Top.Mail.Ru

Бульба — на базе

У кастрычніку Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прымаў з дакладам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава. Асобнай тэмай даклада стала работа стабілізацыйных фондаў. Забеспячэнне насельніцтва агароднінай, яблыкамі — найважнейшая задача нашай дзяржавы. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання запэўніў: турбавацца наконт таго, што на прылаўках нашых магазінаў будзе адсутнічаць тая ці іншая прадукцыя, абсалютна няма чаго. Паводле яго слоў, пытанне па стабілізацыйных фондах — на кантролі. Карэспандэнты «Звязды» паглядзелі, як закладваецца ўраджай у адным са стабфондаў Мінскай вобласці.



Сялянская (фермерская) гаспадарка «Дружба і К», што ў Смалявіцкім раёне, займаецца вырошчваннем «набору для баршчу» (бульбы, капусты, цыбулі, буракоў і морквы), перцаў, розных сартоў таматаў і шмат іншага — усяго таго, што неабходна для абедзеннага стала. Закладка стабілізацыйных фондаў пачынаецца звычайна з сартавання. З поля прадукцыя паступае на пераборку (склад), дзе адбіраецца нестандартная, пашкоджаная ці тая, што не адпавядае пэўным патрабаванням. Сартаваннем тут займаюцца на ўчастку паблізу вёскі Пліса, а непасрэдна захоўваецца агародніна ў сховішчы ў Жодзіне.

Як расказаў начальнік аддзела па сельскай гаспадарцы і харчаванню Смалявіцкага райвыканкама Міхаіл ТАЛКАЧ, на 10 лістапада план па закладцы бульбы і агародніны выкананы на 100%: «Бульбы — 1 тысяча 141 тона (20,4 %), капусты — 1 тысяча 258 тон (22,5 %), морквы — 676 тон (12 %), цыбулі — 1 тысяча 100 тон (19,7 %), — удакладніў ён. — Усяго закладзена 5 тысяч 588 тон. Адыходзячы 2025 год быў дастаткова спрыяльным для росту і развіцця бульбы і агароднінных культур, якія закладзены ў стабілізацыйныя фонды». Для працяглага захоўвання, паводле слоў Міхаіла Талкача, падабралі познаспелыя, лёжкія сарты бульбы і агародніны. Ураджайнасць бульбы склала 350 ц/га, капусты — 290 ц/га, морквы — 250 ц/га, буракоў — 265 ц/га, цыбулі — 189 ц/га.

Калі мы пад’ехалі да сартавальнага ўчастка, то ўбачылі, што работа тут «кіпіць»: усе працавалі з самай раніцы і да апошняй машыны. Засталося зусім няшмат часу — да 15 лістапада стабілізацыйныя фонды павінны быць сфарміраваны. Хтосьці перабіраў цыбулю, хтосьці — бульбу, якую хутка перамяшчаў канвеер. Каманда сартавальнікаў у сваю чаргу не збаўляла тэмп.


Брыгадзір Тамара НАУМАВА расказала, што працоўны дзень пачынаецца ў 8 гадзін раніцы. Сама жанчына жыве каля Барысава, уставаць на працу прыходзіцца даволі рана. «Спачатку агародніну саджаем, потым — праполка, наступны этап — уборка. Каб вырашчанае не гніло, усё адпраўляецца на абсушку. Сартаванне — апошняе перад адпраўкай у сховішча, — адзначыла жанчына. — Бульбу, напрыклад, дзелім на буйную і „сеянку“, гніллё і камяні выкідаем».

Пакуль мы размаўлялі, трактар з гружаным даверху прычэпам агародніны новага ўраджаю адправіўся на плодаагароднінную базу, дзе захоўваецца прадукцыя. Мы паехалі следам. Аказалася, тут таксама актыўна ідзе работа. Пазнаёміліся з 23-гадовым паляводам Ксеніяй ЧЫСТАЙ. Дзяўчына працуе тут на пастаяннай аснове. Хоць і няпростая справа, але гэта для нашай суразмоўцы не перашкода: «Калектыў цудоўны, і ў справе дапамогуць, калі трэба, і так, жыццёвай парадай», — расказала яна.

Стабілізацыйныя фонды бульбы і агароднінных культур захоўваюцца ў спецыяльных сховішчах, дзе пастаянна рэгулюецца і кантралюецца рэжым захоўвання (тэмпература, вільготнасць). Акрамя таго, забяспечваецца вентыляцыя памяшканняў. Тэмпературны рэжым захоўвання для бульбы, расказала спецыяліст, — тры градусы цяпла, агародніны — да шасці. Вільготнасць паветра складае ад 85 да 95 %.


Дарэчы

У Мінскай вобласці завяршаецца фарміраванне стабілізацыйных фондаў бульбы, агародніны і яблыкаў на міжсезонны перыяд з 15 лістапада 2025 года па 31 мая 2026 года. Як адзначылі ў галоўным упраўленні гандлю і паслуг Мінскага аблвыканкама, для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб будзе закладзена больш за 8,6 тысяч тон бульбы, 4,4 тысячы тон капусты белакачаннай, 2,5 тысячы тон морквы, 1,6 тысяч тон буракоў, 2,4 тысячы тон цыбулі рэпчатай, амаль 1,8 тысячы тон яблыкаў.

Закладка стабілізацыйных фондаў у сховішчах сельскагаспадарчых арганізацый, сялянска-фермерскіх гаспадарак і аптовых арганізацый у Мінскай вобласці ажыццяўляецца пастаўшчыкамі для гандлёвых сетак і арганізацый сацыяльнай сферы.

Адпускныя і рознічныя цэны на плодаагароднінную прадукцыю ў арганізацыях будуць сфарміраваны ў адпаведнасці з максімальнымі цэнамі, устаноўленымі Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання і Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю (далей — МАРГ).

З 27 па 29 кастрычніка 2025 года ва ўсіх рэгіёнах краіны галоўнымі ўпраўленнямі МАРГ па абласцях і Мінску было праверана 23 агароднінасховішчы на прадмет ходу закладкі агародніны і яблыкаў у стабфонды, умоў захоўвання, якасці прадукцыі.

Вынікі маніторынгу сведчаць, што ў цэлым прадукцыя захоўваецца ў абсталяваных спецыяльных складах з сістэмамі вымярэння тэмпературы і вільготнасці, а таксама ў кантэйнерах або навалам. Візуальны агляд паказаў адсутнасць прыкмет псуты або гнілі, а якасць прадукцыі прызнана здавальняючай. Пытанні закладкі плодаагародніннай прадукцыі ў стабфонды знаходзяцца на асаблівым кантролі МАРГ.

Яна ВАЛАСАЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю