Сезон адкрыўся. Праўда, у Брэсцкім і Гродзенскім лясгасах вядзецца толькі выбарачная падсочка дрэў, а апярэдзіў усіх Слонімскі лясгас, які ўжо падрыхтаваў прэйскурант рэалізацыі гэтага напою.
Які цэннік?
Рух соку ў дрэвах пачынаецца ў нашых шыротах звычайна ў канцы сакавіка — пачатку красавіка. Так адбывалася ў тыя часы, калі зімы былі снежныя і марозныя. Сёлета з-за анамальна цёплай зімы нарыхтоўка гэтага гаючага напою стартуе ўжо ў сярэдзіне сакавіка. Як адзначыў спецыяліст Слонімскага лясгаса, сок у мясцовых лясах «ідзе» пакуль не вельмі хутка. Віной усяму адсутнасць снегу і прамерзлы прыкаранёвы ўчастак глебы. Але як толькі ўсё канчаткова «растане», сок пальецца проста раўчуком. Спецыялісты прадказваюць, што ў сувязі з гэтым сезон нарыхтоўкі натуральнага напою будзе хуткі і працягнецца ён не месяц, а максімум 2-3 тыдні.
Што датычыцца цэн на бярозавік, напрыклад у Слоніме, ён будзе прадавацца ў канторах трох мясцовых лясніцтваў і на стаянцы каля рынку «Наш край» на ўмовах франка-лесасекі (у месцах збору соку). Адпускная цана соку натуральнага на лесасецы 0,25 рубля за 1 літр, а са складаў лясніцтва — 0,32 рубля за 1 літр. Напрыклад, за пяцілітровую ПЭТ-бутэльку соку давядзецца заплаціць 2,9 рубля з улікам тары прадпрыемства.
Як нарыхтоўваць?
Канал падсочнай адтуліны высвідроўваецца на вышыні 35–50 сантыметраў ад каранёвай шыйкі з некаторым ухілам уніз. Ён выконваецца дыяметрам у 1 сантыметр (без уліку кары) на адлегласці не менш як 20 сантыметраў ад старога прапілу. Пасля заканчэння збору соку жалабкі павінны быць знятыя, адтуліны закрытыя коркам і замазаныя варам або садовай маззю.
Як правіла, з дрэва атрымліваюць 2-3 літры соку ў суткі. Для гэтага робяць надрэзы або надсечкі кары, у прарэз устаўляецца жалабок, а да яго прымацоўваецца ёмістасць. Актыўны перыяд збору бярозавага соку з аднаго дрэва складае каля 15 дзён, а агульны сезон збору — каля месяца.
Кожнае лясніцтва вызначае месцы, дзе яго можна здабыць, альбо сок можна купіць проста на лесасецы. Пры жаданні беларусы могуць нарыхтоўваць сок самі і бясплатна. Але па заканадаўстве неабходна ў абавязковым парадку звярнуцца ў лясніцтва. Спецыялісты пакажуць канкрэтныя дрэвы, якія можна задзейнічаць у нарыхтоўцы соку легальна. А для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў будзе выпісаны лясны білет.
Вядома, бярозавы сок можна збіраць не на ўсіх лясных угоддзях, пры гэтым не варта забываць і аб правілах арганізацыі падсочкі. Нельга нарыхтоўваць сок уздоўж аўтамабільных дарог і чыгунак, у населеных пунктах, парках і скверах, уздоўж рэк і вадаёмаў, на тэрыторыі помнікаў прыроды, а таксама ў месцах масавага адпачынку людзей. Нарыхтоўка соку насельніцтвам знаходзіцца пад кантролем лясгасаў. Ахвотныя асабіста збіраць сок павінны паклапаціцца і пра тое, каб дрэвы пасля падсочкі не пацярпелі.
Як захоўваць?
Свежы бярозавік трэба захоўваць у халадзільніку не больш чым двое сутак. А захоўваць карысныя рэчывы цэлы год дазваляе кансервацыя.
Гэты сок утрымлівае максімальны набор вітамінаў і мінералаў, ён нізкакаларыйны: у 100 грамах змяшчаецца ўсяго 25 ккал. Карысны для сэрца (з-за ўтрымання соляў кальцыю і магнію), страўніка, пры хваробах нырак; паляпшае абменныя працэсы ў арганізме і ўмацоўвае імунітэт.
У Беларусі штогод нарыхтоўваецца ад 12 да 17 тысяч тон гэтага карыснага напою.
У нашай краіне за незаконную нарыхтоўку бярозавіку прадугледжаны значныя штрафы. Згодна з артыкулам 16.19 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, памеры штрафаў складаюць:
- для грамадзян — да 20 базавых велічынь (да 840 рублёў);
- для індывідуальных прадпрымальнікаў — да 100 базавых велічынь (да 4200 рублёў);
- для юрыдычных асоб — да 500 базавых велічынь (да 21 000 рублёў).