Top.Mail.Ru
215

БУТБ пасадзейнічае туркменскім прадпрыемствам у выхадзе на беларускі рынак

Беларуская ўніверсальная таварная біржа гатова стаць «адзіным акном» для дзелавых колаў Туркменістана, якія плануюць пастаўляць прадукцыю ўласнай вытворчасці або праводзіць закупкі ў Беларусі. Такую заяву зрабіў памочнік старшыні праўлення БУТБ Яраслаў Кавальчук па выніках наведвання міжнароднай выстаўкі-кірмашу «Міжнародны гандаль і паслугі» (ITSE 2025) у Ашхабадзе, паведамілі ў прэс-службе таварнай біржы.



Паводле слоў Яраслава Кавальчука, БУТБ зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва з туркменскім бізнесам як у частцы павелічэння аб’ёмаў здзелак, так і пашырэння наменклатуры тавараў, уключаных ва ўзаемны гандаль.

«Паколькі ў нас акрэдытаваны практычна ўсе асноўныя вытворцы і спажыўцы тавараў у Беларусі, то, заходзячы на біржу, туркменскія прадпрыемствы, па сутнасці, атрымліваюць доступ да ўсяго рынку нашай краіны, а таксама актуальную інфармацыю аб цэнах і ўмовах дастаўкі. Гэта значна спрашчае работу туркменскага бізнесу ў Беларусі і дае магчымасць мінімізаваць затраты часу і магчымыя рызыкі», — падкрэсліў прадстаўнік БУТБ.

Акрамя таго, памочнік старшыні праўлення беларускай біржы паведаміў, што на сёння біржавы тавараабарот паміж Беларуссю і Туркменістанам фарміруецца пераважна за кошт экспарту беларускіх піламатэрыялаў.

«Дынаміка станоўчая. У параўнанні са студзенем — красавіком мінулага года сума біржавых здзелак туркменскіх удзельнікаў таргоў вырасла больш як у пяць разоў — у першую чаргу за кошт павелічэння экспарту беларускай прадукцыі», — адзначыў Яраслаў Кавальчук.

Што датычыцца імпарту з Туркменістана, то, на думку прадстаўніка БУТБ, найбольш перспектыўнымі таварнымі групамі з’яўляюцца тэкстыль і плодаагароднінная прадукцыя. У сувязі з гэтым на палях ITSE 2025 праведзены перагаворы з шэрагам туркменскіх вытворцаў гэтай прадукцыі для прыцягнення тых на беларускую біржавую платформу.

У рамках візіту ў Ашхабад таксама адбылася сустрэча з кіраўніцтвам Дзяржаўнай таварна-сыравіннай біржы Туркменістана. Бакі абмеркавалі магчымасці актывізацыі супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне аналітыкі і абмену тэхналогіямі, што будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці беларускай і туркменскай біржавых пляцовак.

Па стане на 30 красавіка на БУТБ быў акрэдытаваны 21 рэзідэнт Туркменістана.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю