На паўночнай ускраіне Брэста плануюць пабудаваць буйны спартыўна-забаўляльны комплекс, паведамілі БелТА ў Брэсцкім гарвыканкаме.
Для размяшчэння аб’екта зарэзерваваны ўчастак на вуліцы Лейтэнанта Рабцава, на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны «Брэст» — у прамысловай зоне «Казловічы». Праект прадугледжвае рэканструкцыю існуючых будынкаў і новае будаўніцтва. Увогуле комплекс будзе займаць амаль 9,4 тыс. кв. м.
У спартыўна-забаўляльным комплексе плануюцца тэнісныя корты з прафесійным пакрыццём і padel-корты з трыбунамі. Гэта дазволіць праводзіць не толькі трэніроўкі, але і спаборніцтвы. Таксама там маюць намер уладкаваць вялізную трэнажорную залу і тры залы аэробікі. Яшчэ адна задумка — картынг з электракарамі і шматузроўневай гоначнай трасай у памяшканні. Акрамя гэтага, праект уключае лазню, грамадскае харчаванне, крыты каток, аўтамыйку.
Брэсцкі гарвыканкам запрашае прыняць удзел у грамадскіх абмеркаваннях архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі аб’екта «Рэканструкцыя існуючых капітальных будынкаў пад спартыўна-забаўляльны комплекс». Азнаёміцца з экспазіцыйнымі матэрыяламі можна з 9 лютага па 23 лютага ў інфацэнтры (вул. Энгельса, 3) у будынку гарвыканкама з 8.30 да 17.30.