Top.Mail.Ru

Бяспека дзіцячых тавараў — пад пільнай увагай дзяржавы

Жаданне даць свайму дзіцяці ўсё самае лепшае часам у сучасных бацькоў трансфармуецца ў формулу «купіць яму ўсё, чаго ён хоча». Тавары для дзяцей і падлеткаў закліканы дарыць радасць дзецям і рабіць лягчэй жыццё бацькоў, але часам яны могуць утойваць небяспеку, адзначаюць спецыялісты Дзяржстандарта, педыятры і педагогі. У найбліжэйшыя гады бяспека дзіцячых тавараў будзе знаходзіцца пад самай пільнай увагай спецыялістаў па стандартызацыі як нашай краіны, так і партнёраў па Еўразійскім эканамічным саюзе.


Агучаны «антырэйтынг» тавараў, якія выклікалі непакой абласных інспекцый Дзяржстандарта. У ходзе праведзеных імі праверак і маніторынгаў у 2024 годзе былі выяўлены парушэнні па паказчыках бяспекі, абавязковым пацвярджэнні адпаведнасці, інфармацыі для спажыўца і маркіроўцы. Лідарамі «антырэйтынгу» сталі тавары для дзяцей і падлеткаў (29 % у агульным аб’ёме забароненай да ўвозу і абароту на тэрыторыі Беларусі прадукцыі). На другім месцы апынуліся, уласна, самі цацкі (24 %).

У Беларусі існуе шматступеньчаты кантроль, які праходзяць цацкі і тавары для дзяцей ад беларускіх і замежных вытворцаў. Дзіцячыя тавары тэсціруюць на адпаведнасць розным паказчыкам бяспекі, уключаючы патрабаванні да матэрыялаў і сыравіны, наяўнасць шкодных рэчываў, трываласць; правяраюць на ўстойлівасць да сліны і поту, вастрыню краёў і г. д. На паліцы большасці беларускіх крам небяспечныя дзіцячыя тавары не трапляюць. Але ж ёсць яшчэ рынкі, маленькія крамачкі, урэшце гандаль «з рук». Неабходна ўзмацненне жорсткасці кантролю за імпартам на тэрыторыю Беларусі дзіцячых тавараў і цацак, адзначаюць у Дзяржстандарце. І на гэтым шляху важна супрацоўніцтва з суседзямі — у першую чаргу з Расійскай Федэрацыяй, распрацоўка адзіных стандартаў Саюзнай дзяржавы і выпрацоўка агульных рашэнняў і мер, якія дазваляюць абараніць дзяцей і падлеткаў ад небяспечных тавараў. Якія дзіцячыя тавары выклікаюць найбольшую занепакоенасць у спецыялістаў абедзвюх краін, на нядаўняй выніковай калегіі Дзяржстандарта «Звяздзе» расказала дэпутат Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, першы намеснік старшыні Камітэта Дзяржаўнай Думы па абароне сям’і, пытаннях бацькоўства, мацярынства і дзяцінства Таццяна Буцкая. Яна падкрэсліла, што выхад з праблемных сітуацый важна знаходзіць разам.

Аўтамабільныя «адаптары»

— «Трохкутнікі», адаптары, фіксатары — верагодна, вы бачылі такія аксесуары для аўтамабіляў, — сказала дэпутат. — Ёсць аўтамабільныя дзіцячыя крэслы, а ёсць сурагаты-заменнікі, якія ўяўляюць сур’ёзную небяспеку для дзіцяці. Гэта я кажу як урач-педыятр.

Замест аўтакрэсел часам бацькі выкарыстоўваюць так званыя бескаркасныя фіксатары — тэкстыльныя «трохкутнікі» са шлейкамі, якія не толькі не абараняюць дзіця, але і самі па сабе могуць нанесці сур’ёзную траўму ў выпадку экстраннага тармажэння, адзначыла яна.

— Калі дзіця прышпіленае гэтым «трохвугольнікам», падчас рэзкага тармажэння аўтамабіля прыстасаванне можа разарвацца. Гузікі і кнопачкі не вытрымліваюць нагрузкі, і тады верхняя шлейка рэменя бяспекі, якая гэты «трохкутнік» адцягвае ўніз, імкліва падскоквае ўверх, праходзіць роўна па шыі дзіцяці і душыць яго, — тлумачыць эксперт. — Калі ж «трохкутнік» не рвецца, у экстраннай сітуацыі ён цісне на жывот дзіцяці. І паколькі тармажэнне бывае вельмі рэзкім, рэзкім будзе і ціск на ўнутраныя органы. Гэта можа прывесці да іх разрыву і крывацёку.

Такія тавары забароненыя да продажу, падкрэслівае суразмоўніца. Але іх усё роўна прадаюць і купляюць.

— Спадзяюся, што з дапамогай адзіных стандартаў Саюзнай дзяржавы нам удасца перамагчы іх продаж як у Расіі, так і ў Беларусі, — падкрэсліла дэпутат.

Адчувайце сябе ўпэўнена! 
Здзяйсняць бяспечныя і якасныя пакупкі дапаможа тэлеграм-канал Дзяржстандарту «Бяспека і якасць». Тут размяшчаецца фота і інфармацыя аб тых таварах, якія забароненыя да ўвозу і абарачэння на рынку нашай краіны.

«Атрутныя» цацкі

Дзіцячыя цацкі сёння выклікаюць мноства пытанняў, адзначае суразмоўніца.

— Пачнём з таго, што яны часам зробленыя з небяспечных для дзіцяці «дэталяў»: нітачкі, пацеркі, шарыкі малы можа праглынуць. У практыцы педыятраў нямала гісторый, звязаных з праглынаннем дзецьмі магнітных шарыкаў — ад канструктара або тых, што знаходзіліся ўнутры цацкі. У гэтым выпадку часам лік ідзе на гадзіны і нават на хвіліны. Гэтыя шарыкі злучаюцца ўнутры кішэчніка, і пачынаюцца працэсы, якія могуць прывесці да яго разрыву.

Яшчэ адна небяспека — фенолы: таксічныя рэчывы, што могуць утрымлівацца ў пластыку, фарбе, напаўняльніку цацкі. Гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі патэнцыяльна небяспечных рэчываў строга рэгламентаваныя, гэтае пытанне пільна адсочваецца кантралявальнымі органамі. Але «таксічныя» цацкі ўсё ж трапляюць і на беларускі, і на расійскі рынак. 

І тут асабліва небяспечнае пастаяннае ўздзеянне таксіну на арганізм дзіцяці, адзначае Таццяна Буцкая. Працяглы кантакт з «атрутнай» цацкай, калі яна стала любімай, прыводзіць да назапашвання ў арганізме шкоднай «хіміі». А потым бацькі дзівяцца: «ВРЗ за ВРЗ!», «Адкуль узялася алергія?»

У меншай ступені «грашаць» гэтым беларускія і расійскія вытворцы, але калі ацаніць тое, што выпускаецца ў шэрагу іншых краін («Роскачество» праводзіла адпаведнае даследаванне, расказала Таццяна Буцкая), то бяспека і якасць такіх цацак выклікаюць сур’ёзныя засцярогі.

— А калі закрануць тэму падгузкаў, то ў нас узнікаюць пытанні да ста са ста гэтых тавараў, — рэзюміравала прадстаўнік Камітэта па абароне сям’і.

Абараніць псіхіку

І яшчэ адзін немалаважны аспект, які выклікае трывогу ў экспертаў, — псіхолага-педагагічны складальнік. То-бок «ідэйны пасыл», які нясе ў сабе цацка.

У Расіі існуе закон, закліканы абараніць дзяцей ад розных негатыўных уздзеянняў з боку цацак: бактэрыялагічнага, хімічнага і ў тым ліку — псіхолага-педагагічнага, кажа дэпутат Дзярждумы РФ.

— Закон існуе даўно, але як ацэньваць псіхалагічны і педагагічны складальнік, за гэта дзесяцігоддзе рашэння так і не знайшлі, — адзначае Таццяна Віктараўна. — І ў нейкі момант нават сталі з’яўляцца меркаванні: можа, лепш выдаліць гэта з закона, калі мы не ведаем, як гэта ацэньваць. І мы пачалі ствараць ДАСТ на псіхолага-педагагічную экспертызу цацак. Гэтымі напрацоўкамі з радасцю падзелімся з беларускімі калегамі: нам неабходна прыйсці да адзіных стандартаў якасці. Неабходна дакладна разумець, што тыя цацкі, якія выраблены ў Расіі і Беларусі, дакладна адпавядаюць адзіным стандартам якасці, і мы можам іх падтрымліваць — у тым ліку і ад магазінаў, што немалаважна для бізнесу. У нас ёсць дзеці, дзеля якіх мы працуем, і айчынныя вытворцы, якіх мы падтрымліваем, таму што ўпэўненыя ў якасці і бяспецы іх прадукцыі.

ДАСТ на псіхолага-педагагічную экспертызу цацак цяпер на стадыі распрацоўкі, патлумачыла эксперт.

— І я буду ўдзячная, калі калегі з Дзяржстандарта змогуць далучыцца да гэтай працы. Мы ідзём да адзіных стандартаў, і нам важна ўжо на пачатку гэтага шляху ўлічваць усе экспертныя меркаванні, — падсумавала яна.

У тэму

Шлях да адзіных стандартаў

Кантроль за зваротам на ўнутраным рынку краіны ў 2022 годзе выявіў тэндэнцыю да ўзрастання колькасці цацак з жахлівым знешнім выглядам — герояў і персанажаў пераважна замежных мультфільмаў і камп'ютарных гульняў, расказала старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена Маргунова.

— У шэрагу краін ЕАЭС і СНД ёсць абмежаванні і забароны, устаноўленыя на нацыянальным узроўні, на рэалізацыю пэўнай прадукцыі для дзяцей і падлеткаў, — падкрэсліла кіраўнік Дзяржстандарта. — Забаронены да рэалізацыі некаторыя відэагульні, уведзены знакі ўзроставай катэгорыі для інфармацыйнай прадукцыі.

Аднак крытэрыі і патрабаванні, устаноўленыя ў нацыянальных заканадаўствах, істотна адрозніваюцца. Таму Дзяржстандарт выступіў з ініцыятывай узмацніць бяспеку цацак і прадукцыі для дзяцей і падлеткаў комплексна.

Першым этапам стала правядзенне навукова-даследчай работы па аналізе міжнароднага вопыту і заканадаўства дзяржаў — членаў ЕАЭС у частцы ўстанаўлення патрабаванняў да цацак і прадукцыі для дзяцей і падлеткаў, інфармацыйнай прадукцыі для іх, якія выключаюць негатыўны ўплыў на псіхічнае здароўе, адзначыла Алена Маргунова. У поле зроку трапілі таксама лічбавыя цацкі і цацкі са штучным інтэлектам.

— Даследаванне накіравана на падрыхтоўку прапаноў па ўстанаўленні ў праве ЕАЭС падобных патрабаванняў бяспекі да цацак і іншай прадукцыі для дзяцей і падлеткаў. Гэта ініцыятыва была падтрымана Еўразійскай эканамічнай камісіяй, — паведаміла кіраўнік Дзяржстандарта.

Работа праводзіцца Расійскім інстытутам стандартызацыі пры ўдзеле Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі. Навукова абгрунтаваныя прапановы па карэкціроўцы нарматыўна-прававой базы Саюза, у тым ліку тэхнічных рэгламентаў, а таксама гарманізацыі заканадаўстваў дзяржаў — членаў ЕАЭС, будуць падрыхтаваны па завяршэнні работы, да канца 2025 года.

— У Беларусі ў гэтым годзе будзе распрацавана 14 новых дзяржаўных стандартаў для маленькіх карыстальнікаў, — дадала Алена Маргунова. — Яны закрануць спартыўны інвентар і абсталяванне, прадметы догляду за дзецьмі, школьна-пісьмовыя прылады і артапедычныя вырабы.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю