Top.Mail.Ru

Бяспека пад кантролем: як прафсаюз інспектуе дзіцячыя лагеры перад пачаткам лета

Да старту летняй аздараўленчай кампаніі засталіся лічаныя дні. Пакуль школьнікі прадчуваюць самыя доўгія канікулы ў годзе, у дарослых — гарачая пара. Пад увагай прафсаюзаў — бяспека месцаў дзіцячага адпачынку.


Адной з кропак прафсаюзнага маніторынгу стаў дзіцячы аздараўленчы лагер «Дубок», размешчаны ў маляўнічым Пружанскім раёне. Гатоўнасць аб’екта да прыёму першай змены паглядзеў тэхнічны інспектар працы Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажыўкааперацыі і прадпрымальніцтва Міхаіл Пузанаў.

Задача спецыяліста — змадэляваць любыя сцэнарыі паводзін дзяцей на адпачынку і выключыць найменшыя рызыкі траўматызму. У поле зроку прафсаюзнага інспектара патрапіў кожны метр тэрыторыі. Асаблівы акцэнт быў зроблены на надзейнасці спартыўных збудаванняў і гульнявых комплексаў. Міхаіл Пузанаў праверыў тэхнічную дакументацыю, акты выпрабаванняў канструкцый і іх фактычны стан — арэлі, турнікі і горкі павінны вытрымліваць вялікія нагрузкі.

Не меншая ўвага была ўдзелена бытавым умовам і экалогіі дзіцячай прасторы. Прадстаўнік прафсаюза дэталёва абследаваў спальныя карпусы, праверыў якасць добраўпарадкавання тэрыторыі, своечасовую высечку аварыйных дрэў, а таксама правядзенне абавязковай апрацоўкі супраць кляшчоў.

— Лагер цалкам гатовы да аздараўленчага сезона, — падвёў вынікі стараннага абследавання Міхаіл Пузанаў. — Усе гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі, абсталяванне ў месцах масавых мерапрыемстваў, а таксама спальныя пакоі строга адпавядаюць дзеючым нормам бяспекі. Бацькі могуць быць спакойныя: створаны ўсе ўмовы для камфортнага і бяспечнага адпачынку.

«Дубок» адкрые свае дзверы для першых адпачывальнікаў ужо на днях.

Трэба адзначыць, што прафсаюзныя маніторынгі дзіцячых аздараўленчых лагераў і цэнтраў працягнуцца і з адкрыццём змен. Не застануцца без увагі і ўмовы працы работнікаў устаноў. Падчас маніторынгаў спецыялісты паглядзяць яшчэ раз на арганізацыю працоўных месцаў, ці забяспечаны і ці выкарыстоўваюць супрацоўнікі сродкі індывідуальнай абароны, ці прайшлі яны неабходнае навучанне і інструктажы па пытаннях аховы працы.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю