Top.Mail.Ru

Бяспечныя канікулы на колах

Нагадваем правілы дарожнага руху, якія трэба выконваць на сродку персанальнай мабільнасці. 


З прыходам цёплых дзён вуліцы нашых гарадоў запаўняюцца моладдзю і школьнікамі, якія актыўна карыстаюцца сучаснымі сродкамі перамяшчэння. Веласіпеды, электрасамакаты, гіраскутары і монаколы сталі неад’емнай часткай гарадскога пейзажу. Аднак з ростам папулярнасці гэтых транспартных сродкаў павялічваецца і колькасць дарожных здарэнняў з іх удзелам. А цяпер пачаліся летнія канікулы, і для тых, хто застаўся ў горадзе, гэта праблема становіцца асабліва актуальнай.

Каб не здарылася бяды, нагадваюць у ДАІ, неабходна выконваць правілы дарожнага руху, якія зусім не складаныя. Нагадаем некаторыя з іх:
  • рухацца з дапамогай сродкаў персанальнай мабільнасці (СПМ), а менавіта так называюцца гэтыя транспартныя сродкі, можна па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці — па тратуары, не ствараючы перашкод для руху іншых пешаходаў;
  • карыстальнікам СПМ дазволена не злазіць з іх на пешаходных пераходах. Аднак пры гэтым яны павінны перасякаць праезжую частку з хуткасцю кроку пешахода, папярэдне пераканаўшыся, што выезд на праезжую частку бяспечны;
  • у цёмны час сутак і пры недастатковай бачнасці карыстальніку неабходна абазначыць сябе святлоадбівальнымі элементамі, а на самім СПМ павінна быць усталявана фара (ліхтар), якая дазваляе своечасова выявіць перашкоду для дарожнага руху;
  • хуткасць руху на СПМ павінна быць не больш за 25 км/г. Акрамя таго, у Мінску з’явілася вялікая колькасць зон абмежавання для руху на СПМ. Да іх адносяцца ўсе ўстановы адукацыі, а таксама некаторыя ўчасткі вулічна-дарожнай сеткі: паркі, скверы, станцыі метрапалітэна.
Абмежавана хуткасць руху:
  • у межах другога кальца — да 17 км/г;
  • астатні Мінск у межах МКАД — да 20 км/г;
  • на 200 аварыйна небяспечных участках — да 7 км/г.
Неабходна таксама прытрымлівацца правіла «адзін самакат — адзін чалавек». Не дапускаецца перавозка пасажыраў, калі на СПМ не прадугледжана спецыяльнае дадатковае сядзенне.

Катаць дзіця на СПМ, знаходзячыся на ім удваіх, забаронена — гэта рызыка траўматызму. Бацькам таксама варта памятаць, што дзецям ва ўзросце да 14 гадоў забаронена выкарыстоўваць СПМ (акрамя пешаходных і жылых зон).
Прычынай значнай частцы аварый з удзелам СПМ, што прыводзяць у тым ліку і да цяжкіх наступстваў, з’яўляецца недысцыплінаванасць карыстальнікаў, якія пры пераездзе нерэгуляваных пешаходных пераходаў не саступаюць дарогу пешаходам. Трэба заўсёды быць уважлівымі, бо нават секундная страта гэтай самай увагі можа прывесці да сур’ёзнай траўмы — самога ўладальніка СПМ ці выпадковага чалавека, які трапіўся на яго шляху.
Андрэй Матусевіч.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю