Лета ў самым разгары, і на вадаёмах краіны рыбакі і яхтсмены нават у такое не вельмі цёплае надвор’е — карціна звычайная. Таму Дзяржаўная інспекцыя па маламерных суднах (ДІМС) нагадвае: адпачынак на вадзе патрабуе не толькі добрага настрою, але і строгага выканання правілаў бяспекі.
На варце водных прастораў
Усяго ў Беларусі зарэгістравана каля 190 тысяч маламерных суднаў, і штогод да іх дадаецца ад 5 да 6 тысяч новых, расказаў дзяржінспектар Мінскага ўчастка Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах (ДМС) Канстанцін Наваходскі. Работнікі ДІМС ажыццяўляюць за імі кантроль: займаюцца рэгістрацыяй маламерных суднаў, праводзяць тэхнічны агляд і сочаць за тым, каб суднавадзіцелі не грэбавалі правіламі і нормамі карыстання сваімі «амфібіямі».
Таму і пік нагрузкі інспектараў прыпадае на вясенне-летні перыяд — з 1 чэрвеня ДІМС праводзіць рэйды на водных аб’ектах краіны.
У першую чаргу правяраюць наяўнасць на іх выратавальных камізэлек, пройдзенага тэхагляду і камплектацыю судна — гэта галоўныя патрабаванні.
«Самыя частыя прычыны трагедый — алкагольнае ап’яненне і адсутнасць выратавальнай камізэлькі. Без яе чалавек, трапіўшы ў ваду, губляе 80 % энергіі, якую мог бы патраціць на тое, каб падняцца на судна або даплысці да берага. Алкаголь жа затупляе пачуцці, а пры падзенні ў халодную ваду ў чалавека, які выпіў, можа ўвогуле спыніцца сэрца», — папярэджвае Канстанцін Наваходскі. Дарэчы, недастаткова толькі мець выратавальную камізэльку на борце. Пераканацца, што яна зашпілена на кожным з пасажыраў, — важны складнік бяспечнай воднай прагулкі.
Наступствы неасцярожнасці і саманадзейнасці
Але правяраюць супрацоўнікі ДІМС і іншыя, не менш неабходныя на судне рэчы: вогнетушыцель з масай вогнетушыльнага рэчыва не менш за 2 кілаграмы, аптэчку з актуальным пералікам медыкаментаў і, вядома, якар — у выпадку рэзкага шторму ён дазволіць зафіксавацца і перачакаць непагадзь.
Асаблівую ўвагу звяртаюць на самаробныя часткі канструкцыі суднаў. Бывае, людзі самастойна ўносяць змены ў цэласнасць корпуса, адыходзяць ад заводскага рашэння. Зменшыў суднавадзіцель транец, прайшоўся заднім ходам — і вось вада ўжо набралася ў лодку, а тая тут жа пайшла на дно.
У Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах упэўнены: далёка не заўсёды адпачывальнікі ўсведамляюць усю сур’ёзнасць магчымых наступстваў. Многія схільныя недаацэньваць небяспеку такіх «пераробак» (ды і не толькі іх), пакуль не сутыкнуцца з пагрозай жыцця твар у твар: «Часам на просьбы ратавальнікаў адысці на бераг рэагуюць неахвотна, а потым выцягваць іх з вады даводзіцца ўжо супрацоўнікам АСВОДа. У гэтым годзе няшчасных выпадкаў яшчэ не было, але саманадзейнасць і самаўпэўненасць нікуды не падзенуцца. Чалавек думае, што яму мора па калена, пакуль не сутыкнецца з наступствамі ўласнай неасцярожнасці», — канстатаваў дзяржінспектар.
Новыя «амфібіі» і не толькі
Дарэчы, з пачатку 2026 года ў правілах карыстання маламернымі суднамі адбыліся важныя змяненні. Напрыклад, дадаліся два новыя тыпы суднаў — аэралодка (судна з жорсткім дном, якое прыводзіцца ў рух вентылятарам на карме) і судна на паветранай падушцы, якое рухаецца за кошт падачы сціснутага паветра пад дно.
З пачатку гэтага года сталі больш жорсткімі патрабаванні да перавозкі. З 1 студзеня забаронена перавозіць дзяцей да 7 гадоў без суправаджэння паўналетняга. Пры гэтым суднавадзіцель не з’яўляецца суправаджаючым — патрэбны асобны чалавек. Забаронена таксама буксіраваць плаўсродкі (лыжы, бананы, колы) без асобнага назіральніка, а людзі на сродку, які буксіруецца, павінны быць у зашпіленых выратавальных камізэльках. Дарэчы, надзіманыя камізэлькі і нарукаўнікі, на думку спецыялістаў, ненадзейныя — яны лёгка могуць зляцець або лопнуць: «Раней гэтыя правілы бяспекі былі хутчэй рэкамендацыяй, цяпер іх выкананне замацавана заканадаўча. На аснове горкіх памылак гэтыя правілы і пішуцца», — адзначыў прадстаўнік ДІМС.
Без змяненняў засталося галоўнае — кожнае судна павінна адпавядаць патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза, што ў першую чаргу датычыцца бяспекі. Пры рэгістрацыі інспектар правярае сертыфікат адпаведнасці, кіраўніцтва па эксплуатацыі (пашпарт), дзе абавязкова пазначаны тэхнічныя характарыстыкі і адзнака прадаўца, і дакумент, які пацвярджае законнасць набыцця судна.
Дарэчы
Не ўсе плаўсродкі патрабуюць афіцыйнага афармлення. Дзяржаўнай рэгістрацыі падлягаюць маламерныя судны, чыя грузападымальнасць перавышае 225 кілаграмаў. Аднак нават меншая лодка, абсталяваная рухавіком электрычным ці ўнутранага згарання, падпадае пад рэгістрацыю.
Неабходны ў такім выпадку і тэхнічны агляд. А калі магутнасць рухавіка перавышае пяць конскіх сіл (3,8 кілавата), спатрэбяцца ўжо і правы кіроўцы. Для пастаноўкі на ўлік суднаўладальнік павінен асабіста прыбыць у адзін з 29 участкаў ДІМС па краіне.
Для ўладальнікаў самастойна пабудаваных лодак працэдура больш складаная. Перад стандартнай працэдурай, расказаў Канстанцін Наваходскі, суднаўладальніку запатрабуецца адвезці такую лодку ў спецыяльную лабараторыю для праверкі яе на непатапляльнасць, пасажыраўмяшчальнасць, грузападымальнасць і поўнага замеру судна — даўжыні, шырыні, вышыні на найбольшай плошчы папярэчнага сячэння.
Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара