Наступным разам, як захочаце пасмакаваць бульбяныя снэкі і адкрыеце пакунак з чыпсамі айчыннай вытворчасці, згадайце з падзякай нашых аграрыяў-вытворцаў другога беларускага хлеба, якія ў сельгассезон 24/7 клапоцяцца аб тым, каб мы ласаваліся тымі самымі залацістымі пялёсткамі. Як на Гомельшчыне вырошчваюць і захоўваюць ураджай, кожны клубень якога павінен адпавядаць найвышэйшым патрабаванням перапрацоўшчыкаў і задаволіць спажыўцоў, даведалася карэспандэнт «Звязды».
На сельскагаспадарчым участку ТАА «Белпрадукт» у Кармянскім раёне ідзе праца, дакладнасць якой можна параўнаць з лабараторнай. Участак спецыялізуецца на вытворчасці бульбы чыпсавых сартоў. І сёлета тут атрымалі вельмі годны ўраджай — больш за 20 тысяч тон. Да такога выніку працаўнікі сельскагаспадарчага ўчастка прыйшлі ўсяго за тры гады.
Пачалі з пасадак на двухстах гектарах, а на наступны год плошчы пад культуру павялічылі амаль у паўтара раза. У гэтым сельгассезоне засадзілі ўжо больш чым 600 гектараў. І хоць у агранамічным плане вырошчванне бульбы чыпсавых сартоў амаль не адрозніваецца ад вырошчвання сталовай бульбы, каб атрымаць прадукт з патрэбнымі ўласцівасцямі і адпаведных параметраў, ёсць сваё важныя тэхналогіі.
— Усё пачынаецца значна раней за першую баразну. Здаровы, моцны насенны матэрыял — палова поспеху. Без гэтага нават самая перадавая тэхналогія не спрацуе, — тлумачыць аграном сельскагаспадарчага ўчастка ў Карме ТАА «Белпрадукт» Аляксей Кауноў. — Для вытворчасці чыпсаў патрэбна бульба з асаблівымі характарыстыкамі: высокім утрыманнем сухога рэчыва (крухмалу) і мінімальным — цукроў. Такія параметры закладваюцца найперш на ўзроўні селекцыі.
Пачынаюць сезон у сакавіку традыцыйна з падрыхтоўкі глебы. Калі яе тэмпература ўстойліва складзе +10 градусаў, прыступаюць да пасадкі бульбы. Улічваюць тут рацыянальнае выкарыстанне кожнага ўчастка зямлі: палі размешчаны даволі кампактна — на тэрыторыі каля населеных пунктаў Бераставец і Бярозаўка Кармянскага раёна.
Як зазначаюць спецыялісты, пасля таго, як насенне трапляе ў зямлю, галоўная работа толькі пачынаецца.
— Адзін з ключавых этапаў — ахова ад шкоднікаў, асабліва ад драцяніку. Пашкоджаны клубень не падыходзіць для чыпсаў. У сезон трэба правесці шэраг мерапрыемстваў па ахове ад хвароб, — звяртае ўвагу Аляксей Кауноў.
Вядома, шмат у чым работа аграрыяў залежыць ад надвор'я. Напрыклад, асаблівасць бульбы чыпсавых сартоў — павышаная патрабавальнасць да вільгаці.
У засушлівыя перыяды гэта сур'ёзны выклік. Кармянскія бульбаводы выкарыстоўваюць на асобных участках дадатковы паліў.
Убіраюць ураджай уласнай тэхнікай — бульбаўборачнымі камбайнамі — і адразу накіроўваюць на сартавальны комплекс. Тут бульба праходзіць строгі адбор: яе чысцяць ад зямлі і раслінных рэшткаў, калібруюць па памеры, адбракоўваючы пашкоджаную. Патрэбная фракцыя накіроўваецца на захоўванне.
Уласнае сховішча для агародніны ўмяшчальнасцю 15 тысяч тон, абсталяванае клімат-кантролем, — тэхналагічнае сэрца Кармянскага сельгасучастка ТАА «Белпрадукт». У сховішчы бульбу чыпсавых сартоў захоўваюць пры строгай тэмпературы +8 °C — ні больш, ні менш. І гэта не выпадковая лічба, як тлумачаць спецыялісты.
Пры больш нізкай тэмпературы ўнутры клубняў запускаецца працэс пераўтварэння крухмалу ў цукры, што псуе колер і смак будучых чыпсаў. Цукар пры высокатэмпературнай апрацоўцы карамелізуецца, і чыпсы становяцца не такімі залацістымі, а іх смак пагаршаецца. Таму ў сховішчы падтрымліваецца спецыяльны мікраклімат.
З месца захоўвання ў Кармянскім раёне партыя бульбы адпраўляецца на галаўную перапрацоўчую вытворчасць ТАА «Белпрадукт» у Гомель.
Не так даўно аграрыі Кармянскага сельскагаспадарчага ўчастка завяршылі сезон, а падрыхтоўка да наступнага ўжо ідзе. Галоўным зімовым клопатам стане падрыхтоўка машынна-трактарнага парка, каб ужо вясной, як толькі дазволіць надвор'е, зноў пакласці пачатак чарговаму бульбяному ўраджаю. Кармянскі раён, дарэчы, па выніках гэтага сезона — адзін з лідараў па вытворчасці бульбы ў цэлым у рэгіёне.
— Вырошчванне бульбы для перапрацоўкі — тэхналагічны цыкл, вялікі вытворчы ланцужок. Калі хоць адно звяно падвядзе, не атрымаецца той прадукт, які патрэбны, — гаворыць начальнік сельгасучастка ў Карме ТАА «Белпрадукт» Андрэй Літошка. — Пры пасадцы бульбы ўлічваем многія фактары: рацыянальнае выкарыстанне поля, улік бакоў гарызонту і шэраг іншых. На кантролі і культура земляробства. Мы пастаянна вучымся, глядзім, як працуюць замежныя спецыялісты, пераймаем вопыт нашых фермераў і стараемся працаваць сумленна, бо ў выніку на паліцы ў краме павінен быць прадукт, за які не сорамна.
Наталля КАПРЫЛЕНКА.