Юрый Клачкоў з гродзенскага «Нёмана» выбыў на працяглы тэрмін з-за не самага характэрнага для футбалістаў пашкоджання — разрыву барабаннай перапонкі, паведамляе Smartpress.
«Нёман» прабіўся ў фінал Кубка Беларусі, прайграўшы ў матчы ў адказ «Віцебску» (0:1), але апынуўшыся мацней па суме дзвюх гульняў (перамога ў хатнім паядынку з лікам 3:0). Уклад расійскага паўабаронцы Юрыя Клачкова ў гэты поспех аказаўся мінімальным у сувязі з непрыемным інцыдэнтам.
Клачкоў з’явіўся на полі ў сярэдзіне другога тайма. Але не прайшло і дзесяці хвілін, як яму спатрэбілася вымушаная замена. Сутыкненне з абаронцам віцяблян Сямёнам Ягоравым прывяло да траўмы Клачкова. Прычым гульня ў корпус зусім не выглядала з боку футбаліста «Віцебска» груба. Тым не менш наступствы выйшлі вельмі цяжкімі.
У гульца «Нёмана» пацвердзіўся першапачатковы дыягназ — разрыў барабаннай перапонкі правага вуха. Акрамя таго, дыягнаставана страсенне мозгу. Праз гэта хаўбек прапусціць мінімум некалькі месяцаў.
Дадамо, што ў Клачкова на працягу апошняга сезону былі супрацьпаказанні да выхаду на поле і іншага роду. Перад тым, як стаць навабранцам «Нёмана» гэтай зімой, расеец меў цяжкасці з праходжаннем медагляду. Паведамлялася аб яго праблемах, звязаных з парушэннем сардэчнага рытму.