Па словах дэкана факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдата гістарычных навук, палітолага Аляксея БЯЛЯЕВА, сам факт учарашняй тэлефоннай размовы паміж лідарамі Беларусі і Расіі сведчыць аб глыбокім даверы паміж двума лідарамі, аб скаардынаванай палітыцы, якую праводзяць прэзідэнты Беларусі і Расіі, што з’яўляецца паказчыкам вельмі блізкага, цеснага супрацоўніцтва. «Тэлефонная размова прэзідэнтаў краін, якія ўваходзяць у адно дзяржаўнае аб’яднанне — Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі, дэманструе, наколькі гэта аб’яднанне сёння запатрабавана, — удакладніў ён. — Пры гэтым мы бачым, што лідар Расійскай Федэрацыі знаёміць нашага Прэзідэнта, Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, з асноўнымі кірункамі сваіх палітычных дзеянняў на знешнім контуры. Гэты абмен інфармацыяй вельмі важны, паколькі Беларусь з’яўляецца паўнавартасным удзельнікам усіх міжнародных адносін і мае права атрымліваць ад бліжэйшага саюзніка, Расійскай Федэрацыі, самую вычарпальную інфармацыю».
Вельмі важным момантам, як заўважыў Аляксей Бяляеў, з’яўляецца тое, што ў размове Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін выказаў удзячнасць нашаму Прэзідэнту за аказанне прамой дапамогі ў абмене ваеннапалоннымі, які адбыўся на беларускай зямлі. «Гэта ўжо не першы выпадак, — падкрэсліў палітолаг. — Гэта пацвярджае, што Рэспубліка Беларусь, наша кіраўніцтва і асабіста Прэзідэнт напрамую ўцягнуты ў працэсы палітычнага ўрэгулявання вакол Украіны. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова паўтараў, што ён гатовы прадаставіць тэрыторыю краіны для вядзення перагаворнага працэсу і гатовы стварыць любыя ўмовы, абы гэта вайна спынілася. Гэта сведчыць аб тым, што беларусы выступілі не проста назіральнікамі, а ўдзельнікамі працэсу абмену ваеннапалоннымі, падкрэслівае, што ў нашых дзвюх краін, Беларусі і Расіі, ёсць вельмі сур’ёзны кантакты і ўзаемадзеянне на ўзроўні шматлікіх службаў па праблемах, звязаных з украінскім канфліктам».
Дэкан факультэта журналістыкі БДУ звярнуў увагу на тое, што ў размове паміж лідарамі закраналіся самыя розныя аспекты сучасных міжнародных і геапалітычных адносін. «Нягледзячы на тое, што дэталі размовы не агучваліся, гэтае кароткае ўпамінанне сведчыць аб тым, што і ў Беларусі, і ў Расіі ўзгодненая знешняя палітыка, не прадпрымаюцца спробы абысці, у прыватнасці, Беларусь, пакінуўшы нас адзін на адзін са сваімі праблемамі, — канкрэтызаваў Аляксей Бяляеў. — Мы ведаем, што, напрыклад, пытанні санкцыйнага ціску сёння разглядаюцца пакетна: еўрапейцы і Злучаныя Штаты ўключаюць у адзін пакет і Беларусь, і Расію. Супрацьстаяць гэтаму санкцыйнаму ціску мы таксама павінны разам. Гэты момант таксама вельмі важны. Вядуцца размовы, што тыя ці іншыя заходнія кампаніі хочуць вярнуцца на расійскі рынак. У дадзеным выпадку павінна ставіцца пытанне аб вяртанні да эканамічнай дзейнасці і ў Рэспубліцы Беларусь».