Людзі сталага веку жывуць, вядома ж, па-рознаму. Нехта з ранку да вечара плачыцца, што ўсё ў яго дрэнна: і не бачыць, маўляў, і не чуе, і не помніць — усё, што можа, карацей, — гэта сядзець на канапе. А нехта...
Людзі сталага веку жывуць, вядома ж, па-рознаму. Нехта з ранку да вечара плачыцца, што ўсё ў яго дрэнна: і не бачыць, маўляў, і не чуе, і не помніць — усё, што можа, карацей, — гэта сядзець на канапе. А нехта...
Франц Андрэевіч Ляжневіч у свае 80 з хвастом ні на зрок, ні на слых, ні на памяць не скардзіцца: упэўнена «рулюе» легкавушкай, дапамагае жонцы з градамі і гаспадаркай, выгульвае сабаку, з радасцю ходзіць у лес у грыбы. Хоць жыццё яго лёгкім ну ніяк не назавеш! Дзяцінства, можна сказаць, не было: бацьку забралі на фронт, вёску спалілі немцы.
Не нашмат палягчэла і пасля вайны. Францу, старэйшаму з дзяцей, давялося вельмі шмат працаваць: глядзець малодшых, пасвіць скаціну, палоць грады, баранаваць ды ганяць бульбу, зарабляць у калгасе працадні на касьбе і жніве. Гаротным было сялянскае жыццё, але ў адрыве ад зямлі хлопец сябе не бачыў. Вучыцца, праўда, хацеў.
Скончыўшы сямігодку, падлетак стаў хадзіць у сярэднюю школу (пехатой — пяць кіламетраў туды, пяць — назад), марыць пра гістарычны факультэт інстытута. І пры гэтым цудоўна разумець, што без яго (у хаце сямёра меншых дзяцей) маці адна не справіцца: яна іх проста не пракорміць.
Каб дапамагчы, Франц набывае прафесію «кіншчыка», тры гады возіць і «круціць кіно» жыхарам аддаленых вёсак. Толькі потым паступае ў педвучылішча, а яшчэ пазней, ужо працуючы настаўнікам, — на завочнае аддзяленне ў Смаленскі педінстытут.
...Не дзіва, што якраз у гэты перыяд аўтарытэтнага педагога і студэнта прызначаюць дырэктарам Навасёлкаўскай базавай школы.
Адзінае — ганарыцца гэтым Францу Андрэевічу зусім не выпадала, бо столь у школьных памяшканнях трымалася на драўляных падпорках, дах працякаў — заняткі праходзілі з пэўнай доляй рызыкі. На ўзвядзенне новага будынка грошай не было.
І тады новы дырэктар разам са старшынёй сельсавета Рамуальдай Шупляк напісалі пісьмо ў Вярхоўны Савет свайму дэпутату Максіму Танку.
Рэакцыя на ліст была на дзіва аператыўнай: знайшліся і сродкі на будаўніцтва, і тыпавы праект (нават з чатырохкватэрным домам для настаўнікаў!), пачаліся работы.
Мне, тады прарабу ПМК-25, давялося шмат сустракацца з Францам Андрэевічам. Нягледзячы на занятасць (днём — работа ў школе, вечарам — сям’я, дзе двое малых), дырэктар добра вывучыў праектную дакументацыю і зрабіў досыць слушныя папраўкі, да таго ж кожны дзень заходзіў на будоўлю, дапамагаў «разрульваць» многія няўвязкі, арганізоўваў настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў на суботнікі. У выніку 1 верасня 1975-га (50 гадоў таму!) у яго новай школе прагучаў самы першы званок...
Сёння адносна спакойнае жыццё былога дырэктара (гісторыка... Мара збылася!) і яго палавінкі — каляжанкі Уладзіславы Сцяпанаўны — парушаюць хіба наезды родзічаў ды рэдкія, на жаль, сустрэчы з вучнямі. Разляцеліся яны па ўсім белым свеце, але настаўнікі часта ўспамінаюць іх. І нават спадзяюцца, што гэта ўзаемна.
Мікалай БАЛЫШ,
г. Ашмяны.