Кітай з’яўляецца адным з асноўных партнёраў Беларусі ў сферы электроннага біржавога гандлю, займаючы другое месца пасля Расіі па аб’ёмах узаемнага тавараабароту.
Дарэчы, сёлета за 9 месяцаў сума здзелак кітайскіх рэзідэнтаў на Беларускай універсальнай таварнай біржы дасягнула 127 мільёнаў долараў ЗША, што на 11 % больш, чым за аналагічны перыяд летась. Паралельна расце і колькасць кітайскіх удзельнікаў біржавых таргоў. З пачатку года іх стала на 68 больш, і на сённяшні дзень на БУТБ акрэдытаваныя 315 кампаній з КНР, уключаючы чатырох брокераў.
Такія лічбы прывёў намеснік начальніка ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці БУТБ Герман Пузырны, выступаючы ў рамках сесіі «Практычныя аспекты ўзаемадзеяння з кітайскімі контрагентамі» на Брэсцкім эканамічным форуме-практыкуме «Стратэгічны партнёр — Кітай». Мерапрыемства сабрала вядучых экспертаў з Беларусі, Кітая і Расіі, а таксама звыш 120 прадстаўнікоў дзелавой супольнасці, якія ўжо працуюць з КНР або толькі плануюць выйсці на рынак Паднябеснай.
— Пры прапрацоўцы кітайскага кірунку біржавога гандлю мы ўжылі комплексны падыход, што дазволіла за адносна кароткі перыяд дасягнуць жаданага выніку. Наяўнасць супрацоўнікаў з веданнем кітайскай мовы, прадстаўніцтва ў Шанхаі, сетка біржавых брокераў-рэзідэнтаў КНР, магчымасць разлікаў у юанях, спецыяльныя экспартныя гандлёвыя сесіі для Кітая — усё гэта дапамагло падабраць ключ да рынку Паднябеснай і прыцягнуць кітайскі бізнес на біржу, — адзначыў Герман Пузырны.
Пры гэтым, на думку прадстаўніка БУТБ, перспектывы развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў біржавой сферы каласальныя.
— Сёння з выкарыстаннем біржавога механізму ў Кітай пастаўляюцца беларускія піламатэрыялы і цэлюлоза, мяса-малочная прадукцыя і льняное валакно. Гэта падмурак біржавога гандлю з КНР, які мы пастаянна ўмацоўваем, нарошчваючы аб’ёмы здзелак і пашыраючы пул кітайскіх пакупнікоў. Разам з тым у Беларусі ёсць нямала таварных пазіцый, пакуль яшчэ не ўцягнутых ва ўзаемны біржавы гандаль з Кітаем, якія маглі б стаць новымі пунктамі росту. Тут маюцца на ўвазе не сыравінныя тавары, а гатовая прадукцыя з высокай дабаўленай вартасцю, — падкрэсліў Герман Пузырны.