Top.Mail.Ru

Бузін: Нас забівалі, пазбаўлялі любой надзеі на будучыню. Нашчадкі тых, хто гэта рабіў, ступілі на той жа шлях

Пачвара ўзнімае галаву

22 чэрвеня 1941 года на нашу зямлю прыйшла бяда, якая забрала жыцці кожнага трэцяга беларуса. У далёкім 1945 годзе нашы продкі былі ўпэўнены, што знішчылі карычневую чуму, а Нюрнбергскі трыбунал у 1946-м вынес суровы і справядлівы прысуд ідэолагам фашызму і нацызму, распальвальнікам войн і нянавісці паміж народамі. На жаль, у ХХІ стагоддзі ідэалогія неанацызму становіцца рэальнай сілай у шэрагу дзяржаў.

Геаграфія адраджэння неанацысцкай ідэалогіі, калі зазірнуць у гісторыю, не выклікае здзіўлення. Фашызм і расізм — спараджэнне еўрапейскай культуры, дзе перавага белага чалавека заўсёды з’яўлялася праўдай у апошняй інстанцыі. Вялікабрытанія, Бельгія, Іспанія, Партугалія, Францыя, Італія, Германія — усе яны ў розныя перыяды выпампоўвалі са сваіх калоній багацці, маніпулюючы тэзісам аб боскім праве кіравання адсталымі народамі.

У свой час гэта ідэя была падхоплена Гітлерам і стала тэарэтычнай асновай ідэалогіі нацыянал-сацыялізму (нямецкага фашызму). Па сутнасці, яна ўключала тры галоўныя кампаненты: расавую тэорыю, ядром якой стаў антысемітызм; сацыяльны дарвінізм з яго прынцыпам барацьбы за існаванне, падчас якой моцны падпарадкоўвае або знішчае слабога; канцэпцыю заваёвы «жыццёвай прасторы» для германскай нацыі.

Менавіта з гэтымі наратывамі «нардычныя» народы пад сцягамі Трэцяга рэйха ішлі на Усход, несучы на нашу зямлю кроў, боль і слёзы. Пад выглядам прасоўвання «цывілізацыі» і «парадку» на савецкай тэрыторыі ажыццяўляўся генацыд народа, а жыццё нашых продкаў, «расава непаўнавартасных» паводле фашысцкай кваліфікацыі, рэальна нічога не каштавала.

Са свастыкай на форме на беларускай зямлі зверствавалі «адукаваныя еўрапейцы», якія ішлі ў чарговы крыжовы паход захопліваць, рабаваць, занявольваць, асвойваць жыццёвую прастору і вызваляць яе ад «недачалавекаў». Побач з імі «рупліва працавалі» літоўцы і латышы, эстонцы і палякі, украінцы і здраднікі іншых масцей. Усе яны былі ўпэўненыя ва ўласнай беспакаранасці, бо «фюрар нямецкай нацыі» вызваліў іх ад «хімеры сумлення».

Надзвычай ясна будучыню людзей у акупаваных краінах апісаў адзін з фашысцкіх ідэолагаў Гімлер: «Мяне ні ў найменшай ступені не цікавіць лёс рускага або чэха... Жывуць народы ў дастатку ці паміраюць з голаду, цікавіць мяне толькі ў той меры, у якой яны патрэбныя нам як рабы для нашай культуры, у астатнім гэта мяне абсалютна не цікавіць».

Пачынаючы з 22 чэрвеня 1941 года гэтыя людаедскія планы рэалізоўваліся на практыцы. Ахвярамі нацысцкага акупацыйнага рэжыму на захопленай тэрыторыі СССР сталі больш за 7 мільёнаў мірных жыхароў. Каля паловы ад агульнай колькасці закатаваных прыпадае на Беларусь, дзе «фабрыка смерці» працавала на поўную моц. Тысячы лагераў і гета, забароненых зон і турмаў устанаўлівалі новы еўрапейскі парадак.

Кожны дзень, кожную хвіліну «сапраўдныя арыйцы» і іх памагатыя знішчалі людзей: расстрэльвалі і спальвалі жывымі, вешалі і труцілі ў газавых камерах, марылі голадам і забівалі катаржнай працай. З машыннай педантычнасцю смяротны канвеер перамолваў мірных жыхароў, забяспечваючы дабрабыт Германіі і яе еўрапейскіх сатэлітаў.

Жыццё «недачалавекаў» нічога не каштавала, а пазбавіцца яго можна было ў любы момант. Смерць стала штодзённасцю на акупаванай тэрыторыі, а забойства — руціннай працай фашыстаў і іх паслугачоў. 1100 дзён доўжылася акупацыя Беларусі і штодзень нас станавілася менш на 3200 чалавек. Сёння гэта называецца проста — генацыд, але пра гэта сучасная Еўропа лічыць за лепшае не ўспамінаць.

Паказальна, што вёска Дальва Лагойскага раёна была спалена з усімі жыхарамі 19 чэрвеня 1944 года, за два тыдні да вызвалення Мінска. Яе лёс падзялілі сотні населеных пунктаў Беларусі.

Кроў, слёзы і нарабаваныя рэсурсы заняволеных народаў планамерна ператвараліся ў золата, асядалі на банкаўскіх рахунках фундатараў фашызму. Сярод іх мільярдэры з ЗША, Вялікабрытаніі, краін Еўропы. Пры гэтым «руплівыя еўрапейцы» не грэбавалі нічым, выкарыстоўвалі ўсё, уключаючы маёмасць, адзенне, абутак, кроў, косці і валасы сваіх ахвяр. Яскравы прыклад рэалізацыі «дэмакратычнага» прынцыпу — «грошы не пахнуць».

Сёння «цывілізаваны» Захад практычна перапісаў гісторыю, па-майстэрску жангліруючы паняццямі і фактамі, адмежаваўся ад цёмнага мінулага, актыўна прасоўваючы ідэю «абароны дэмакратычных каштоўнасцяў». У гэту канцэпцыю выразна ўкладаюцца адраджальныя прынцыпы нацыяналізму, якія робяцца абавязковым атрыбутам сучаснай палітыкі. Сотні прадажных «гісторыкаў» працуюць над абяленнем фашыстаў, трансліруючы свету наратыў, што вермахт змагаўся з партызанамі і падпольшчыкамі, а мірныя людзі «шчасліва жылі» пры новым парадку.

Аднак праўда страшнейшая. Нас, славян, забівалі, пазбаўлялі любой надзеі на будучыню і метадычна сціралі з твару зямлі, а жыццё «даравалася» толькі тым, хто быў карысны «цывілізаванаму» Захаду. Па сутнасці, нічога не памянялася і сёння.

Спадчыннікі фашыстаў не саромеючыся выкарыстоўваюць ідэалагічныя ўстаноўкі сваіх папярэднікаў, трансфармуюць грамадскую і індывідуальную свядомасць, песцяць ідэі ўласнай выключнасці і перавагі, практычна рэалізуюць рэваншысцкія праекты. З высокіх трыбун Еўрасаюза пра «ўласную выключнасць» вяшчаюць дзеці і ўнукі фашыстаў, яны ганарацца «слаўнай гісторыяй» продкаў. У чарговы раз робяцца спробы пашырэння «жыццёвай прасторы» і «справядлівага пераразмеркавання рэсурсаў». Як і дзесяцігоддзі таму, мірных жыхароў забіваюць «цывілізаваныя» прадстаўнікі Заходняга свету, а на іх уніформе зноў фашысцкая сімволіка. Сёння карычневая чума — гэта не літаратурная алегорыя, а рэальнасць нашага часу.

Пачынаючы з 2015 года на рэгулярнай аснове друкуецца «Майн кампф» Гітлера, Германія зноў заяўляе аб сваёй сусветнай місіі, мілітарызацыя стала аб’яднальнай еўрапейскай ідэяй, а свядомасць грамадзян замбіруецца наратывам аб непазбежнасці вялікай вайны. Называюцца канкрэтныя тэрміны яе пачатку — 2029 год. 

Мілітарысцкая істэрыя шчодра падсілкоўваецца ўсімі магчымымі спосабамі. У наяўнасці ўсе прыкметы падрыхтоўкі Захаду да вайны, а галоўны прынцып — жыць за чужы кошт — застаецца нязменным на працягу стагоддзяў.

Заходняя геапалітыка чарговы раз рэанімавала ідэалогію фашызму, адаптаваўшы да сучасных умоў. Еўрапейскія лідары на поўным сур’ёзе заяўляюць аб тым, што «Еўропа — гэта райскі сад, а ўсё астатняе — джунглі...»

У цэлым шэрагу краін на дзяржаўным узроўні рэабілітаваны фашызм і адроджаны неанацызм. Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Польшча перапісваюць гісторыю і гераізуюць фашызм, актыўна знішчаючы помнікі загінулым воінам. У парламенце Канады авацыямі ўшаноўваюць састарэлага эсэсаўца, італьянскія балельшчыкі скандзіруюць «мы — фашысты», а ва Украіне забойцаў абвяшчаюць героямі краіны і робяць з іх ідалаў.

Усяму гэтаму мы можам супрацьпаставіць Памяць — тое, што робіць нас людзьмі. Мы выстаялі і перамаглі 80 гадоў таму, упэўнены, мы абаронім гістарычную праўду, подзвіг продкаў і ўласную зямлю сёння.

Мікалай Бузін, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, доктар ваенных навук, прафесар

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю