Адзіная сістэма аплаты праезду, дзяржаўная платформа продажу білетаў, прыгарадныя рэйсы па заяўках і новыя стандарты падрыхтоўкі вадзіцеляў — гэтыя кірункі павінны зрабіць транспартныя паслугі больш зручнымі і бяспечнымі. Пра змены ў галіне расказаў начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Андрэй ГЛАДКІ.
На сучаснай платформе
У Беларусі працягваецца стварэнне адзінай сістэмы аплаты праезду ў гарадскім транспарце. Цяпер праводзяцца тэндарныя закупкі, а арганізацыі грамадскага транспарту набываюць неабходнае абсталяванне. У Мінску сістэма працуе пакуль на двух гарадскіх маршрутах, а ў 2027 годзе яе плануюць укараніць ва ўсіх гарадах краіны. Пасажыры змогуць разлічвацца за праезд не толькі з дапамогай папяровага талона або пластыкавага праязнога, але і банкаўскай карткай.
Паралельна фарміруецца адзіная дзяржаўная сістэма продажу білетаў на прыгарадныя і міжгароднія пасажырскія перавозкі. Адпаведны ўказ падпісаны, а ўрадавае палажэнне вызначае парадак узаемадзеяння ўсіх удзельнікаў працэсу. У дзяржаўную інфармацыйную сістэму будуць уносіцца звесткі пра маршруты, рэйсы, вадзіцеляў і транспартныя сродкі.
— Плануецца, што распрацоўка праграмнага забеспячэння будзе завершана да канца гэтага года і з 1 лютага ўсе суб’екты змогуць уносіць у сістэму неабходныя даныя. Спачатку — аператары пасажырскіх перавозак, перавозчыкі, — растлумачыў Андрэй Гладкі.
Цяпер для пошуку зручнага маршруту пасажырам нярэдка даводзіцца звяртацца да некалькіх сэрвісаў. Новая платформа аб’яднае інфармацыю пра рэйсы і свабодныя месцы. Пры гэтым існуючыя сістэмы браніравання і продажу білетаў змогуць працягваць працу, а карыстальнікі атрымаюць выбар паміж звыклымі рэсурсамі і дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмай «Продаж білетаў».
Даехаць да кожнага
Для населеных пунктаў з невялікім пасажырапатокам распрацоўваецца альтэрнатыўны фармат прыгарадных перавозак — па папярэдніх заяўках. Пілотны праект рэалізуецца ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці з 29 верасня па 31 снежня 2026 года.
Такая схема прадугледжвае, што аўтобус або маршрутнае таксі выконвае рэйс ці заязджае ў маланаселены пункт, калі ад пасажыраў загадзя паступае запыт.
— Такім чынам жыхары невялікіх населеных пунктаў змогуць скарыстацца транспартнымі паслугамі нават там, дзе рэгулярныя рэйсы не заўсёды апраўданыя з-за малой колькасці пасажыраў, — адзначыў Андрэй Гладкі. — Зараз праект спрабуецца — на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, з 2027 года будзем укараняць яго паўсюдна.
Транспартнае ведамства таксама працуе над тым, каб забяспечыць хуткія, камфортныя і даступныя зносіны аграгарадкоў з раённымі і абласнымі цэнтрамі. Пры гэтым маршрутную сетку неабходна арганізоўваць рацыянальна. Прапановы па паляпшэнні транспартнага абслугоўвання грамадзяне могуць накіроўваць у выканкамы і аператарам перавозак.
Новыя магчымасці
Сітуацыя на рынку транспартных паслуг застаецца ўстойлівай, а перавозчыкі маюць дастатковую колькасць дазволаў для міжнародных перавозак, пацвердзіў Андрэй Гладкі. Больш за тое — Беларусь вядзе перагаворы аб заключэнні пагадненняў у сферы міжнародных аўтамабільных грузавых перавозак з Саудаўскай Аравіяй, Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, Катарам і Іракам.
Важны крок — перавод транспартных дакументаў у электронны фармат. Рэалізуюцца пілотныя праекты па выкарыстанні міжнародных электронных транспартных накладных з краінамі-партнёрамі. Найбольш актыўнае супрацоўніцтва ў гэтай сферы вядзецца з Расійскай Федэрацыяй.
Што на рынку таксі?
Што датычыцца рынку таксі, стварэнне адзінага дзяржаўнага агрэгатара цяпер не разглядаецца. Як растлумачыў прадстаўнік Мінтранса, ідэя адзінага дыспетчара, які прымаў бы заяўкі і перадаваў іх выканаўцам, знятая з парадку дня. Пры гэтым на рынак выходзяць новыя буйныя ўдзельнікі, дзейнічаюць празрыстыя правілы, а фарміраванне тарыфаў кантралюе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Лізаветы Голад