Top.Mail.Ru
96

Бяспечная пасяўная: прафсаюзы дапамагаюць аграрыям стварыць бяспечныя ўмовы працы

У перыяд пасяўной кампаніі прафсаюзы аказваюць практычную падтрымку сельскагаспадарчым арганізацыям і работнікам аграпрамысловага комплексу ў пытаннях аховы працы.


Грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства сёння — гэта вялікі комплекс мерапрыемстваў, які ўключае не толькі наглядныя функцыі. У першую чаргу прафсаюзныя спецыялісты аказваюць практычную дапамогу на месцах, дапамагаюць выяўляць магчымыя рызыкі і своечасова іх устараняць.

Напрыклад, летась у перыяд пасяўной кампаніі спецыялісты Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу наведалі амаль 700 сельгасарганізацый, выдалі рэкамендацыі на ўстараненне 2027 парушэнняў патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы.

Стан тэхнікі, аснашчэнне яе аптэчкамі і сродкамі пажаратушэння, аснашчэнне санітарна-бытавых памяшканняў, інструктажы і кантроль за станам работнікаў — пад увагай прафсаюзаў шырокі спектр пытанняў. Не менш важны акцэнт — не толькі забеспячэнне работнікаў спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай абароны, але і іх прымяненне. На практыцы дастаткова часта сустракаюцца выпадкі, калі наймальнік забяспечыў усім неабходным, але работнікамі сродкі індывідуальнай абароны не выкарыстоўваліся. У шэрагу выпадкаў гэта прывяло да траўміравання. У перыяд пасяўной кампаніі гэтыя пытанні набываюць асаблівае значэнне — работнікі кантактуюць з угнаеннямі і іншымі хімічнымі рэчывамі, якія патрабуюць захавання мер засцярогі.

Як адзначыў галоўны тэхнічны інспектар працы Федэрацыі прафсаюзаў Павел Манько, задача спецыялістаў — падказаць, дзе ёсць слабыя месцы, звярнуць на іх увагу і наймальнікаў, і саміх работнікаў.

— У практыцы парушэнні сустракаюцца розныя. Дзесьці гэта пытанні арганізацыі працоўных працэсаў, дзесьці ёсць пытанні да стану тэхнікі. Звяртаем увагу і на арганізацыю бытавых умоў: наяўнасць душавых, месцаў для прыёму ежы, памяшканняў, дзе работнікі могуць адпачыць і аднавіць сілы. Такія, на першы погляд, простыя рэчы напрамую ўплываюць і на самаадчуванне работнікаў, і на агульную бяспеку працы, — дадаў Павел Манько.

Трэба адзначыць, што ў час наведвання арганізацый пры неабходнасці аказваецца і практычная падтрымка: прафсаюзныя арганізацыі дапамагаюць з абсталяваннем бытавых памяшканняў, у тым ліку электрапрыборамі для пакояў прыёму ежы. Напрыклад, у Пінскім раёне для работнікаў шэрагу прадпрыемстваў закуплены кулеры для вады, набыты персанальны камп’ютар і пажарныя апавяшчальнікі. Аказана і адрасная падтрымка. Райкам галіновага прафсаюза аказаў дапамогу трактарысту-машыністу, шматдзетнаму бацьку, які сам выхоўвае 4-х непаўналетніх дзяцей. Мужчыну перадалі маразільнік і мікрахвалевую печ. А ў Гомельскім рэгіёне для работнікаў розных арганізацый закупляліся бойлеры для падагрэву праточнай вады ў санітарна-бытавым памяшканні, чайнікі і інш.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю