Напярэдадні Дня Перамогі ветэрана Ядвігу Яробкіну павіншавалі з надыходзячым святам, паведамляе БелТА.
Ядвіга Генрыхаўна нарадзілася 6 кастрычніка 1925 года. З 1943 года па студзень 1945-га яна працавала справаводам у сярэдняй школе нумар 18 у Краснадарскім краі. З лютага па май 1945 года — санітаркай у ваенна-санітарным поездзе. Яна расказала, што Дзень Перамогі — самае важнае і галоўнае свята, якое яна сустракае шчыра, з любоўю, але і са смуткам і слязамі.

«У мяне старэйшая сястра загінула ў Сталінградзе. 18 параненых яна вынесла з поля бою. І я санітаркай была, даглядала параненых. Страх быў толькі, калі бамбілі. Персанал і лёгкапараненыя выбягалі з поезда пры бамбёжках. А ў мяне быў вагон цяжкапараненых, мы з імі заставаліся. Не было калі баяцца, трэба было за іншых непакоіцца», — адзначыла Ядвіга Яробкіна.
Яна таксама расказала, як сустрэла навіну аб Перамозе. «Помню той дзень, як цяпер. Я была ў Чэхаславакіі. Быў сонечны, ясны дзень, усе весяліліся, танцавалі. Вось так я сустрэла Перамогу. Я гэта памятаю і ніколі не забуду», — падзялілася ўспамінамі ветэран.

Вайна навучыла яе любіць людзей, берагчы Радзіму. «Я нарадзілася ў Мінску, тут мае продкі жылі, і я застануся тут. Трэба берагчы сваю краіну, любіць яе, людзей. Няма ніводнага чалавека без недахопаў, але трэба ўмець дараваць, не пляткарыць, не абражаць нікога», — падкрэсліла Ядвіга Генрыхаўна.
Сёння яе павіншавалі з надыходзячым святам у рамках акцыі «Савет Рэспублікі з падзякай ветэранам», якая праходзіць з 15 красавіка па 15 мая. Падарункі Ядвізе Яробкінай уручыла Cтаршыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава.