мне здаецца, тут больш недакладнасцяў, чым нейкіх асцярог. У параўнанні з 2025 годам на два тыдні, магчыма, затрымаецца развіццё кукурузы і, натуральна, уборка кукурузы на зерне перш за ўсё, — заўважыў Прэзідэнт. — Але павінен сказаць, што на сённяшні дзень мы дастаткова дакладна вызначыліся па аб’ёмах пасяўных плошчаў і ўборцы збожжавых, каласавых, рапсу, кукурузы і гэтак далей. Аптымальныя севазвароты, з аб’ёмамі мы вызначыліся дакладна. Гэта дазволіла нам, як вы бачыце, ад азімага ячменю да ўборкі кукурузы на зерне расцягнуць уборачную кампанію прыкладна на 3 — 3,5 месяца».

Напярэдадні, абмяркоўваючы праблемы ўборкі, Прэзідэнт пазначыў галоўныя ўмовы для паспяховай уборачнай кампаніі. Па-першае — гатоўнасць тэхнікі і кадраў. «Я маю на ўвазе актыўнай нашай тэхнікі: трактары, аўтамабілі, камбайны, а таксама зернесушыльныя комплексы павінны быць спраўныя, а за кожнай адзінкай тэхнікі замацаваны кваліфікаваныя людзі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Урад інфармуе, што гатоўнасць тэхнікі вышэйшая, чым летась, і складае 99 %. Гэтага дастаткова для паўнавартаснай уборкі. Думаю, што ў пачатку ўборачнай кампаніі ў вас будзе 100 % гатоўнасць тэхнікі».
У сельгасарганізацыях краіны маецца 6 800 збожжаўборачных камбайнаў. Акрамя таго, на ўборку выйдзе 400 новых камбайнаў, паведаміў беларускі лідар. «Разам з тым не ўсё так радасна, як хацелася б. Камітэтам дзяржаўнага кантролю на 14 ліпеня ўстаноўлены факты нізкай гатоўнасці збожжаўборачных камбайнаў у 36 са 146 правераных сельскагаспадарчых арганізацый, — канстатаваў ён. — У асобных гаспадарках Верхнядзвінскага, Шумілінскага, Калінкавіцкага, Смаргонскага, Ашмянскага, Быхаўскага, Крычаўскага раёнаў да рамонту прыступілі толькі напярэдадні ўборкі». Прэзідэнт у сувязі з гэтым даручыў забяспечыць тэхніку неабходнымі запчасткамі, своечасовым рамонтам і абслугоўваннем.
«Вы не горш за мяне ведаеце, што тэмпы ўборкі і мінімізацыя страт збожжа напрамую залежаць ад забяспечанасці гаспадарак палівам. Хацелася б пачуць, як ідуць справы на месцах з яго запасамі, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Як мне дакладваюць, праблема з механізатарскімі кадрамі ў цэлым вырашана. Дадаткова да ўборкі прыцягнулі (можа, пакуль на паперы) 2 331 чалавека. Разам з тым на 13 ліпеня не ўсе прыбылі ў гаспадаркі. Напрыклад, у Віцебскай вобласці — 485 механізатараў з неабходных 655».
«Спыненне зернесушыльнага комплексу роўнае спыненню ўсяго цыкла ўборкі»
Ключавая ўмова паспяховай уборкі менавіта сёлета — надзейнасць сушыльнай гаспадаркі. «Збожжа ў вялікіх аб’ёмах прыйдзецца прапускаць праз сушылкі. Як мінімум, адзін раз, каб пазбегнуць страт ураджаю. Таму ўсе збожжатакі і зернесушылкі павінны быць цалкам спраўныя, — арыентаваў беларускі лідар. — Пакуль гатоўнасць зернесушыльных комплексаў на паперы складае 97 %. І, як мяне інфармуе ўрад, наяўныя 1 660 зернесушыльных комплексаў дазволяць цалкам апрацаваць сутачны аб’ём збожжа. Ну, з кабінета ўрада так, а насамрэч — не. Аблятаючы ўсход Беларусі, цэнтр, я бачыў на збожжатаках немалую колькасць зерня, якое ляжыць у буртах».

«Спадзяюся, вы добра разумееце, што спыненне зернесушыльнага комплексу роўна спыненню ўсяго цыкла ўборкі, масаваму псаванню ўраджаю, зніжэнню яго класу. Факты негатоўнасці зернесушыльных комплексаў устаноўлены кантралюючымі ў кожнай пятай гаспадарцы. Літаральна на мінулым тыдні не працавалі 49 комплексаў, у тым ліку ў Віцебскай вобласці — 16, у Гомельскай — 13. Прычым у шэрагу раёнаў гэта адзіная зернесушылка гаспадаркі. Напрыклад, у Гомельскай вобласці не атрымалі дазволу на выкарыстанне прыроднага газу 15 з 88 зернеачышчальна-сушыльных комплексаў. Толькі пачалі ўборку, а ўжо маем звышнарматыўныя страты і безгаспадарчае стаўленне да захаванасці збожжа пры яго жніве, перавозцы і дапрацоўцы. Вось гэта недапушчальна», — падкрэсліў беларускі лідар.
Такія факты, паводле яго слоў, устаноўлены ў гаспадарках Жабінкаўскага, Зэльвенскага, Лельчыцкага, Пухавіцкага, Чавускага раёнаў.
«Асаблівасць цяперашняга жніва — нельга зніжаць тэмпы нарыхтоўкі кармоў, — канстатаваў Прэзідэнт. — Выдатныя першы і другі ўкосы траў ужо дазволілі нам нарыхтаваць на 5 % больш сенажу і на 55 % больш сена. Гэта на сённяшні дзень».
«90-х нават у гэтай дробязнай праблеме мы не дапусцім»
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на злачынствы, якія былі выяўлены з пачатку жніва. «Толькі пачалі ўборку, а МУС ужо выяўлена 46 злачынстваў. Асноўныя — гэта крадзеж камплектуючых і запасных частак, хабарніцтва. І на першым месцы — крадзеж гаруча-змазачных матэрыялаў, — канкрэтызаваў ён. — Праблема застарэлая. У мяне на стале вынікі свежага маніторынгу, які паказаў, што мясцовая ўлада да выкаранення крадзяжоў падыходзіць абы-як ці ўвогуле гэтым не займаецца. Таму нячыстыя на руку работнікі крадуць паліва і цалкам упэўненыя ў сваёй беспакаранасці».
Прэзідэнт дадаў, што ў сельгасарганізацыях паліва падфарбаванае. «Гэта значыць, што работнікі Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі перш за ўсё, кіраўнікі гаспадарак, іншыя адказныя асобы ў любы момант могуць праверыць гэта паліва, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І калі ў прыватнай асобы ці ж у міліцыянера ў баку ў наяўнасці гэта падфарбаванае паліва — трэба адказваць. І адказваць па ўсёй строгасці закона. Асабліва службовым асобам, якія носяць пагоны або вялікія партфелі. Такія факты былі выяўленыя, і я даручыў дзяржсакратару (Савета Бяспекі. — «Зв.») арганізаваць праверку па ўсёй краіне. Хай гэта не масава, але мы не можам дапусціць, калі я разлічваў на міліцыю, што яны будуць спыняць любыя спробы крадзяжу, але яны самі пакутуюць гэтым недахопам».
Выпадак, пра які расказаў Прэзідэнт, — адзінкавы, і ў міліцыі на яго ўжо адпаведным чынам адрэагавалі. Але абурэнне кіраўніка дзяржавы зразумелае, тут момант вельмі прынцыповы — калі размова ідзе аб людзях у пагонах, такіх фактаў, нават адзінкавых, быць не павінна.
«Што асабліва абурае, дык гэта тое, што некаторыя супрацоўнікі (гэта не толькі міліцыі датычыцца) праваахоўных органаў замест таго, каб змагацца з гэтымі несунамі, уваходзяць з імі ў долю і „крышуюць“, як у ліхія 90-я. Мужыкі, вы ж разумееце, што 90-х нават у гэтай дробязнай праблеме мы не дапусцім», — заявіў Прэзідэнт.
«Кіраваць уборачнай трэба ў полі, а не з акна кабінета»
Акрамя таго, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, падчас маніторынгу выяўлена каля 150 нецвярозых работнікаў. «П’янкі — ну гэта звычайная справа, іранічна заўважыў ён. — У ходзе праверак выяўлена пад паўтары сотні п’яных людзей, якія не павінны нават нюхаць, не тое што піць. Як заўсёды, выяўленыя прыпіскі ў аператыўнай справаздачнасці аб гатоўнасці тэхнікі і зернесушыльных комплексаў. Па краіне пракуратурай устаноўлены 41 выпадак, калі тэхніка была гатовая да работы толькі на паперы. Такія факты выяўлены ў 25 раёнах у Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. На мой погляд, адна з прычын гэтага ў тым, што асобныя кіраўнікі да канца так і не засвоілі простую ісціну ‒ кіраваць уборачнай трэба ў полі, а не з акна кабінета».

Часу на разварушванне няма, папярэдзіў Прэзідэнт. «Вы бачыце, Гасподзь нам не дазваляе разварушвацца. Масавая ўборка ідзе на 5-7 дзён раней за звычайныя тэрміны, і, з улікам моцных дажджоў і ўмеранага пацяплення, гэта будзе няпроста». Кіраўнік дзяржавы таксама заклікаў дапамагчы сабраць ураджай і на прысядзібных участках: «У першую чаргу трэба дапамагчы пажылым і адзінокім, якім больш няма на каго спадзявацца, акрамя кіраўніка сельгаспрадпрыемства і дзяржавы».
І, безумоўна, аснова ўсяго — дысцыпліна, якая, па словах Прэзідэнта, «павінна быць жалезнай з пункту гледжання захавання тэхналогіі і з пункту гледжання стаўлення да сваіх абавязкаў».
Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка папрасіў усіх дакладчыкаў у выступленнях быць абсалютна канкрэтнымі.
«Гэтага бардака цярпець ніхто не будзе!»
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў падрабязна расказаў аб сітуацыі, якая сёння складваецца ў АПК: «Даручэнне кіраўніка дзяржавы аб спраўнасці кожнага збожжаўборачнага камбайна не выканана. Мінсельгасхарч заяўляе аб 99 % гатоўнасці камбайнаў, аднак, як было адзначана 14 ліпеня, была слабая падрыхтаванасць. Плюс да гэтага, у кожнай 11-й арганізацыі былі прыпіскі».
Акрамя таго, патрабаванні Прэзідэнта «на кожны камбайн механізатара, а лепей — два», не выконваецца. «У кожнай дзясятай праверанай гаспадарцы няма замацаваных механізатараў. Адзін чалавек — на 2-3 машыны. Рашэнні застаюцца на паперы. Прыцягнута толькі 91 % ад дадаткова неабходных механізатараў», — паведаміў Васіль Герасімаў.
Кіраўніка дзяржавы пацікавіўся, якія меры прымаюцца ў дачыненні да тых, хто не спраўляецца са сваімі задачамі. Аляксандр Лукашэнка даручыў у максімальна кароткія тэрміны ліквідаваць праблемы.
«Вялікі паэт яшчэ пра нас гаварыў — „прозаседавшиеся“. Замест таго каб на месцах прымаць меры, мы засядаем. Таму Прэм’ер-міністру і вам трэба будзе на працягу гэтага і наступнага тыдня прыняць самыя жорсткія меры па ўсіх недахопах. І не трэба думаць, што мы застанемся без кадраў. Усе, каго вы там павыганяеце на месцах, павінны з вашага дазволу працаўладкавацца на іншую працу. Калі захочуць у Польшчу — калі ласка, хай едуць у Польшчу. Але вось гэтага бардака цярпець ніхто не будзе! Тым больш не мне вам тлумачыць, чаго каштуюць нам паліва, запчасткі, тэхніка ў наш час. І спакой забяспечыць, і бяспеку. Вось я папрашу міністра абароны, каб ён вам расказаў, што вакол адбываецца. А ў нас у краіне п’янкі, крадзеж і бардак. Гэтага быць не павінна! Таму ў вас час: гэты тыдзень і наступны. Прыняць вельмі жорсткія меры і далажыць», — паставіў канкрэтную задачу Прэзідэнт.
У гэтым пытанні кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на работу і адказнасць за сітуацыю ўпаўнаважаных Прэзідэнта па рэгіёнах. Ён таксама нагадаў аб патрабаванні па забяспечанасці кадрамі, каб для работы з тэхнікай, асабліва энерганасычанай, хапала механізатараў. «Мы дамаўляліся — ніякіх паставак энерганасычанай тэхнікі, калі няма механізатараў, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Распушчанасць і разбоўтанасць крайняя! Гэты тыдзень і наступны — і мне даклад. Публічна».
«Узялі — вярніце. І размоў іншых быць не павінна»
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў далажыў аб сітуацыі па краіне. «Сёлета нам трэба будзе ўбраць збожжавых і зернебабовых культур разам з кукурузай на зерне і рапсам на плошчы 2,4 мільёна гектараў. Рапсу мы павінны ўбраць на плошчы 486 тысяч гектараў. Гэта плюс 64 тысячы гектараў да ўзроўню мінулага года. Сёлета ў нас рапс захаваўся добра. Кукуруза на зерне — 390 тысяч гектараў, плюс 9 тысяч гектараў да ўзроўню мінулага года. Паводле ацэнак спецыялістаў і навукоўцаў, ураджай у першапачаткова апрыходаванай вазе сёлета на палях стаіць не ніжэйшы за ўзровень мінулага года».

У цэлым збожжавых і каласавых плануецца сабраць каля 8 мільёнаў тон, кукурузы на зерне — 2,4 мільёна тон — плюс 500 тысяч тон да ўзроўню мінулага года. Рапсу — 1,2 мільёна тон — плюс 200 тысяч тон да ўзроўню мінулага года. «Аграрыямі прыняты меры па своечасовай сяўбе збожжавага кліну, правядзенні ўборачных работ. Але, на жаль, ёсць недахопы. І сёння мы таксама ў ведамстве гэта бачым, і па нашых аператыўных маніторынгах спыняліся гэтыя парушэнні, і 294 службовыя асобы прыцягнутыя да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці», — паведаміў міністр.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся сітуацыяй з забяспечанасцю кадрамі. «На сённяшні дзень да нас не прыйшлі яшчэ 113 чалавек. У Віцебскай вобласці — гэта 59, у Гродзенскай вобласці — 54», — адказаў Юрый Горлаў. Ён таксама далажыў аб аб’ёмах паліва, якія неабходныя для ўборачнай кампаніі і іншых палявых работ у ліпені—верасні. «Крыніцы ўсе адпрацаваныя, пастаўка паліва забяспечаная», — сказаў ён. Тым не менш адзначана, што пакуль яшчэ аграсектар не ў поўнай меры разлічыўся за паліва, якое было ўзятае з матэрыяльнага рэзерву летась. Тэрмін вяртання быў вызначаны да 1 жніўня бягучага года.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым пазначыў сваю жорсткую пазіцыю: «Я вас у мінулым годзе папярэджваў: што вінен — аддаць павінен. Узялі — вярніце. І размоў іншых быць не павінна. Тым больш крадуць, не глядзяць, і ён мне расказвае пра гэта паліва. Я зараз з матэрыяльнага рэзерву (вазьму. — „Зв.“), а калі вайна заўтра? Калі вайна заўтра, не дай бог, што мы будзем рабіць?! А вы мяне з матэрыяльнага рэзерву зноў штурхаеце ўзяць паліва. Вы ж за гэта потым перад народам адказваць не будзеце. Таму ўзялі — вярніце. Вярнулі — дайце ім у доўг яшчэ паліва».
«Галавой адкажаце за парадак ва ўборачнай кампаніі»
Перш чым даць слова губернатарам, Прэзідэнт папярэдзіў усіх адказных — упаўнаважаных па абласцях, памочнікаў Прэзідэнта і старшыняў аблвыканкамаў: «Галавой адкажаце за парадак ва ўборачнай кампаніі! Я ведаю, хто там бывае, а хто — не. І калі вы думаеце, што можна з прахалодай прайсціся, потым пасядзець у кабінеце і паказаць, што ты там бываў і нешта рабіў, — так не атрымаецца».
Закранаючы тэму гатоўнасці тэхнікі да ўборачнай кампаніі, Прэзідэнт жорстка падкрэсліў, што да яе якасці не павінна быць ніякіх прэтэнзій.

Кіраўнік дзяржавы таксама прапанаваў Прэм’ер-міністру адправіць чыноўнікаў працаваць у палі. «Усіх чыноўнікаў вобласці, раёна і ўрада, калі ёсць такія, туды — на тэхніку! Не проста хадзіць і кантраляваць, кантралёраў у нас хапае — на тэхніку! Навошта ў райвыканкаме сотня там ці 80 чалавек сядзяць? Навошта яны там сядзяць?! У нас было ў савецкія часы дастаткова людзей у калгасах-саўгасах, але я памятаю, у райкам выклікалі: „Ты паедзеш у „Калгас 1 мая“. Сядай на гусенічны трактар, калі на камбайне не можаш працаваць“. Я працаваў на гусенічным трактары. Ніякі не механізатар. Дзень працаваў з механізатарам, а далей адзін. Чаму мы гэты вопыт не выкарыстоўваем? Чаго там ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі сядзець, калі куча нявырашаных пытанняў?! Няхай ідзе памочнікам на камбайн, на збожжаток хай ідзе памочнікам, вучыцца гайкі круціць. Усе павінны быць мабілізаваны! — жорстка запатрабаваў Прэзідэнт. — Вы бачыце, што робіцца з харчаваннем у свеце. Сёння можна зарабіць добрую капейку і не хадзіць з працягнутай рукой, не прасіць гэтых запчастак і паліва».
Прэзідэнт яшчэ раз папярэдзіў губернатараў: «Мы сабраліся сюды не для таго, каб філасофстваваць. Колькі ўбралі і якія праблемы? Вось два пытанні, усё астатняе — гэта ваша. Яшчэ раз паўтараю: арганізацыя ўборкі ўраджаю — гэта справа губернатара! Старшыня аблвыканкама і старшыні райвыканкамаў, я не гавару пра кіраўнікоў гаспадарак — яны за гэта адказваюць».
«Усіх, хто не ўмее працаваць, — у армію»
Дакладваючы Прэзідэнту аб арганізацыі і ходзе жніва ў Брэсцкай вобласці, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр ПАРХОМЧЫК удакладніў, што ў рэгіёне цалкам абмалочаны азімы ячмень, а таксама дзве трэці плошчаў азімага рапсу: «Азімага ячменю намалочана 160 тысяч тон пры ўраджайнасці 47,1 цэнтнера з гектара — плюс 1,8 цэнтнера да ўзроўню 2025 года. У цэлым убрана 22 % плошчаў збожжавых. Намалочана 307 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 41,1 цэнтнера з гектара. З 57 % абмалочаных плошчаў убрана салома. Азімы рапс абмалочаны на 66 % усяго кліну. Намалочана 147 тысяч тон алейнага семені, ураджайнасць — 30,6 цэнтнера з гектара, што на 4,6 цэнтнера больш за 2025 год. Церабленне лёну выканана на 80 % плошчаў, да 1 жніўня гэта работа будзе завершана».
Губернатар далажыў кіраўніку дзяржавы аб тым, што вырашана пытанне з прыцягненнем кадраў на жніво: «Дадаткова да аграрыяў прыцягнулі 412 механізатараў, у тым ліку 237 камбайнераў. У іх складзе — выпускнікі ВНУ, работнікі прамысловых арганізацый, МНС, МУС і іншых структур. Ва ўборцы ўдзельнічаюць 106 сямейных, 111 маладзёжных экіпажаў. Дадаткова задзейнічаны камбайны дзевяці мехатрадаў райаграсэрвісаў — усяго 30 адзінак. У цэлым у жніве ўдзельнічаюць 1323 збожжаўборачныя камбайны. Сёлета аграрыі атрымалі 98 новых прадукцыйных машын. Нагрузка на адзін камбайн складае 260 гектараў. Гатовыя выканаць пастаўленыя задачы і не дапусціць зніжэння вытворчасці збожжавых культур да леташняга ўзроўню».

Прэзідэнт звярнуў увагу на раней пастаўленае кіраўніком Брэсцкай вобласці пытанне аб вытворчасці піваварнага ячменю, перапрацоўка якога сканцэнтраваная ў Брэсцкай вобласці. Кіраўнік дзяржавы даручыў Савету Міністраў і Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання прапрацаваць пытанне разгрупавання вырошчвання гэтай культуры і ў іншыя рэгіёны.
Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся адпраўляць у армію тых, хто дрэнна працуе, не выконвае працоўную дысцыпліну ў сельскай гаспадарцы, асабліва ў перыяд уборачнай кампаніі.
«Ну чаго мы будзем у такім дэфіцыце кадраў надзяваць наручнікі? Папрасіце Хрэніна (міністра абароны. — „Зв.“), даручэнне маё яму перадайце. Усіх, хто не ўмее працаваць, — у армію і на паўднёвую граніцу, у лес! Вось там нашы хлопцы, сілы спецыяльных аперацый, па маім загадзе размеркаваныя па ўкраінскай граніцы. Гэта не значыць, што мы на кагосьці нападаем. Мы ні на каго не нападаем! Мы забяспечваем сваю бяспеку».
Прэзідэнт падкрэсліў, што служыць тым, хто не хоча працаваць, будзе нялёгка. «Звычайнымі салдатамі. Тыдзень падрыхтоўкі — гранатамёт, кулямёт — і туды, у распараджэнне сіл спецыяльных аперацый. Усіх туды, хто не выканае даручэнне. Гэта мой загад! Любы чыноўнік, любы. Ва ўрадзе, у аблвыканкаме, райвыканкаме — у гаспадарку, на трактар, верталёт, самалёт, на камбайн. Не ўмееш гайкі круціць — будзеш памочнікам, будзеш падносіць „снарады“... Любое невыкананне, Аляксандр Рыгоравіч (Вальфовіч. — „Зв.“), — у армію. Хай там служаць. У лесе будуць сядзець. Там таксама патрэбныя кадры. Няхай у перыяд уборкі там паслужаць. І чыноўнік, і той, хто не хоча працаваць», — запатрабаваў Прэзідэнт.
«Задачы трэба вырашыць у тэрмін»
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый КАРАЕЎ адзначыў, што ўборка азімага ячменю ў вобласці практычна завершана — убрана 36,7 тысячы гектараў, што складае 99,6 %. Губернатар прывёў лічбы: азімага ячменю намалочана 219 тысяч тон, ураджайнасць складае 59,8 цэнтнера з гектара. «Абмалочана 20 % плошчаў азімага рапсу, намалочана 57 тысяч тон алейнага семені пры ўраджайнасці 37,7 цэнтнера з гектара, — дадаў ён. — Прыступілі да ўборкі яравога ячменю, зернебабовых, азімай пшаніцы і трыцікале. Церабленне лёну-даўгунцу — 3,5 тысячы гектараў, або 50 % пасяўных плошчаў. Травяныя кармы (другі ўкос) — 75 %. Гэта 136 тысяч гектараў. На адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 10,8 кармавой адзінкі — плюс 1,2 да мінулага года. Уборка саломы праведзена на плошчы 27,6 тысячы гектараў, або 60 % ад убранага. І ўжо ўзарана 3 тысячы гектараў глебы пад сяўбу азімага рапсу. Для аказання дапамогі сельгасарганізацыям ва ўборцы ўраджаю плануецца дадатковае прыцягненне 193 адзінак аўтатрактарнай тэхнікі і 334 чалавек, прынятых на работу ў якасці камбайнераў».

Таксама Юрый Караеў адказаў на заўвагі кіраўніка дзяржавы і старшыні Камітэта дзяржкантролю: «Наконт п’яных работнікаў, якія з’яўляюцца ў кожнай зводцы, пастанова наступная: усіх да 1 кастрычніка ў ЛПП, замяшчаць іншымі працоўнымі рэсурсамі. З крадзяжом таксама змагаемся — яго шмат і вельмі прынцыпова выяўляе МУС. Але вельмі шмат выяўляюць і нашы кіраўнікі — я, калі разбіраюся па кожным выпадку, бачу, што калі выяўляюць факт кіраўнікі, то адразу клічуць міліцыю. Змовы тут ніякай быць не можа, што мяне вельмі радуе. Па тых заўвагах, якія былі па камбайнах: сёння ёсць толькі 6 старых камбайнаў, на якія дзесьці праблематычна дастаць запчасткі. Заўвагі ўлічым, і да наступнага сезона тых камбайнаў, якія значацца на ўліку, але не працуюць, не будзе, таму што і шэсць — гэта вельмі шмат».
Прэзідэнт звярнуў увагу ўдзельнікаў селектара на тое, што гаварыў губернатар Гродзеншчыны. «Яны пачалі ўзворванне, рыхтаваць глебу пад азімы рапс. Не трэба зацягваць, гэта не толькі ў яго. Я ўчора ў Мінскай вобласці аб’язджаў некаторыя палі, яны аруць. Таму не трэба зацягваць. Трэба, як бы ні было цяжка, трактар, паўтара трактара выдзеліць сёння і араць глебу, каб крыху раней пасеяць азімы рапс. Да сярэдзіны жніўня, ну дай бог да 25-га цалкам адсеяцца. Таму трэба ўжо сёння рыхтаваць глебу і араць. Не забывайце пра ўборку саломы, пра што гаварылі і адзін, і другі губернатары. Гэта вельмі важна, трэба вызваліць палі, трэба ў рулоны скруціць гэтую салому і звезці на край поля», — арыентаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што губернатар Гродзеншчыны закрануў важную тэму наконт сельгастэхнікі і спецыялістаў, якія працуюць на ёй. «Гэта справа кожнага кіраўніка, ну прынамсі старшыні райвыканкама. Яны там разбяруцца, колькі трэба камбайнаў. Гэта ваша справа. Але калі ў вас справы будуць ісці дрэнна, а ў гэты час камбайны або іншая тэхніка не будуць задзейнічаны — гэта ўжо прычына з вас спытаць. Таму вы не думайце, што я вас прымушаю гнаць на поле, як сяляне кажуць, і камбайнераў, і механізатараў, і даярак. Не, гэта ваша справа, але задачы трэба вырашыць у тэрмін», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Усе пытанні па паліве — да Прэм’ер-міністра»
У Мінскай вобласці трэба будзе ўбраць 406 тысяч гектараў збожжавых і зернебабовых культур без уліку грэчкі, проса і кукурузы на зерне, паведаміў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка. «Па стане на 21 ліпеня ўбрана 64 тысячы гектараў збожжавых культур, або 15,8 % да плана, намалочана 343 тысячы тон пры ўраджайнасці 53,5 цэнтнераў з гектара, што больш за ўзровень мінулага года на 7,2 5 цэнтнера з гектара. Мы практычна ўбралі азімы ячмень, засталося менш за 2 %. Вядзём работы па ўборцы азімага рапсу на планавай плошчы 102 тысячы гектараў. Убрана 8,5 тысячы гектараў, намалочана 23 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 28,2 5 цэнтнераў з гектара, што на 8,6 5 цэнтнераў з гектара больш за ўзровень мінулага года. Па меры паспявання астатніх культур будзем праводзіць іх уборку», — пералічыў Аляксей Кушнарэнка.
У Мінскай вобласці да ўборкі падрыхтавана з атрыманнем допуску 1 484 камбайны, або 99,8 %. «На адвозцы збожжа будзе задзейнічана 1 505 адзінак транспарту, у тым ліку прыцягнутыя 332 адзінкі тэхнікі іншых арганізацый. Для пасляўборачнай дапрацоўкі і сушкі збожжа маецца 399 зернеачышчальна-сушыльных комплексаў, іх гатоўнасць складае 99 %. Тэхнічная магчымасць сушкі збожжа на абсталяванні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў складае 136 тысячы тон у суткі, што дазваляе перапрацоўваць увесь дзённы намалот», — адзначыў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.
Губернатар Міншчыны закрануў у дакладзе і пытанне забеспячэння палівам. «Яшчэ раз хачу паўтарыць: паліва ў краіне дастаткова, — заўважыў на гэта Прэзідэнт. — І ў рэзерве, і акрамя абароннага рэзерву, пра які я гаварыў, усе пытанні па паліве (ну ўсякае бывае ў жыцці), трэба там бензавоз, два-тры ці цыстэрну кудысьці перакінуць — да Прэм’ер-міністра. Ён будзе вырашаць усе пытанні па паліве, уключаючы, калі трэба будзе задзейнічаць нешта з рэзерваў. Але ў тым ключы, як мы дамовіліся: доўг вярнуў — калі ласка».
«Лепш працаваць у полі, чым ваяваць»
Гаспадаркі Гомельскай вобласці гатовыя да актыўнай фазы ўборачнай кампаніі, а павелічэнне аб’ёмаў намалоту фіксуецца не толькі па азімых ячменю і рапсе, але і ў прагнозах на выніковы рэгіянальны каравай, далажыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Усяго ў Гомельскай вобласці трэба будзе ўбраць 390 тысяч гектараў збожжавых, зернебабовых культур і рапсу. Губернатар паведаміў, што тэхнічная гатоўнасць гаспадарак блізкая да 100 %: «На сённяшні дзень гатовыя і прайшлі тэхагляд 954 камбайны — гэта 99 % парка. Да канца тыдня будуць адрамантаваны астатнія. На адвозцы збожжа будзе задзейнічана 853 адзінкі аўтамабільнай і трактарнай тэхнікі. Для сушкі збожжа маюцца 193 зернесушыльных комплексаў. Іх гатоўнасць сёння складае 97%».
Адказваючы на пытанне Прэзідэнта аб тым, колькі зернесушылак у вобласці не гатова, старшыня Гомельскага аблвыканкама сказаў, што такіх пяць, але ўжо да канца тыдня большасць з іх запрацуе. Іван Крупко дапоўніў, што бягучы ўзровень гатоўнасці сушыльных комплексаў дазваляе забяспечыць перапрацоўку паўтарасутачнага аб’ёму ўборкі збожжа. Таксама ў рэгіёне больш актыўна сталі задзейнічаць плюшчылкі, якіх толькі ў мінулым годзе было закуплена 60 адзінак. Аб’ёмы збожжа, якое папаўняе кармавую базу такім спосабам, павялічыліся ў пяць разоў і ўжо дасягнулі 8 тысяч тон. Старшыня Гомельскага аблвыканкама падкрэсліў, што планавая работа ідзе па ўсіх напрамках.
Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што вельмі пільна назірае за Гомельшчынай: «Тэхналагічна вы вельмі моцныя ў кадрах. Трэба арганізаваць Гомельскую вобласць, каб яна годна выглядала. Галоўнае ў вас там — дысцыпліна. Дысцыпліна, парадак, сістэма — усё можна зрабіць».
Прэзідэнт зноў закрануў у новым ракурсе і кадравае пытанне: «І не забывайце, што ў нас вельмі шмат падсобных работ, асабліва на зернетаках і іншае. Калісьці мы выкарыстоўвалі, я памятаю гэта па сваёй працы, старэйшых школьнікаў. А чаму не запрасіць, не папрацаваць? Таму што вясковыя ўжо сёння хлопцы і дзяўчынкі не тыя, што былі раней. Яны ўжо нічым не адрозніваюцца ад гарадскіх. Яны не ведаюць, яны не могуць рыдлёўку ад віл адрозніць... І не шкадуйце падтрымаць матэрыяльна гэтых школьнікаў... Усіх трэба задзейнічаць. Усе хочуць есці, і есці добра. Мы ўмеем гэта рабіць, таму трэба задзейнічаць усіх. Лепш працаваць у полі, чым ваяваць. Таму вось гэта наша вайна — мірная вайна. Дзейнічайце!»
Наконт плюшчэння зерня Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта важна. І зноў згадаў пра неабходнасць строгага захавання тэхналогій: «Вы можаце сплюшчыць гэта збожжа, упіхнуць у гэты рукаў у поліэтылен, але не занясеце дастатковай колькасці кансервантаў — труба, загубіце ўсё».
«Дысцыпліна — у аснове ўсяго»
Найважнейшае пытанне — дысцыпліна. «Пра гэта гавораць усе. І тэхнолагі, і нетэхнолагі, і збеглыя, і прышлыя, і іншыя. Няма дысцыпліны — няма толку. Перш за ўсё, тэхналагічная дысцыпліна, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Калі людзі не разумеюць, што трэба выконваць тэхналогію, тады ўключаецца іншая дысцыпліна. Я ўжо сказаў і пра армію, і пра наручнікі, і гэтак далей. І не думайце, што гэта жарт». Кіраўнік дзяржавы даручыў міністру ўнутраных спраў: «Разам з пракурорамі трэба дапамагчы ў дысцыпліне. Трэба падключыцца і дапамагчы на месцах старшыням райвыканкама, кіраўнікам гаспадарак, усё расставіць на свае месцы. Мы не павінны здзекавацца з людзей. Ні ў якім разе. Але ты прыйшоў на працу — адпрацуй як мае быць і выдай вынік».
Марудзіць на жніве нельга. «Менш 6 % у дзень з наступнага тыдня ўбіраць нельга. 6 % — гэта самы мінімум, але лепш 7-8 %, — паставіў задачу Прэзідэнт. — На гэтым тыдні яшчэ, магчыма, як тут сіноптыкі нам абяцаюць, будзе дождж. Але з наступнага тыдня, чаго б нам ні каштавала, трэба ўбіраць. І без страт.»
Данііл Хмяльніцкі
Будзе дапоўнена.